Ніжэй за Міхалішкі, у вёсцы Малыя Свіраны (былая Фэрма), гэтую рыбу ці то за прыгажосць, ці то за колер брушка і плаўнікоў, часткова жабравых покрывак, жыхары называюць чырвонай рыбай.
І рыбец (цырта), і падуст (свінка) занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Падуст – таксама ў Чырвоную кнігу Літвы, цырта (рыбец) – Польшчы.
Цырта, згодна з апавяданнямі мясцовых жыхароў, падымалася па Віліі значна вышэй Сосенкі (по К. Тышкевічу), да в. Камена аж да 1965 г.
Улюбёныя нерасцілішчы цырты – перакаты (мясцовыя жыхары называюць іх заборамі) з цвёрдым (жвір) або камяністым дном у наступных месцах на Вяллі: крыху ніжэй вусця р. Нарачанкі (Тапчак), на перакатах ў Швядах, у Трапалаве, на рагу ракі на глінянай заборы крыху вышэй в. Раздоры, ля чыгуначнага моста каля в. Красны Беражок, каля Перавалкі ў Вілейцы, ля в. Сосенка і сутокаў Віліі з Сэрвачам. Таксама лавілася на перакаце р. Нарачанкі пад назвай Скок у млына ля в. Ганута і ля «млына» в. Людвінова (в. Двор Кастыкі) у р. Сэрвач і ў в. Камена. У 80-я гг. цырта з-за пагаршэння якасці вады, выкліканага наступствамі цвіцення сіне-зялёных водарасцяў у вадасховішчы, практычна на два дзесяцігоддзі знікла з Вяллі. Пра яе ўспаміналі толькі жыхары Малых Свіранак. Цяпер цырта на Вяллі, па сведчанні рыбаловаў, сустракаецца ў раёне в. Мель, аг. Міхалішкі, а ў апошнія гады нават пачала вяртацца ў вярхоўі: нерасцілася на «заборы» (перакаце) ля в. Раздоры (2011 г., «аж вада кіпела»); перакаце ля в. Елажычы (2016 г.) на р. Нарачанка. Варта адзначыць, што ў левыя прытокі, Ілію і Ушу, цырта (бялюга або свіння, як яе называюць мясцовыя жыхары) не заходзіла (згодна з успамінамі тых жа мясцовых жыхароў).
Ганец (жэрах) . Жэраха лавілі значна вышэй за Жодзішкі, як расказана ў манаграфіі, – аж да Вілейкі і вышэй за Сосенку ля вусця р. Сэрвач. У 80-я гг. быў участак ад вадасховішча і Вяллі ніжэй вадаскіду да Міхалішак, дзе жэрах перастаў сустракацца. Але пасля таго, як вада ў Вяллі стала чысцейшая, жэрах зноў сустракаецца на рацэ ніжэй за Вілейскае вадасховішча (в. Даманава, ур. Ясьбішча, вадаскід ВМВС), так і вышэй (Сутокі, Кастыкі). Але найбольшую яго колькасць цяпер убачыш не ў Жодзішках, як было даўней (згодна з манаграфіяй Тышкевіча), а каля Міхалішак.
У спісе рэдкіх, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі прахадных рыб, што жывуць цяпер толькі ў Вяллі, маецца рачная мінога (мясц. сямідырка, вугрыца). Знешне рачная мінога падобная да больш шматлікіх і шырока распаўсюджаных ў Віліі і яе прытоках сваіх субратоў – украінскай і ручаёвай міног (кроўж, громж, верацяніца). Адрозніваецца ад іх буйнымі памерамі (дарослыя асобіны рачной міногі дасягаюць даўжыні 40–50 см) і дакладна раздзеленымі спіннымі плаўнікамі. Сямідырка і раней дастаткова рэдка сустракалася ў Вяллі, цяпер яе колькасць невядомая. Верагодна толькі тое, што яе колькасць рэзка знізілася паўсюдна з прычыны забруджванняў вады. Але усё ж яшчэ нядаўна сустракалася ля Міхалішак, у вусці р. Страчы, у 1970 г. – у Вілейцы і прытоку Віліі – рацэ Ілія.
У цяперашні час сцвярджэнне К. Тышкевіча, што «вугор найчасцей у ваколіцах Вільна прабывае» , таксама не зусім слушнае: пачынаючы з 20-х гг. яшчэ «за Польшчай» пачалося зарыбленне азёраў Нарачанскага і Браслаўскага краёў лічынкамі вугра, якія набываліся ў Францыі і Англіі. Пры савецкай уладзе з улікам былых традыцый «пашавае вуграводства» працягнулася. Аж да 2005 г. азёры Нарач і Свір зарыбляліся шклопадобнай лічынкай гэтага віду, а ў 2015 г. маладняком вугра было зарыбленае возера Свір. Адно можна сцвярджаць без сумнення, што ў Віліі вугор насамрэч у апошнія паўстагоддзя значна часцей сустракаўся ніжэй вусця р. Нарачанкі, а таксама ў большай колькасці лавіўся ў першыя дзесяць гадоў ніжэй затвора галаўнога гідравузла Вілейскага вадасховішча.
Сом цяпер, хоць і рэдка, але ўсё ж лавіўся ў Вяллі: пасля 1857 г. трапляўся рыбакам нават у верхняй, «балотнай», частцы значна вышэй Данюшава. Месцамі здабычы сома ў верхняй частцы Віліі ў розны час з’яўляліся: 1928 г. – Сосенка, 1937 г. – вусце Іліі, в. Рыбчына, 1955 г. – Мель, 1964 г. – Гліннае, 1965 г. – ур. В. Гара (в. Асіпавічы), 1969 г. – Алянец, 1970 г. – Міхалішкі, 1972 г. – Залессе, 1992 г. – Плёсы, 2006 г. – Дубок, 2008 г. – ур. Ясьбішча (в. Асіпавічы), 2010 г. – в. Рыбакі і інш.
А пра ракаў Канстанцін Тышкевіч у манаграфіі напісаў так: «…Ракі знаходзяцца паўсюль па рацэ, акрамя Міхалішак; у гэтай частцы Віліі, паблізу мястэчка, ніводзін з жыхароў не памятае, як мяне там запэўнівалі, каб рака хтосьці ў гэтым месцы злавіў, і ніхто да гэтай пары не абгрунтаваў згадку, чым можна патлумачыць натуральную прычыну такой з’явы».
Читать дальше