Кумжа (другі падвід ласося Salmo trutta ) таксама лавілася вышэй вусця Ашмянкі: у 1957 г. падчас лучэння ля каменя «Пеўнік» побач з в. Швяды здабылі восцямі тры кумжы па пяць кілаграмаў. Маецца адно сведчанне пра ўлоў увосень 1962 г. «вялікай стронгі» вагой тры кілаграмы на перакаце р. Дзвінасы, вышэй в. Стахі. Біёлаг Ул. Ляшкевіч з Вілейкі ўспамінае, як пасля вайны ў Сосенцы падчас падрыву ўзрыўчаткай ледзяных затораў перад мостам быў аглушаны і здабыты ласось. Нават жыхары в. Кастыкі ўзгадваюць, што да 1965 г. лавілі вялікую стронгу ў Віліі. Пасля будаўніцтва плаціны пра кумжу, злоўленаю на вадаскідзе, згадвалі рыбакі ў 1977 г. У сувязі з рэзкім пагаршэннем якасці вады пасля ўтварэння Вілейскага вадасховішча (недахоп растворанага кіслароду, цвіценне сіне-зялёных водарасцяў) кумжа на працягу больш за два дзесяцігоддзі амаль не сустракалася ў традыцыйных месцах здабычы і заходзіла толькі да ручая Тартак, рэк Газоўка і Дуда каля в. М. Свіранкі. Але найбольш моцныя асобіны ўсё ж падымаліся ў вярхоўі Віліі. У 90-я гг. у р. Вузлянка, прытоку р. Нарачанка, А. Паўкшта здабыў падводным пісталетам кумжу на 4,5 кілаграмы ў раёне в. Талуць.
Перабудова, распад СССР прывёў да эканамічнага крызісу, рэзкага спаду эканомікі. Але быў у гэтым негатыве адзін плюс: у раку і вадасховішча значна зменшылася скідванне мінеральных фосфарных, азотных, калійных, арганічных угнаенняў і таксама гноевай жыжкі, бо рэзка зменшылася пагалоўе жывёлы. Зменшылася скідванне таксічных рэчываў з гальванічных цэхаў прамысловых прадпрыемстваў. І якасць вады ў рацэ значна палепшылася, што можна ўбачыць на дыяграме дынамікі індэкса забруджанасці вады (ІЗВ) у Віліі за 1986–2006 гг (дыяграма у папяровым варыянце). У сучасны момант сіне-зялёныя водарасці штогод, як вада становіцца цёплай, масава плодзяцца, але не ў такой колькасці, як раней, у гады да перабудовы. Усё ж пры спрыяльных умовах дасягаюць крытычнай масы, якая выклікае мор рыбы. У зімовы перыяд таксама назіраецца рэзкае зніжэнне ўтрымання кіслароду ў вадзе, павышанае ўтрыманне фосфару. Спатрэбілася больш за дзесяць гадоў пасля таго, як якасць вады крыху палепшылася, каб на пачатку ХХІ ст. кумжа стала зноў падымацца ў вярхоўі Віліі. У 2002 г., па сведчанні рыбакоў, кумжу злавілі крыху ніжэй Белай Гары ва ўрочышчы Ясьбішча непадалёк ад в. Асіпавічы і дзве кумжы па 3 кілі у кар’еры в. Белая, у 2006-м – на вадаскідзе ВМВС, у 2008-м – каля Белай Гары (Жодзішкі), у 2012-м – каля в. Дубок, у 2014 – каля Белай Гары (Асіпавічы), 2015 г. – у Вілейцы.
Цырта (рыбец, Vimba vimba) – трэці від унікальных паўпрахадных рыб з апісаных Канстанцінам Тышкевічам, які ледзь захаваўся ў Віліі і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Варта адзначыць, што да будаўніцтва плаціны Вілейскага вадасховішча ў 1974 г. цырты было шмат у вярхоўях Віліі. Яна з’яўлялася ўлюбёным аб’ектам здабычы з-за выдатнага далікатнага смаку і з-за таго, што ў 60-я гады яе ў вялікай колькасці можна было вылавіць жывадзёрам нават у гарадскіх межах Вілейкі падчас ходу на нераст (яе сушылі мяшкамі, салілі бочкамі). У вілейскіх хлопцаў-рыбаловаў нават быў своеасаблівы рэйтынг: калі ты не злавіў на вуду цырту, якая вельмі асцярожная ўлетку, то не хваліся, што з’яўляешся рыбаком.
Цырта – самая квяцістая і прыгожая з усіх рыб Віліі. Лепш яе апісаць, чым гэта зрабілі Л.П. Сабанееў і П. Цярлецкі у канцы ХІХ ст., не ўяўляецца магчымым:
«Цвет сырти значительно изменяется по временам года. Весной, перед метанием икры, цирта становится самой красивой рыбой наших рек: вся спина делается чёрной, середина брюха и нижние плавники – красными, а у самцов в это время на голове, жаберных крышках и по краям чешуй развиваются маленькие зерновидные бородавочки. Осенью и зимой спина у цирты голубовато-серая, брюхо серебристо-белое и плавники бледно-желтоватые» (Сабанеев).
«Сырть бросает икру в конце июня или в начале июля. Ни одна рыба пресных вод не готовится к этому торжеству так, как щука или подуст (сырть). Ещё недели за две до течки подуст начинает окрашиваться и становиться пестрее, блестящее и красивее. Обыкновенно бело-серебристый цвет его чешуи принимает оттенок нежно-палевого и бледно-розового с золотистыми оливами около краёв жабр и при соединении плавников» (Терлецкий).
Магу толькі дадаць уласныя ўражанні ад карцінкі пачатку 70-х ад трафея, вылаўленага вудай прама ў межах Вілейкі ва ўрочышчы “Дынамка” (раней Восем таполяў), дзе да 1939 г. быў іпадром для трэніровак у джыгітоўцы польскай кавалерыі, цяпер – Ніжні парк). Асабліва багатай палітрай у толькі што злоўленай цырты вылучаліся часткі вільготнай далікатнай скуры на галаве, не пакрытыя луской, вялікія вочы і ў першую чаргу – ярка расфарбаваныя як вясёлка жабравыя покрыўкі. Калі цырту крышку паварушыць туды-сюды вакол васі, то покрыўкі пачыналі пералівацца і блішчэць, быццам вялізныя перламутравыя гузікі-пялёсткі: яны былі расфарбаваны ўсімі адценнямі колераў ад чорна-фіялетавага, блакітнага, ізумруднага, зялёнага да чырвонага і аранжавага. Прычым на паветры, па меры высыхання, колеры мяняліся, згасалі і цямнелі прама на вачах. У першую чаргу знікалі цёплыя колеры гэтых адценняў, некаторыя станавіліся бялёса-шэрымі і прападалі зусім. Праз гадзіну большасць адценняў на галаве і жабравых покрыўках зніклі, залатыя абадкі вачэй страцілі бляск і сталі шэрымі і сухімі. Тушка сцямнела. Раптам настолькі стала шкада страчанай прыгажосці, што ўпершыню ў жыцці мне, надзвычай азартнаму хлопцу-рыбалову, захацелася адпусціць гэтую рыбу назад у ваду, але ўжо было позна, бо не зрабіў гэтага своечасова.
Читать дальше