Алесь Каліта: «Гэта быў Канавалаў, але я ня веру, што ён дзейнічаў сам»
01.03.12
У 2010 годзе ў беларускім войску ў адной частцы зь Дзьмітрыем Канавалавым служылі Алесь Каліта і Іван Шыла, вядомыя актывісты дэмакратычнага руху. Алесь Каліта — сябра партыі БНФ, Іван Шыла — сябра незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Пра тое, што яны знаёмыя з Канавалавым, стала вядома ад іх саміх, пасьля таго як тэлебачаньне паказала відэа чалавека з торбай, які падазраецца ва ўчыненьні тэракту. Алесь Каліта і Іван Шыла пазналі свайго аднапалчаніна на гэтым відэа, зьмясьцілі гэтыя зьвесткі ў інтэрнэце, і неўзабаве ім давялося адказваць на пытаньні журналістаў, а потым і сьледчых КДБ. З Алесем Калітом пра Канавалава я размаўляў у самым пачатку сакавіка 2012 году.
— Алесь, што б Вы маглі расказаць пра Вашага таварыша па службе Дзьмітрыя Канавалава?
— Ня ведаю… ну, быў спакойны, вельмі ўраўнаважаны хлопец.
— Можна я адразу буду рабіць заўвагі? Ён і на судзе быў спакойны ды ўраўнаважаны. Праседзеў увесь працэс моўчкі, хіба зь ледзь заўважнай усьмешкай на твары, дачакаўся сьмяротнага прысуду. (Дарэчы, пасьля гэтага вельмі спакойна пра нешта размаўляў з канваірам. Знайсьці б таго канваіра й даведацца, што ж яму казаў Канавалаў. — А. Г. )
— Праўда? Я казаў ужо іншым журналістам, паўтару і вам: я ня веру ў тое, што Дзіма гэты тэракт учыніў самастойна. Я перакананы, што над ім было куратарства, яго суправаджалі. Ня веру, што ён гэта зрабіў бязь нейкага патранажу. Ягоныя паводзіны ў судзе… Я сутыкаўся з такімі паводзінамі падчас службы. Ён сябе так паводзіў, калі ведаў, што ў нейкай справе, у нейкай канфліктнай сытуацыі віна ня толькі ягоная, што акрамя ягонай віны ёсьць віна іншага чалавека. Тады ён замыкаўся ў сабе, не жадаючы гэтага чалавека здаваць. Замыкаўся і проста маўчаў, і глядзеў так, маўляў, рабіце са мной што хочаце, мне па барабане. Можа, пару разоў былі такія сытуацыі ў войску, і ён сябе паводзіў адпаведна, відаць, гэтак жа, як на судзе. Перакананы, што ў той момант ён ведаў, што зрабіў гэта не адзін, але ня мог сказаць, з кім.
Карацей, спакойны быў хлопец, даволі вясёлы. Неканфліктны. Да службы ставіўся як да павіннасьці — маўляў, трэба адбыць. Цікавасьці да вайсковай справы не выказваў. Проста бавіў час і ўсё. Шмат сядзеў у інтэрнэце, «Вконтакте», праз тэлефон. У войску ўсе праз тэлефон заходзяць у інтэрнэт. Чытаў газэты, у асноўным спартовыя нейкія. Глядзеў тэлевізар вечарамі, у так званыя інфармацыйныя гадзіны, ці як, ужо сам забыўся. Кантактаваў з таварышамі па службе, але я б не сказаў, што з кімсьці моцна сябраваў. Войска — ня тое месца, дзе ты моцна сябруеш з усімі. Не магу сказаць, з кім ён сябраваў блізка, бо мы былі зь ім розных прызываў. Ужо потым, калі мяне дапытвалі ў КДБ, я даведаўся, што, відаць, пры канцы службы яго перавялі ў іншы дывізіён. Ня ведаю, з кім ён там служыў. А падчас маёй службы ён быў у маёй батарэі, у сяржанцкім складзе. Гэта была в.ч. 06405, п.а. Межыца, Лепельскі раён, супрацьпаветраная абарона. Другі дывізіён, трэцяя батарэя, мая батарэя.
— А што ён у Вас пытаў наконт думак пра пошук тэрарыстаў, якія ўзарвалі бомбу ў 2008 годзе на сьвяце Незалежнасьці?
— Вы пераблыталі нешта, гэта расказваў ня я, а Іван Шыла, які таксама зь ім служыў. Са мной Дзіма пра гэта не размаўляў, у нас былі чыста службовыя стасункі. А Іван быў зь ім аднаго прызыву, магчыма, яны больш камунікавалі.
— Апошнюю сустрэчу зь ім памятаеце?
— Апошняя сустрэча плянавалася… Летам у яго быў дэмбель, і недзе ў канцы лета 2010 году мы павінныя былі сустрэцца, усе «дэмбелі» нашага дывізіёну, але так і не сустрэліся. А апошні раз я яго бачыў, калі сыходзіў з войска, 21 студзеня. Звычайная сустрэча.
— Як ён сябе паводзіў з афіцэрамі? Падпарадкоўваўся адразу ці на яго трэба было націскаць?
— Я б сказаў, выконваў што загадвалі, не выяўляючы нейкай асаблівай ініцыятывы. Сказалі рабіць — пайшоў паціху рабіць. Яму было гэтае войска да аднаго месца. Як, у прынцыпе, і 90% службоўцаў.
— А як Вы ацэньваеце ягоны інтэлектуальны ўзровень?
— Даволі высокі. Паводле манеры размаўляць, тэмаў размоваў, выхаванасьці — шырэйшы за сярэдні сьветапогляд. Досыць начытаны і ўмее карыстацца мовай.
— Беларускай мовай Канавалаў карыстаўся?
— Не, але разумеў, я зь ім размаўляў па-беларуску, і ён успрымаў гэта нармальна. У дывізіёне ніхто, акрамя мяне і Шылы, не размаўляў па-беларуску, хоць усе разумелі мову і пэрыядычна адказвалі на ёй.
Читать дальше