— Цікавая беларуская акалічнасьць: і сёньня, а ў мінулым перадусім, на захадзе Беларусі невялікія населеныя пункты называюць мястэчкамі, а на ўсходзе — вёскамі. Мястэчка найперш уласьціва для заходняй Беларусі?
— Бальшыня мястэчкаў узьнікала на захадзе, які меў блізкія й зручныя сувязі з эўрапейскімі рынкамі, меней — на ўсходзе. Але і ўсход уцягваўся ў эўрапейскі гандаль праз сыстэму рэкаў і гужавы транспарт. На ўсходзе эўрапейскі ўплыў і заканчваўся, між іншым, межамі басэйну Дняпра й Заходняй Дзьвіны. Басэйн Волгі ўжо цягнуўся да паўдзённага, мусульманска-азіяцкага сьвету. А Беларусь была неад’емнай часткай эўрапейскага эканамічнага арганізму. Калі ейныя рэкі выступалі капілярамі, то мястэчкі — своеасаблівымі лімфатычнымі вузельчыкамі гэтага арганізму.
— Якую ролю адыгрывалі мястэчкі ў палітычнай, эканамічнай, культурнай арганізацыі дзяржавы?
— Мястэчкі былі добрымі сувязнымі й на ўнутраным рынку. Празь іх здабыткі вясковай працы траплялі ў гарады. А гарады ў сваю чаргу выкарыстоўвалі мястэчкі як пасярэднікаў для збыту сваіх прамысловых вырабаў вяскоўцам. Як вынік, і маленькія беларускія вёсачкі ўцягваліся ў таварна-грашовыя дачыненьні й траплялі пад эканамічны ўплыў гарадоў. Мястэчкі прэзэнтавалі таксама лякальную культуру, якая духоўна ўзбагачала гарады. І ў сваю чаргу служылі гарадам каналам дзеля напаўненьня вясковага асяродзьдзя гарадзкой сьвядомасьцю й культурай. Дзякуючы мястэчкам кожная беларуская вёсачка рабілася часьцінкай агульнабеларускай культурнай прасторы на чале з гарадамі. Што да грамадзкай ролі, мястэчкі мала чым саступалі гарадам. Паводле Бельскага сэйму 1564 году, яны атрымалі нароўні з гарадзкімі цэнтрамі магчымасьць набываць магдэбурскае права й вызваляцца з-пад апекі фэадалаў.
— Як зьмянілася роля мястэчкаў пасьля таго, як Беларусь стала часткай Расейскай імпэрыі?
— Пасьля далучэньня Беларусі да Расеі мястэчкі ператвараліся ў рэзэрвацыі для габрэйскага насельніцтва. Заснаваньне новых мястэчкаў прыпынілася. Будаўніцтва чыгунак паскорыла бег тавараў і тым зьменшыла колькасьць патрэбных гандлёвых пунктаў, якімі зьяўляліся мястэчкі. Такія мястэчкі царская адміністрацыя тут жа пераводзіла ў разрад сельскіх паселішчаў. Адзінай падставай было тое, што ў Расеі мястэчкаў не існавала. А таму колькасьць мястэчкаў у Беларусі паменшылася з чатырохсот васямнаццаці ў 1863 годзе да трохсот дваццаці двух у пачатку ХХ стагодзьдзя. Царскі ўрад увогуле плянаваў частку мястэчкаў зрабіць вёскамі й толькі больш значныя перайменаваць у пасады. Праўда, на ажыцьцяўленьне гэтага праекту казна не знайшла дастатковых сродкаў. Не знаходзілася сродкаў і на перавод найбольш выбітных мястэчкаў у разрад гарадоў. Ва ўмовах царскай Расеі працэсы ўрбанізацыі празь мястэчкі, вёскі й выдзяленьне зь сялянства гарадзкіх станаў істотна ўскладніліся. Гэтым працэсам царскі ўрад ніяк не спрыяў. Беларусы ператвараліся ў сялянскую нацыю, безабаронную перад зьнешняй небясьпекай і якая лёгка прыстасоўваецца да ўлады, нават калі тая чужынская. Далучэньне Беларусі да Расеі мела шмат адмоўных вынікаў. Але, можа, самым трагічным было якраз запавольваньне й дэфармацыя ўрбаністычнага працэсу, які забясьпечваў фармаваньне паўнавартаснай беларускай нацыі.
— Але расейцы не змаглі цалкам зьнішчыць беларускіх традыцыйных паселішчаў — мястэчкаў...
— Сапраўды, царская ўлада не змагла канчаткова зламаць традыцыйную ўрбаністычную мадэль Беларусі. Буйныя мястэчкі захоўваліся й звычайна рабіліся цэнтрамі воласьцяў і парафіяў, а пасьля адмены прыгону i ўвядзеньня чыгунак рабіліся яшчэ больш інтэнсіўнымі трансфарматарамі эканамічнага й культурнага абмену паміж горадам і вёскай. У мястэчках канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя гадаваліся статкі адкормленых сьвіней і гусей, якія перапраўляліся потым у гарады. Дый жыцьцё ў мястэчках рабілася ўсё больш урбанізаваным. Вось як навукоўцы апісвалі тыповае мястэчка напрыканцы ХІХ стагодзьдзя:
Праваслаўны сьвятар мястэчка Крэвы сьведчыў, што ў 1871 годзе ягоныя прыхаджане мяшчанскага саслоўя імкнуліся пераўзысьці сялянаў. На сьвяточны дзень многія мелі сурдут чорнага, радзей шэрага колеру; іншыя — камізэлькі й нават манішкі. Апраналіся ў каптаны, але ўсё ж чорнага колеру, а ня шэрага, як вяскоўцы. Мужчыны галіліся, пакідалі толькі невялікія вусы й рэдка — бакенбарды. Жанчыны ў сьвяточныя дні апраналі стракатыя паркалёвыя, а то й ваўняныя сукенкі. Перад вяскоўцамі мяшчане любілі паказаць сябе гараджанамі. Сяляне ставіліся да іх з належнай пашанай, але за вочы — пасьмейваліся.
Читать дальше