— А чаму й сёньня беларусы прагнуць вярнуць сваё страчанае мора?
— Мяркую, што для беларусаў мора перадусім ёсьць увасабленьнем воднай стыхіі, якой яны поруч зь зямной аддаюць перавагу. Ім мала рэчак, мала азёраў. Мора зьяўляецца i ўвасабленьнем волі, неабсяжнага прастору, свабоды дзеяньня. Тая ж Цётка верш, прысьвечаны бунту, рэвалюцыі, назвала «Мора». Хаця там бура дужа нагадвае буру на балоце: у часе буры ўцякаюць з гэтага балота русалкі, якія яго насялялі:
Не такое цяпер мора,
Не такі ў хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
Зь дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць за вёрсты-мілі,
З мора брызгі ў неба б’юць.
Месцам хваля стогнам рыкне,
Месцам плач сарвецца з губ,
Месцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
Мора зброіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.
— Ёсьць тут нейкая супярэчнасьць. Мы традыцыйна гаворым, што беларусы — вельмі прыземленая нацыя, што для іх зямля ёсьць найважнейшай каштоўнасьцю, і раптам кажаце, што для беларусаў мора ці не важнейшае за зямлю...
— Беларусы, якія аддаюць перавагу зямной стыхіі, зьяўляюцца прагматыкамі: яны ведаюць, што й з мора можна карыстаць. Яны ня супраць, каб была свая флятылія, сваё рыбалоўства, свае круізы й іншыя даброты, якія нясе мора. Памятаю, колькі часу таму на паседжаньні парлямэнту дэпутат Алег Трусаў прапанаваў заснаваць беларускую флятылію. Дэпутаты тады дружна яго засьмяялі. Але з часам да гэтай ідэі вярнуўся і ўрад, які абмяркоўвае праблему арэнды латыскіх, літоўскіх, польскіх ці расейскіх партоў.
— Дык ці верыце Вы асабіста, што мора да беларусаў вернецца?
— Мяркую, што гэтак, як і ў прыродзе, мора і ў філязофскім пляне для беларусаў зьяўляецца працягам азёраў, рэкаў, непазьбежнай іхнай самарэалізацыяй. Таму й вяртаньне мора да беларусаў таксама непазьбежнае. Толькі ня ведаю, у якой форме адбудзецца гэтае вяртаньне — ці то напраўду будзе заснаваная беларуская флятылія, ці то зноў беларусы абжывуць нейкі порт, ці выкапаюць нейкае новае, незвычайнае вадасховішча й наракуць яго зноў морам, а мо нават у выніку глябальнага пацяпленьня да Беларусі зноў падступіць мора. Хто ведае, дазвольце мне нават палетуценіць — можа, беларусы асвояць морапустэльню на Месяцы. Але вяртаньне гэтае адбудзецца непазьбежна. Ну, а туга, беларуская настальгія па страчаным моры заўсёды будзе неспатольная.
ЗАМКІ — МУРАВАНАЯ ВАРТА КРАІНЫ
Размова зь Нінай Здановіч
Сярэднявечныя падарожнікі называлі Беларусь краінай замкаў. І бачылі яны іх, напэўна ж, такімі, як апісаў іх Адам Міцкевіч:
Ля Навагрудка, на ўздыбленых горах,
— Замак у месяца срэбным зіхценьні,
Вал зьдзірванелы схаваўшы, сувора
Волатаў-вежаў ламаныя цені
Падалі ў роў, дзе між вечнай цясьніны
Дыхалі воды, затканыя цінай.
Замак заснуў — ні агню і ні дыху,
Толькі на вежах бяссонная варта
Воклічам цішу палохае ўпарта.
На замкі глядзелі найперш як на мураваную варту дзяржаўнай бясьпекі. Але значэньне іхнае для Беларусі было нашмат большае. Мы забываемся на іхную ролю ў культуры. Замкі засвойвалі ўсё лепшае, што было знойдзена архітэктарамі й інжынэрамі ў фартыфікацыі. Былі яны і ўвасабленьнем чарговых мастацкіх стыляў, якія зьмяняліся гэтак жа хутка, як сам час.
— Ці сапраўды замкі ішлі ў авангардзе культурных зьменаў?
— Бальшыню з таго, што несла замкавая культура, можна сапраўды пазначыць грыфам «першы». Кожнае стагодзьдзе давала нешта новае. Першыя кафляныя печы зьявіліся ў Беларусі ў ХІV стагодзьдзі менавіта ў замках — Полацкім і Лідзкім. Калі гаварыць пра фрэскі, уласьцівыя для жылых, ня культавых памяшканьняў, дык імі таксама ўпершыню аздобілі сьцены замкаў — Крэўскага й Наваградзкага. У ХVІ стагодзьдзі, калі Эўропа захапілася антычнасьцю, першы музэй на беларускіх землях быў створаны ў Нясьвіскім замку. І прыватныя бібліятэкі, тэатры ў ХVIII стагодзьдзі таксама ўпершыню зьявіліся ў замках. Батанічныя сады, аранжарэі ХІХ стагодзьдзя — зноў жа элемэнты замкавае культуры.
— Замак быў цэнтрам культурнага, грамадзкага жыцьця?
— Ад самага пачатку, ад часу Полацкага княства замак быў ядром гораду. Ён як бы атаясамліваўся з горадам, які вакол яго будаваўся. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага замак быў гарантам бясьпекі гораду: унутры была пляцоўка, дзе маглі знайсьці прытулак мясцовыя жыхары ў момант небясьпекі. Ён станавіўся іхным замкам. А ў эпоху Адраджэньня й Асьветніцтва замак успрымаецца найперш як цэнтар сьвецкае культуры. Прыкладам, бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах налічвала вялікую колькасьць тамоў, і ўладальнік, Яўхім Храптовіч, напісаў нават Статут, паводле якога дазвалялася карыстацца бібліятэкай і мясцовым жыхарам, і навукоўцам з-за мяжы. Гэтай магчымасьцю скарысталіся Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля. Там былі вельмі цікавыя дакумэнты, кнігазборы, можна было азнаёміцца зь дзёньнікам Марыны Мнішак.
Читать дальше