— Любоў беларусаў да мора — гэта сублімаваная настальгія, сказаў бы Юнг, па тым няспраўджаным, страчаным моры, якое ў іх калісьці было. Геолягі пацьвердзяць, што ўжо на золку палеазойскай эры, а гэта 570 мільёнаў гадоў таму, ішла вайна паміж сушаю й вадою — гэтымі дзьвюма стыхіямі. Часам перамагала вада, і тады ўтваралася мора. Часам мора адступала на захад і на ўсход, адкуль яно й зьявілася. І тады заставаліся салёныя азёры або лагчыны на тэрыторыі гэтак званай Берасьцейскай катлавіны й на тэрыторыі Прыпяцкай упадзіны. Калі верыць географу Аркадзю Смолічу, гэта працягвалася аж да кайназойскай эры, прыблізна да 40—45 мільёнаў гадоў таму. А пасьля былое мора накрылі ледавікі. Так і засталіся беларусы бяз мора.
— А што пакінула беларусам мора на памяць пра сябе?
— Страчанае мора беларусы карыстаюць і сёньня. Прыкладам, тая соль, якую здабываюць у Салігорску, пласты таўшчынёю два кілямэтры — гэта сьляды былога мора. Альбо тая крэйда, якой карыстаюцца й сёньня шкаляры, на якой выхавалася не адно пакаленьне беларускай інтэлігенцыі, — таксама падарунак памерлага мора. Зрэшты, вялікую частку выкапняў, якія ёсьць у Беларусі, перадусім на Палесьсі, пакінула тое самае мора.
— Як жа магло выглядаць тое мора, хто насяляў яго?
— Людзей тады яшчэ не было. Хаця, хто ведае, нядаўна нібыта знайшлі ж сьляды дыназаўра побач са сьледам чалавека недзе ў сярэднеазіяцкай пустэльні... А мора тое спачатку насялялі дзіўныя істоты, абсалютна не падобныя да сучасных жывёлаў, сысуноў, рыбаў. Прыкладам, трылябіты — дзіўныя ракападобныя істоты, накшталт гіганцкіх макрыцаў, даўжынёй каля дзесяці сантымэтраў. Альбо бэлямніты — нешта кшталту кальмара альбо васьмінога ў вялікай ракаўцы даўжынёю паўмэтра. А яшчэ гэтае мора насялялі брахіяподы (іх яшчэ называюць плечаногія) — ракаўкі зь дзьвюма палавінкамі, якія нагой замацаваліся за марское дно. Ужо пазьней былі рыбы. А ў часе юрскага пэрыяду зьявіліся іхтыязаўры — правобразы нашых беларускіх цмокаў.
— Дык жа па ўсёй зямной кулі былі такія моры, і такія істоты іх насялялі. А ці была нейкая ўласнабеларуская флёра й фаўна? Якая розьніца паміж гэтым фантасмагарычным беларускім морам і іншымі морамі, якія да сёньня існуюць?
— Выглядае, падчас вялікае паводкі, якой не адмаўляюць ні тэолягі, ні геолягі, мора пакрывала ўсю зямную прастору. Але ў Беларусі яно было незвычайнае: яно то адступала, то залівала берагі. Найчасьцей яно было плыткае, і ваду ягоную можна параўнаць з той вадой, якую апісвае Ўладзімер Караткевіч у сваёй аповесьці «Ладзьдзя Роспачы» — карычневая жыжка, як вада ў Палескім балоце. Беларускае мора вельмі нагадвала балота. Недарэмна географу Гэрадоту славутае Пінскае балота, зацягнутае туманамі, падалося бяскрайнім морам. І адсюль назва — Гэрадотава мора. У хрэстаматыйным творы «Энэіда навыварат» бура на беларускім моры нагадвае буру на балоце. Паэт яе таксама параўноўвае з бурленьнем піва ў шынку:
Калі хто відзеў, як Бакціха
Нямецка піва задаець,
Яко яно падыме ліха,
Запеніцца ды розна прэць,
— От так і мора заравела,
Бублілась, пенілась, шумела.
Эней спалохаўся, усхадзіўся.
Матуз ад портак аж зваліўся,
Са страху й нюні распусьціў ды
Як у трасцы, ён завыў.
Траянцы ўсе казла задралі,
Са ўсіх чаўноў яны гукалі,
Ў балоце быдта лісавей.
— А пасьля зьявіўся чалавек на той тэрыторыі, дзе было мора. Ці адчуваў ён колішнюю бытнасьць таго мора?
— Мяркую, што ў чалавека настальгія па моры заставалася ў генэтычнай памяці. Гэта можа паказацца дзіўным, бо, паводле геалягічных зьвестак, чалавек у той час ня жыў. Але, калі верыць Дарвіну, усе мы пайшлі ад ніжэйшых істотаў: ад малпаў, а раней ад тых жа паўзуноў, плечаногіх, чарвякоў. І калі ісьці за Юнгам, дык памяць пра зьніклае мора перадалася сучаснаму чалавеку ад гэтых ніжэйшых істотаў. І яшчэ — у гісторыі нічога не праходзіць бязь сьледу. Тым болей, што і ў гістарычным часе беларусы мелі сваё мора. А ўжо за часамі Полацкага княства былі фар-посты на Вараскім моры, Герцыке ды Кукейнос. Пазьней і грамадзяне Вялікага Княства Літоўскагаганарыліся тым, што маюць ажно два выхады да мора — да Вараскага й да Чорнага, мелі на іх і гарады, і фарпосты. Не выпадкова Лібаве — порту, адкуль беларусы эмігравалі ў розныя краіны, — Максім Багдановіч прысьвяціў верш «Эмігранцкая песьня», таксама поўны настальгіі па страчаным моры. Гэтая настальгія ў літаратуры й мастацтве існуе і ў наш час. Так, сучасны паэт Віктар Шніп свой новы зборнік вершаў так і назваў — «Беларускае мора». Беларусы працягваюць сумаваць па сваім страчаным моры.
Читать дальше