— Мы ўжо казалі, што балоты як прыродны ася родак паўплывалі на гаспадарчую й вытворчую дзейнасьць мясцовага насельніцтва. Аддалі мы даніну заслугам балотаў у фармаваньні духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. А ці маюць балоты канкрэтныя заслугі перад гісторыяй?
— Не ў апошнюю чаргу дзякуючы палескім балотам Беларусь унікла мангольска-татарскага нашэсьця ў ягонай першай, раптоўнай хвалі ў пачатку XIII стагодзьдзя, калі сьпякотным летам конныя войскі не змаглі змаху пераадолець пінскія балоты, і тым самым далі магчымасьць падрыхтавацца да абароны ад наступных нападаў. А яшчэ балота было надзейнай схованкай для людзей, якія перасьледаваліся законам ці ворагам. Усім вядома, што й праз паўстагодзьдзя пасьля апошняй вайны беларускія балоты працягвалі служыць домам для тых, хто хаваўся ад акупантаў ці роднай улады.
— Беларусы давяралі балоту як сродку абароны?
— На мой погляд, па-першае, трэба згадаць пра нашы замкі-кастэлі. Яны будаваліся ня проста ў нізіннай мясцовасьці, як традыцыйна ў Эўропе, а менавіта сярод балота. Асабліва відаць, наколькі давяралі беларусы балотам як сродку абароны, на прыкладзе Крэўскага замку. Там ёсьць два ўзвышшы, але замак збудавалі на балоце. І спадзяваньні найчасьцей спраўджваліся. Так, Лідзкі замак у XIV стагодзьдзі быў захоплены толькі аднойчы, і тое лютай зімой, калі балота замерзла. Па-другое, Палесьсе — адзін з самых цікавых адносна традыцыі рэгіёнаў Беларусі — сфармавалася менавіта дзякуючы наяўнасьці балотаў, якія адыгралі ролю своеасаблівага ізалятара, што выдатна адлюстраваў Іван Мележ у рамане «Людзі на балоце». Згадайма эпізод, калі камсамолец Міканор склікае на талаку вяскоўцаў, каб пабудаваць праз дрыгву плаціну. Але на гэтую талаку, насуперак традыцыі талакі, ніхто не прыходзіць. Ізаляцыя людзям на балоце, хутчэй за ўсё, падабалася. І яшчэ. Паколькі паселішчам, якія існуюць сярод балотаў, заўсёды не стае прыдатнай для земляробства зямлі, вытворчая дзейнасьць насельнікаў трымаецца на нечым іншым, стымулюе найчасьцей рамесную, прадпрымальніцкую дзейнасьць. Хрэстаматыйны прыклад — вёска Гарадная, што ў Столінскім раёне, дзе сфармаваўся ганчарны цэнтар з адметнай традыцыяй. Дзяўчаты там нават не ішлі замуж за таго, хто ня ўмеў ляпіць гаршкоў.
— Вядома, што ляндшафт уплывае на фармаваньне нацыянальнага характару таго ці іншага народу. Як паўплывала балота на мэнтальнасьць беларусаў?
— Балотная глеба — гэта ня тупкая зямля. Яна няпэўная: станавіся ды азірайся. На мой погляд, абачлівасьць ёсьць і ў характары беларусаў. Яны не сьпяшаюцца давярацца іншым ці спадзявацца на шчасьце. Беларусы аглядаюцца й абдумваюць кожны свой крок: а раптам там дрыгва? Дарэчы, і тое, што Беларусь стала краінай-партызанкай, ідзе ў пэўнай ступені ад характару беларуса: схаваліся, выйшлі, зрабілі што трэба — і зноў схаваліся. Балота дазваляла беларусам выжыць.
— Мы вельмі часта ўспрымаем слова «балота», асабліва калі яно выкарыстоўваецца ў філязофскім ці пераносным сэнсе, са знакам мінус, як слова абразьлівае. Прыкладам, калі ўжываецца яно як мэтафара псыхалёгіі нейкага калектыву.
— Што тычыцца нацыі, дык я прапанавала б паразважаць над думкаю пра балота, выказаную Пятром Васючэнкам у адным эсэ: з аднаго боку, на балоце нельга пабудаваць нічога трывалага, надзейнага, але зь іншага — балота практычна немагчыма зьнішчыць. Засыпанае ў адным месцы, яно абавязкова ўзьнікне нібы зь ніадкуль у іншым. І калі яно такім чынам характарызуе беларусаў і адлюстроўвае іхны лёс, то ў нас ёсьць прычыны быць аптымістамі, а не пакрыўджанымі ці зьняважанымі такой мэтафарай.
НАСТАЛЬГІЯ ПА СТРАЧАНЫМ МОРЫ
Размова зь Пятром Васючэнкам
Шчасьлівыя народы марскіх дзяржаваў, што маюць магчымасьць гандлю, рыбалоўства, фантастычных круізаў. Дзяржавы-выспы наагул лічацца ледзь не зямнымі выраямі. Нездарма Ўсходні вучоны з трагікамэдыі Янкі Купалы «Тутэйшыя» так настойліва раіць Янку Здольніку, праўдзіваму беларусу й прафэсару беларускае басоты, як найхутчэй «прорубить окошко к морю». А той яму адказвае, што было ў нас сваё мора — Пінскае, ды акупанты зьмяшалі яго з гразёю, вось і сталася Пінскае балота. Так і жывуць сёньня беларусы — бяз мора, мроячы пра яго — сваё, хай і саматужнае. Здаецца, павінна ставаць беларусу рэкаў, азёраў, балотаў, а ён усё роўна гатовы любую калюжыну назваць морам.
— Вось і стала Заслаўскае вадасховішча Менскім морам. Дык чаму ж беларусы так любяць мора?
Читать дальше