Вось цяпер я ўспамінаю і хачу сказаць, што ўсё ж такі дзеці — дужа жорсткі народ. І нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага размежавання, гэта само сабой. Як і ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасць, хоць бы на асабістую. А малы? Ён жа не мае ніякіх правоў, а то і ўяўлення пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сіла — улады, дарослых, старэйшых сяброў…
А. А.: Дзіцячы фашызм.
В. Б.: Можа быць. І заўсёды знойдзецца нехта старэйшы ці дужэйшы, а то і з садысцкімі схільнасцямі, які дыктуе свае законы. І часта меншы не зразумее, што тое няправільна, што павінна быць іначай. І не паскардзіцца, бо ведае, што яго не абароняць. І ведае таксама, што скардзіцца кепска — тое яму унушылі рана, асяроддзе, а то і бацькі. Настаўнікі таксама.
А. А.: Ты ростам быў маленькі, мабыць?
В. Б.: Не надта і маленькі. Але худы і слабы, і з тае прычыны не мог адчуваць свае перавагі. Перавага была за іншымі — болей дужымі, а галоўнае — болей нахабнымі. У мяне не было нахабства. Во тут я і прыпамінаў мяккі матчын характар, які я ўнаследаваў і які мне нямала шкодзіў. Асабліва пасля, у войску. Зноў жа і ў дзяцінстве я дужа перажываў свае ды і чужыя няшчасці. Асабліва, як пачасціліся рэпрэсіі, сялянскі хапун…
А. А.: Мала таго, дык яшчэ…
В. Б.: Мала таго… Уяві сабе. У нас вёска двароў дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасля падсялілі, трошкі павялічылася.
Дык вось з гэтай вёскі шасцярых мужыкоў узялі.
А. А.: Глядзі ты! А я думаў, што мужыкоў мала бралі. Аказваецца, таксама моцна бралі.
В. Б.: Бралі звычайных цёмных калгаснікаў. Узялі гэтага Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамі ды графінямі бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевіч, інвалід Першай сусветнай вайны з сухой паралізаванай рукой. Дарэчы, правай, якую ён насіў у чорнай пальчатцы. Дык ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзіннікаў, якія неслі яму з усёй акругі. І ён усе іх рамантаваў — насценныя, кішэнныя, будзільнікі і г. д.
А. А.: Адной левай рукой?
В. Б.: Адной левай. І болей за тое — шкло ставіў. А шкло дзе возьмеш? Дык ён купляў шкло для лямпы, з выпуклай часткі выразаў самы пятачок і ставіў. Я, калі вучыўся, колькі год насіў яму гадзіннікі з мястэчка, пераважна ад настаўнікаў. Пакладу ў карабок ад запалак і прынясу. Ён шкельца ўставіць, аднясу назад. А тады нясу рубель за працу. І ён заўсёды дасць 20 капеек.
А. А.: Пасярэднікам быў?
В. Б.: Так. Вось і гэтага інваліда ўзялі. А ягоны сын у гэты час, таксама Дзёмка, служыў на Далёкім Усходзе, а пасля, у вайну, пайшоў у партызаны і ваяваў да канца. Ваяваў за савецкую уладу, якая панішчыла ягонага бацьку. Але — не пакрыўдзіўся, за што, як ведаеш, дужа хвалілі бальшавікі. Вёска наша ў асноўным была праваслаўная, але з хутароў падсялілі некаторых каталікоў. Прозвішчы такія — Лявіцкі, Блажэвіч, іх у першую чаргу пабралі.
А. А.: Канешне, як агентаў дэфензівы?
В. Б.: Забралі таксама нашага суседа Барыса. Браў звычайна раённы ўпаўнаважаны НКВД Перацяцькін. Ён потым прыязджаў пасля вайны — мабыць, пацягнула на месца злачынства. Ну і памежнікі стараліся — не так пільнавалі мяжу, як хапалі сонных мужыкоў з гэтага боку. Хоць і вартавыя мяжы, але ж адна сістэма НКВД. Ніхто з рэпрэсаваных не вярнуўся, хоць і ўсе рэабілітаваныя. Узялі тады таксама некалькі настаўнікаў, у тым ліку і нашага дырэктара Карчэўскага, які мне гамашы купіў. Але і саміх памежнікаў, камандзіраў, таксама арыштоўвалі. Напрыклад, капітана Акулава, мужа нашай настаўніцы. Цікава, што замест сексотаў-стукачоў выкарыстоўвалі старэйшых вучняў. Як судзілі дырэктара, дык наша адна вучаніца была на судзе сведкай супраць яго. Гэта гадоў у 15. Мабыць, як і ўсюды. А пры мяжы асабліва.
А. А.: Пры мяжы асабліва.
В. Б.: І ў кожнай вёсцы былі ў іх сексоты. Дзе лепшыя, дзе горшыя, актыўныя і не вельмі. Нам у гэтым сэнсе, мабыць, не пашэнціла. У вясковую абшчыну зацясаўся чужынец, прышлы чалавек — пасля Грамадзянскай прыстаў да мясцовай кабеты. Не ведаю, адкуль ён быў родам, але НКВД наладзіў з ім вельмі цесны кантакт. І ён нават не надта таіўся, яшчэ пахваляўся, што ён памагае чэкістам. Недзе ў пяцідзесятых гадах, як я прыязджаў да бацькі, ён прыходзіў таксама і за чаркай гаварыў, што хацеў пасадзіць бацьку, была прычына, ды пашкадаваў. І бацька яму быў удзячны. Не ведаю, што ён меў на ўвазе. Можа, мамін кантрабандны пераход?
Читать дальше