А. А.: Зайздросна?
В. Б.: Ну. Бо чаму майго бацьку не раскулачылі, і я б таксама цягніком паехаў. А так цягніка і не бачыў… Ну дык вось, арганізавалі калгас, прыйшла вясна, даелі бульбачку, што засталася ад абагульнення. Есці не стала чаго. Елі мякіну з травой, крапіву. І так доўжылася шмат гадоў.
А. А.: Многа гадоў?
В. Б.: Так, усе гады, бо з калгасаў жа нічога не давалі.
А. А.: У вас і да вайны нічога не атрымлівалі?
В. Б.: Нічога.
А. А.: А ў нас дык нешта яшчэ давалі.
В. Б.: У нас амаль нічога, Ураджаі кожны год дрэнныя, усё, што вырасце, ішло на дзяржхлебаздачу ды насенне. Памятаю такія моманты… Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае размеркаванне і прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось і усё, што мы зарабілі за год.
А. А.: Разам з маці?
В. Б.: Так, разам з маці. Ды яшчэ мае летнія працадні. Паўторбы азаддзя, як у нас казалі. Такі заробак. Але ж яшчэ з нас — і пастаўкі…
А. А.: З прысядзібнага ўчастка?
В. Б.: З агарода. Мяса, воўну, яйкі, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка і рознае іншае, не пералічыць.
Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплаціць? Не кажучы ўжо, каб нешта купіць. Хоць бы штаны хлопцам хадзіць у школу. Пры аднаасобніцтве выручаў лён, які сеялі, апрацоўвалі і апраналіся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалі падатак.
А. А.: Сеяў, не сеяў — здавай.
В. Б.: Так, спаганялі страшэнна. Памятаю (але гэта яшчэ да калгасаў было), бацька ўвечары развівае конскія путы, раскручвае, каб здаць за лён. А то ходзяць сельсавецкія актывісты, робяць вобыскі, каб знайсці, калі хто схаваў якую-небудзь кудзелю.
А. А.: Якую кудзелю?
В. Б.: Ну, апрацаваны лён. Памятаю, у вёсцы ва ўсіх рабілі суцэльны вобыск, прыйшлі і да нас. А ў нас была істопка старая, з прадранай столлю, трохі затуленай саломай. Шукалі, шукалі, нічога не знайшлі і ў мяне пытаюцца: мальчык, где отец прячет лён? А я кажу: на істопцы. Ну, гэтыя: Іваноў, давай туда! А я… ну, чаму я гэтак сказаў?
А. А.: Не ведаеш нават, чаму?
В. Б.: Мабыць, з непрыязні. У мяне папыталіся, ну, я і сказаў, маючы на ўвазе тую замаскаваную дзіру ў столі. І праўда, гэты Іваноў такі ўваліўся туды, пачаў лаяцца. А я ўцёк у роў. Пасля бацька лаяў мяне: ну дзе ты бачыў там лён? Лён у нас у другім месцы схаваны, век не знойдуць… Так, лён. Але ж трэба было яшчэ здаць і збожжа.
А. А.: Гэта да калгасаў?
В. Б.: Гэта да калгасаў яшчэ. Каб збожжа не малолі на муку, а везлі на млын, дзе яго маглі спалавініць, зрэквізаваць, а то і проста абрабаваць. Але ж у сялян былі свае млыны — жорны. Амаль у кожнага стаялі у сенцах ці у варыўні-істопцы гэтыя несамавітыя прылады з двух плоскіх камянёў. Ды, мабыць, ты ведаеш?
А. А.: А як жа! У вайну мы на гэтым толькі і жылі.
В. Б.: Ну дык вось. Але што там было куды везці, якіх пару мяшкоў жыта. Бацька малоў сам. Дык вось аднойчы прыйшлі гэтыя камбедаўцы, сельсавецкія актывісты і знялі верхні камень. На рагу ў падмурку ляжаў вялікі камень, дык яны гэты кокнулі аб яго і разбілі на тры кавалкі. Ну і вось жывём са збожжам, але без хлеба. А гэтыя ходзяць, рэгулярна правяраюць, ці ляжаць у крапіве тыя камяні. Тады бацька неяк уначы ўзяў тыя камяні і змацаваў іх у адно…
А. А.: Скрапіў іх жалезам?
В. Б.: Не жалезам — драўляным абручом такім. Набіў, падраўняў і неяк паціху малоў. Ноччу змеле, а потым абруч зніме і зноў гэтыя камяні — у крапіву, бы і не чапаў. А пасля ўжо, за калгасам, ніякага збожжа не было, не сталі патрэбны і жорны. Настала поўная галеча. З вясны галадуха, есці няма чаго. Чакаем бульбы. А бульба… Гэта цяпер скараспелка ды іншыя гатункі, дзякуючы інстытуту бульбаводства. А тады была бульба толькі аднаго гатунку, які выспяваў аж пад восень. А так усё лета напаўгалодныя. Канешне, ратавала малако, але ж моладзі і мужчынам хацелася хлеба. Апроч таго, вечныя праблемы з вопраткай і абуткам. Па гразі, па снезе кожны дзень за тры кіламетры ў школу. Тры туды, тры назад. У магазінах жа нічога не купіш, дый за што купіць? Памятаю, калі ў сельпо прывязуць мануфактуру, дык за ёй душыліся чорт ведае як. Кірасіну давалі па літру ці паўлітра на месяц і толькі па пайскіх кніжках. Прыйдзеш зімой са школы, у хаце цёмна, перад печчу лучына, так вось трэба рыхтаваць урокі. Праўда, сярод гэтай нэндзы выпадалі светлыя хвіліны. Неяк увосень кліча мяне дырэктар, паглядзеў на мае растаптаныя ў гразі башмакі і кажа: ідзі ў сельмаг, памерай гамашы. Скажы, дырэктар прыслаў. Пайшоў я, памераў, а пасля дырэктар мне іх купіў. Усё ж я быў выдатнік, і, мабыць, тое штось значыла. Ужо я бярог-ашчаджаў тыя гамашкі…
Читать дальше