А. А.: Гэта ў саракавым годзе?
В. Б.: У саракавым. Грошай мне з дому ніколі не прысылалі, ды я і не прасіў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькі, пазычыў тры чырвонцы, якія я расцягваў, як мог. Найбольш — на хлеб, якім звычайна мы харчаваліся. Устанеш раненька, гадзін у 6, і да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялізная, усе чакаюць. Гадзін у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханіна. Карткі пад гэты час ужо адмянілі, дык па хлеб рынуліся з навакольных вёсак, з іншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся не больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купіць фарбы. Ды і з брызентавых гамашаў вылезлі пальцы… Спрабавалі мы з хлопцамі прабівацца такімі-сякімі работамі — на грузавой станцыі, шчотачнай фабрыцы. А ў Віцебску, як ні дзіўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сектар, Недзе на вуліцы, што вяла да аэрапорта, убачылі маленькую такую крамку, над дзвярыма было няўмела напісана «Головные уборы шью» — стары Абрам шыў там шапкі. І вось, памятаю, мы удвух з хлопцам з Палесся пайшлі туды. (Хлопец той пасля таксама кінуў вучобу — не было як вучыцца. Не меў абутку, дык ён асенняй парой, па гразі хадзіў у растаптаных бурках.) Дамовіліся з гаспадаром зрабіць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлі нейкую здатную…
А. А.: Бляху…
В. Б.: Не, фанерыну. Загрунтавалі, напісалі «Галаўныя ўборы», і на адным канцы дошкі намалявалі кепку, а на другім капялюш. Прынеслі заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў і кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? І не ўзяў шыльду, спалохаўся. Відаць, быў напалоханы з часоў нэпа. Ці яшчэ што.
А. А.: Першы заробак ляснуў?
В. Б.: Так, ляснуў наш заробак. Ну вось. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе і нічога нідзе не здабыўшы, я зразумеў, што болей не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакументы. Там наш выкладчык беларускай мовы Леванёнак кажа: шкада, Быкаў, — мог бы вучыцца…
Мне таксама было шкада, але як вучыцца? Аднёс у камісіёнку апошнюю сарочку, атрымаў грошы — якраз на білет да Полацка і яшчэ на дзве булкі, якія тут жа і з’еў. Прыехаў у вёску, пайшоў у сваю школу, у дзясяты клас. Але з вучобай тут здорава адстаў. Ды і новыя парадкі і ў школе. Падручнікі цяпер аказаліся платныя, трэба купіць. Але і купіць няма дзе, не хапае падручнікаў. Дома ранейшая галеча, калгаснае бязладдзе. Ні хлеба, ні дроваў. Якраз у гэты час пачынаецца набор у новаарганізаваныя школы прафесійнага навучання (ФЗН), і я хутка зноў апынуўся у Віцебску. Што ў Віцебску — мяне радавала. Знаёмы горад, любыя музеі. І ўспаміны. Невясёлыя, аднак, успаміны… У школе вучылі на будаўнікоў: муляры, бетоншчыкі, арматуршчыкі — усё дужа далёкае ад мастацтва. Мастацтва рабілася ўсё больш недаступным. Трэба было працаваць — на сцюжы, з растворамі. Але тут кармілі, давалі прытулак у інтэрнаце, а пасля яшчэ пачалі і апранаць. У вучылішча я не хадзіў, хіба калі ўвечары падыходзіў пад вокны, бачыў паверх фіранак захінутыя анучамі скульптуры на станках. Было сорамна і балюча…
На пачатку чэрвеня — выпуск, нам аб’явілі, што паедзем працаваць ва Украіну, у горад Шостку. Пакуль былі зборы, я адпрасіўся з’ездіць на радзіму. Справа ў тым, што якраз у Шостцы жыў мой дзядзька… Гэта таксама гісторыя, гісторыя лёсу. Дзядзька колісь быў актывістам, зрабіў нейкую партыйную кар’еру, працаваў нават рэдактарам газеты дзесь на Палессі. Але, пакуль ён служыў Савецкай уладзе, тая раскулачыла дома бацьку, брата — саслала ў Сібір. Мабыць, нясоладка стала сыну, і ён дзеля паратунку апынуўся ва Украіне, у Шостцы. Гэта быў такі непрыкметны гарадок на Чарнігаўшчыне, але там працавала аж тры вайсковыя заводы і фабрыка кінаплёнкі, якая і цяпер існуе.
А. А.: Шосткінская фабрыка.
В. Б.: Так. Ну дык вось, прыехаў я дамоў і пайшоў да дырэктара школы, распавёў пра сваё становішча. Дырэктар Слімборскі паспачуваў не надта ўдалай кар’еры свайго колішняга выдатніка і даў мне не атэстат, а табель за дзясяты клас, дзе сам праставіў патрэбныя адзнакі. Мой план быў такі: у Шостцы я здам экстэрнам экзамены за дзясяты клас і паступлю ў тамашні індустрыяльны інстытут, да якога мае нейкае дачыненне мой дзядзька, з якім ён і Слімборскі былі знаёмыя… І вось пагодным чэрвеньскім ранкам мы прыязджаем ва Украіну. Белыя мазанкі, таполі, нечуваная мова на станцыях, гогалеўскія асацыяцыі пераносяць нас у іншы свет, рамантычны і казачны. Не думалася тады, што гэтак шмат для мяне драматычнага і трагічнага будзе звязана з гэтай краінай.
Читать дальше