Не паспеў я агледзецца, як след пазнаць горад і нават адшукаць дзядзьку, як выбухнула вайна. Прызнацца, тое мяне спярша і не надта спалохала, была ж толькі нядаўна Фінская вайна, перад тым — вызвольны паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася бліскучымі перамогамі. Пераможам і тут. Тым болей, калі намі кіруе ўсепераможны таварыш Сталін. Але пакрысе рабілася сумна, а затым і страшнавата. Хацелася дамоў, бліжэй да родных мясцін. Ды не было як. Як нямецкі вермахт захапіў Менск і Гомель, падступіў пад Кіеў, нас змабілізавалі цераз ваенкамат. Спярша на абаронныя работы. Можа, месяц мы капалі даўжэзны і глыбокі супрацьтанкавы роў, здаецца пад Пірагоўкай, які затым кінулі, бо немцы ўжо замыкалі сваё акружэнне Кіеўскага катла…
А. А.: Так, адразалі Кіеўскі раён.
В. Б.: І вось пачынаецца эвакуацыя. Усё рушыць на ўсход.
Мы калонай пад камандай запасных падпалкоўнікаў колькі дзён тупаем у бок Харкава. У небе вісяць нямецкія самалёты, бамбяць станцыі і чыгунку. Харчуемся чым дзе прыйдзецца. Болей самапасам. Быў вялікі ўраджай яблыкаў, гародніны. Забягаем у прыдарожныя крамы, у якіх, аднак, амаль пуста. Усё расхапалі. У Белгарадзе я спрабаваў купіць фруктовага чаю, які можна было есці, ды не мог прабіцца праз натоўп да прылаўка. Затое адстаў ад калоны, а затым і згубіў яе.
Пакуль бегаў па забітых войскамі вуліцах, настала ноч, стомлены зайшоў у паўразбураную хаціну і заснуў. Пабудзілі каменданцкія патрулі. Адвялі ў камендатуру. Там уранку допыт — хто такі, чаму адстаў, з якой мэтай? Абшукалі і знайшлі у маёй валізцы карту — выдраны з падручніка аркушык, на якім я, грамацей, адзначаў як рухаецца фронт. Той аркушык мяне ледзь не пагубіў. Хацелі расстраляць. Іншых, што сядзелі са мной у склепе, пастралялі. А мяне пашкадаваў нейкі дзядзька з вінтоўкай. Сказаў на гародзе пад плотам, куды мяне вывеў: бяжы! І я пабег, а ён стрэліў у паветра…
Адзін чыгуначнік паказаў, куды ідуць цяпер войскі, і я пайшоў па пуцях. Маёй мэтаю быў Валчанск, гарадок пад Харкавам, дзе фарміраваліся запасныя часці. Увогуле мне пашэнціла: як я прыйшоў і знайшоў сваю каманду, тая ўжо строілася для фарміроўкі. Але ж у мяне не было ніводнага дакумента, усё засталося ў Белгарадскай камендатуры. Добра, што камандзіры не надта прыдзіраліся, не было часу, ды й хлопцы пацвердзілі: то наш. І я ці не ўпершыню адчуў радасную еднасць калектыву, ягоную шчаслівую перавагу перад адзінкай. Добра быць у грамадзе! Так нас сфармавалі ў новую каманду, далі нейкую (БУ) абмундзіроўку, але замест зброі — рыдлёўкі. Абвясцілі, што з гэтага дня мы — у складзе армейскага інжынернага батальёна. Прыбыло нейкае начальства, і зноў павялі нас капаць траншэі на поўнач ад Харкава. Праз колькі дзён выдалі вінтоўкі — адну на дзесяць чалавек, і мы адчулі сябе байцамі непераможнай Чырвонай Арміі. Неўзабаве пачалася катавасія. Падышоў фронт, пачаліся бамбёжкі. Прарывы нямецкіх групаў, паветраныя дэсанты, якія належала адбіваць. Аднойчы нас кінулі на прыкрыццё нашай кавалерыйскай контратакі. Там я упершыню адчуў увесь жах гэтай вайны. Што там немцы зрабілі з будзёнаўскай кавалерыяй!..
А. А.: Што, корпус цэлы паклалі?
В. Б.: Можа, і корпус, не ведаю. На ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалі акопчыкі, наперадзе бураковая ніва, а далей сяло вялікае. Ноччу мы адтуль прыйшлі. А затым ішла кавалерыя, шмат кавалерыі, дагэтуль бачу запыленыя, стомленыя коні і людзі, вакол пыл, пыл… Ты ж ведаеш, які ўлетку на Украіне пыл на дарогах. Яны, відаць, ішлі здалёку, удзень вісела нямецкая авіяцыя, увесь час іх бамбіла. Наваколле ўсё гарыць… А яны ўзброеныя так: вінтоўка за спіной, шашка, процівагаз, перакідныя сумкі ля сёдлаў…
А. А.: А пік не было?
В. Б.: Пік не было. Мне запомніліся конскія процівагазы. На сядле такая сумка вялікая і ад яе ідзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кішка, і маска — надзяваецца каню, калі газавая атака, якіх, дарэчы, нідзе не было. Дык вось на світанні яны кінуліся на сяло ў атаку, на нямецкія танкі. Немцы падпусцілі іх даволі блізка, пасля… З кулямётаў яны наладзілі ім такое, што Божа мой! Праз якіх дзесяць хвілін усе адхлынулі назад. І вось бяжыць конь у пене, без седака, а то сядок вісіць уніз галавой у стрэмі. Конь падае, б’ецца, з ягонага бруха вывальваюцца вантробы, ды яшчэ кішка гэтая процівагазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымі чэргамі. Карацей кажучы, хуценька мы адтуль драпанулі — усе, пешыя і коннікі, — у лясок, атака захліпнулася і болей яе не паўтаралі. Танкі пайшлі далей. Потым яшчэ было нямала такога ж бязладнага і дурнога. Мы будавалі для камандуючага маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве не трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, так, адны рэшткі.
Читать дальше