А. А.: Табе было 13 ці 14 гадоў?
В. Б.: Недзе, відаць, пачынаючы з пятага класа. Ну вось, гэта так прадаўжалася, я скончыў сёмы і восьмы клас, пачаў вучыцца ў дзявятым. Летняй парой — праца ў калгасе. Адно лета пасвіў коней, другое — пільнаваў калгасны сад. Там ужо пачытаў кніжак уволю, быў час, ды мала было кніжок. Памятаю, змушаны быў чытаць Салтыкова-Шчадрына, які мне зусім не падабаўся. Мусіць, рана я за яго ўзяўся. Зрэшты, кніжкі таксама маюць сваю пару, кожную трэба чытаць у пэўным узросце. Цяпер дык шкадую, што рана перачытаў якраз самыя значныя кнігі, з якіх у дзіцячым узросце ўзяў далёка не ўсё, што трэба было ўзяць. Але, можа, і памыляюся. Можа, менавіта ў раннім узросце яны і маглі закрануць штосьці ў душы, а пасля ўжо было позна. Пасля кранала-камячыла жыццё, а не літаратура.
На нейкім часе ў школе паявіўся новы піянерважаты, малады хлопец Віктар Кандрацкі, які ажаніўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён не шмат і раптам знік, аказваецца, паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднойчы ўлетку мы сустрэліся ў Кублічах, і ён мне расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкія малюнкі. Сказаў, што даюць інтэрнат і нават плоцяць стыпендыю — аж 60 рублёў. Заахвочаны ім, я пайшоў да дырэктара па свой класны табель. Дырэктар спярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнікам у школе. Але мусіў аддаць табель.
А. А.: З якога класа?
В. Б.: З дзявятага. Паслаў табель у Віцебск.
А. А.: Гэта які год ужо быў?
В. Б.: Трыццаць дзявяты.
А. А.: Трыццаць дзявяты. Пачакай, пакуль ісці далей… Твой тэзіс не спраўджваецца, што ты не любіш успамінаць дзяцінства, бо яно было цяжкое.
В. Б.: Не спраўджваецца. Ну, ведаеш… Мабыць, во такая ўласцівасць чалавечай памяці. Найперш разумовай, калі праз час шмат што з мінулага здаецца прыгожым ці нават забаўным. Але яшчэ ёсць памяць эмацыянальная, дзе даўжэй захоўваюцца даўнія боль і скруха. Паспрабуем патрывожыць яе.
А. А.: А што ты маеш на ўвазе?
В. Б.: Дагэтуль, распавядаючы, я ішоў, так бы мовіць, па дзіцячай лініі. Але ж паралельна ішло дарослае жыццё, якое не магло не кранаць і маё, падлеткавае адчуванне. Вось, памятаю, ці не ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краіне ішла калектывізацыя, па сутнасці гвалтоўная ліквідацыя сялянства як класа. У сялянскай краіне ліквідоўваўся сялянскі клас — той самы генацыд хіба паводле класавай прыналежнасці. Сялян агітавалі, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурні», не верылі і тым стваралі канфлікт з дзяржавай. Але тое ў сферы палітыкі, а як было ў жыцці? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы ішоў сход — некалькі дзён запар сялянаў усё ўламвалі ўступаць у калгас. Тыя ўпіраліся, думалі нешта залежыць ад іхняе волі. Ды марна. Неяк я прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача маці. Я ўжо казаў, што ў дзяцінстве я дужа адчуваў мамін настрой і звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я ніколі не бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосіць, бы па нябожчыку. Побач, у куце, унурыўшыся, сядзіць бацька. Я падскочыў да маці і пытаюся: чаго яна? А бацька кажа: не чапай яе — арганізаваўся калгас. Ну, хай бы арганізоўваўся, але чаму плача маці? Аказваецца, таму, што прыехала брыгада на золаку і выграбла ўсё з кублаў, з мяхоў і засекаў.
А. А.: Насенне?
В. Б.: Так, насенне. Для веснавой сяўбы на калгасных палетках.
А. А.: І жыві…
В. Б.: І кармі дзяцей. Во маці і плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары і пачалося. Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсіі…
А. А.: Так, з гэтага і пачалося…. Вось ты гаварыў пра калектывізацыю, а пра раскулачванне? За што аднаго раскулачылі, бо ў яго было дзве цялушкі?
В. Б.: Ва ўсіх было па адной карове, а ў таго яшчэ і цялушка гадавалася. Значыць, ён і падпадаў пад раскулачванне. Далей. Яшчэ адна сям’я была раскулачана за тое, што ўлетку пляменніца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сіла. І трэцяя сям’я… Ведаеш, ужо забыўся, за што. Зараз успомню…
А. А.: А ў цябе ў «Знаку бяды» адтуль сітуацыя?
В. Б.: Так, амаль тая ж. Трошкі папраўленая. Яшчэ быў адзін чалавек, які не хацеў ісці ў калгас. Дык яго, як сабатажніка…
А. А.: Вывезлі з сям’ёй? Так?
В. Б.: Так. Гэткіх вывозілі сем’ямі. Памятаю хлопца, з якім вучыўся. Раскулачванне было ўвосень, хаця не памятаю ці да арганізацыі калгаса, ці пасля… І вось ён не пайшоў у школу, і я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць скарб на фурманкі, а мой сябра хваліцца: мы цягніком паедзем, ага! І мне стала зайздросна…
Читать дальше