Ліст ад 28.02.1986 г.
Добры дзень, Віктар Анатольевіч!
Пісьмо Ваша я атрымаў, дзякую. Мы ўжо думалі, а нават часта гаварылі між сабой, што Вы за нешта загневаліся на нас, хоць, здаецца нам, віны за сабой не адчуваем. Падумайце ж Вы самі: быць дома 42 дні на канікулах і не знайсці хвілінкі, каб пазваніць нам ці напісаць пару слоў! Я ўжо, прызнаюся, і не чакаў ад Вас пісьма. Няўжо Масква зрабіла з Вас такога зазнайку? Дзівіліся Вашымі паводзінамі не толькі я, але і Наташа, і Курыла, і ўсе «рунеўцы». Ну цяпер, я думаю, Вы паправіцеся і не будзеце забываць старых сяброў. Не ведаю, чаму Вы кажаце, што сяброў у Вас няма. Гэта няпраўда. Не ўсе знаёмыя — сябры, але і не ўсе «плеткары і зайздроснікі». Не будзьце песімістам. Мне здаецца, што прычынай Вашага песімізму з’яўляецца адна з мінскіх прыгажунь. Нічога, гэта здараецца з маладымі людзьмі, але з часам мінае. (Если к другу уходит невеста, то неизвестно, кому повезло).
Адносна Вашых «выдавецкіх» спраў скажу, што не толькі Вас «рэжуць». Чамусьці сябры з аддзела паэзіі і да мяне пастаўлены варожа. Тую вершаваную маю аповесць, якую мы з Вамі ў нас чыталі, як Дранько, так і рэцэнзент Лойка моцна зганілі і пакрэслілі з яўнымі прыдзіркамі, відаць, з мэтай не прапусціць. Лойку я нават напісаў пісьмо з абвяржэннем яго неабаснаваных закідаў, няхай не глядзіць на пісьменніка з вышыняў свайго доктарскага аўтарытэту. А з Драньком намерваюся сустрэцца й пагаварыць, каб выясніць, у чым прычына перамены клімату.
Я вельмі рад за Вас, што Вы вучыцеся, што перад Вамі прыгожае будучае. Будзьце спакойнымі ў дасягненні мэты. Я і Ніна Пятроўна жадаем Вам моцнага здароўя, сіл перамагчы ўсе цяжкасці і творчых поспехаў.
З пашанай, П. Бітэль.
Ліст ад 14.10.86 г.
Добры дзень, юны дружа!
Пісьмо Ваша атрымаў. Шчыра дзякую за памяць і за добрыя пажаданні. У мяне покуль што, як кажуць, без перамен, жывём са сваёй гаспадынькай і хвалімся адно аднаму сваімі немачамі. Сёлета яна ў мяне асабліва дрэнна сябе адчувае. Я, як быццам, трохі мацней трымаюся, але таксама невядома, ці надоўга мяне хопіць. Цяпер перадрукоўваю на машынцы перакладзеную мной з польскай мовы кнігу Крашэўскага «Хата за вёскай». Па маёй вершаванай аповесці «Тры ўлады» варожа «праехаўся» з алоўкам Хведар Жычка і забракаваў. Бачу ў гэтым чарговую на мяне нагонку, бо прыдзіркі беспадстаўныя, а месцамі наіўныя, а нават глупыя. Адносна таго, каб Вам завесці сям’ю, прывяду адказ аднаго ўсходняга мудраца юнаку на пытанне, жаніцца яму ці не. Мудрэц адказаў: «Як ні зробіш, усё роўна пасля будзеш шкадаваць». А англійскі паэт Бёрнс у адным са сваіх вершаў напісаў:
Кавалерам, нежанатым
Не жыццё, а проста рай!
А сямейным хлапчанятам
Тройчы ў дзень аўсянкі дай!..
I г. д. Так што, відаць, трэба над гэтым падумаць. Але жарты набок! Калі ёсць на прыкмеце чалавек па душы, дык доўга цягнуць не варта. Я сам ажаніўся, калі мне не было яшчэ і 20-і.
Жадаю Вам поспехаў у вучобе і ў творчасці.
З сардэчным прывітаннем — П. Бітэль. Найлепшыя пажаданні ад Ніны Пятроўны.
Ліст ад 15.12.1987 г.
Добры дзень, Віктар Анатольевіч!
Пісьмо Ваша атрымаў, дзякую за памяць. Вельмі рад за Вас, што Вы нарэшце ўладкаваліся, супакоіліся і атрымалі працу. Жадаю Вам самых вялікіх поспехаў на новым становішчы.
Што датычыцца прапановы з Вашага боку што-небудзь напісаць у Ваш часопіс, дык, па-першае, не вельмі ведаю, што пісаць, а па-другое, вельмі заняты асноўнай работай — пераклаў кнігу з лацінскай мовы і цяпер цэлымі днямі «клюю» яе на машынцы. Не ведаю, ці да Новага года закончу, бо нездаровіцца і работа ідзе марудна, а таксама вельмі хворая мая Ніна Пятроўна, дык прыходзіцца адрывацца да хатніх спраў. Але Вашу прапанову буду мець на ўвазе.
Часта звоніць мне М. Курыла, ён цяпер жыве ў Валожыне, прасіў перадаць Вам ад яго прывітанне.
Віншую Вас і вашу «лепшую палавіну» з наступаючым Новым годам і жадаю Вам абаім моцнага здароўя і выдатных творчых поспехаў.
З павагай — П. Бітэль.
Ліст ад 31.1.1989 г.
Добры дзень, дружа Віктар Анатольевіч!
Выбачайце, што я не адказаў упару і не падзякаваў Вам за навагоднія пажаданні, віншаванні і за добрую вестку.
Справа ў тым, што пасля паездкі ў Навагрудак (18.12.) я цяжка захварэў і ад 22.12. па 26.1. праваляўся ў бальніцах у Вішневе і ў Маладзечне. Цяпер я дома, але вельмі слабы, бо абсалютна нічога не магу есці. Гэта пісьмо піша за мяне мая дачка. Жадаю Вам добрага здароўя, шчасця і ўсяго найлепшага.
Читать дальше