21.07.1983. На гэты раз у раёнку прыехаў П. Бітэль. Я яму перадаў ліст ад Дранько-Майсюка. А ён праз мяне адказ. Генадзь Равінскі чытаў свае апавяданні. Казаў, што на мяне пакрыўдзіўся !ван Асіпацкі, якога я пакрытыкаваў у адным артыкуле разам з яго вучаніцай.
11.08.1983. Доўга стаяў па білет. Зайшоўся ў Валожыне ў кнігарню, дзе купіў I. Драча «Подсолнух». Добрая кніжка. Пагаварыў з прадаўшчыцай Светай. Пасля сталоўкі забег у карэктарскую. Там нікога. Каля рэдакцыі пачытаў кніжку. Першым прыйшоў П. Бітэль. Падпісаў выдавецкую дамову на выданне яго кнігі (я прывёз) і даў фотаздымкі. Здароўе не вельмі ў яго і жонкі... Пятро Іванавіч прачытаў сваю паэму-казку «Нястача». Цікавая рэч...
12.04.1984. У Валожын прыехаў рана. Пазваніў Бітэлю. Пятро Іванавіч крыху прыхварэў, ды і зубы ставіць. На гэты раз прыехаў Валодзя Малашэнкаў, васьмікласнік з Вішнева...
14.06.1984. У Валожын прыехаў і адразу патрапіў пад дождж, які ўжо ідзе амаль месяц. А ў Расіі быў смерч, які разбурыў шмат дамоў, ёсць загінулыя.
Пабыў у карэктарскай. Прыехаў Лёня Шчарбінскі. Пасля — П. Бітэль і Г. Равінскі...
6.09.1984. На гэты раз прыехалі Л. Шчарбінскі, Г. Равінскі, Л. Скотнікава, Т. Гасціловіч, Л. Скадорва і інш. Пазваніў Бітэлю. Выбірае бульбу, баліць спіна, а так усё нармальна.
4.10.1984. У Валожын прыехаў а 9 гадзіне. Зазірнуўшы ў кнігарню, пайшоў у рэдакцыю. На гэты раз прыехалі Пятро Бітэль і Алена Жылінская. Малавата. З намі была Н. Штэйнер. П. Бітэль чытаў урыўкі з паэмы «Тупікі». Цікава. Я ўзяў вершы для агляду. Зноў не давалі абвесткі і не рассылалі запрашэнняў.
3.01.1985. З Пугачоў паехаў у Валожын. У аўтобусе сустрэў Феліка Янушкевіча. Ён ехаў здаваць аналізы — едзе ў Японію на 20 дзён. Усю дарогу гаварылі. У раёнку на гэты раз прыехалі П. Бітэль, Г. Равінскі і А. Жылінская. Пятро Іванавіч падпісаў мне сваю кнігу. Казаў, што ніхто ў Вішневе не чакаў ад яго такой кніжкі, усе думалі: будзе маленькая кніжачка. Мы ўсе павіншавалі Бітэля з кнігай. Літаб’яднанне прайшло хораша.
12.03.1985. Са «Звязды» пайшоў на секцыю паэзіі ў Саюз пісьменнікаў, дзе (я не ведаў) разглядалі творчасць Пятра Бітэля. Прыйшоў Я. Янушкевіч з жонкай, на якую ўсе глядзелі і пасля пыталіся ў мяне, хто такая. На секцыі былі Р. Барадулін, В. Зуёнак, Р. Тармола, Я. Янішчыц, Т. Бондар, Р. Баравікова, У. Някляеў ды інш. Агляд паэзіі за мінулы год рабіла А. Сямёнава, добрым словам успомніла і мяне. Выступіла Т. Чабан. А 16 гадзіне быў жалобны мітынг памяці Чарненкі. Пасля зноў працягнулася секцыя. Па Бітэлю выступіла В. Коўтун, а пад канец — Янушкевіч, які не вельмі ўдала сказаў: «Калі Галубовіч, Шніп, Пісьмянкоў пачынаюць свой шлях, то Пятро Бітэль ужо закончыў свой жыццёвы шлях...» I стаў дзякаваць, што прынялі Бітэля ў Саюз. Аднак ён памыліўся, бо секцыя — гэта толькі пачатак да ўступлення ў СП...
16.03.1985. Пазваніў П. Бітэлю. Пятро Іванавіч сказаў, што хварэе сам і жонка. Закончыў сваю паэму і хоча пачытаць. Трэба будзе з’ездзіць. Казаў, што ніхто апошнім часам не прыязджае. Скардзіўся, што на яго кніжку нідзе не даюць рэцэнзій. Аднак Пятро Іванавіч не вельмі перажывае. Не будзе, кажа, перажываць, калі і ў СП не прымуць. М. Курыла яму часта звоніць, просіць парад, чытае вершы...
12.04.1985. У Вішневе быў у пачатку адзінаццатай гадзіны. П. Бітэль і яго жонка былі дома, чакалі мяне. Перакусіўшы добра, заселі з Пятром Іванавічам чытаць яго новую паэму «Тупікі», якую ён нядаўна закончыў. Назву будзе мяняць. Чыталі недзе гадзіны чатыры. Чыталі па чарзе. Затым Пятро Іванавіч павёў мяне па Вішневе. Паказаў царкву, якая была пабудаваная ў 1865 годзе, і касцёл XV стагоддзя. Узышлі на гару насупраць царквы. На гары былі калісьці могілкі. Кажуць, тут недзе і пахаваны Сымон Будны. Цяпер растуць маладзенькія сосны і шмат шыпшыны, якая якраз заквітнела. Прыгожа. З гары бачна ўсё Вішнева і наваколле. Пятро Іванавіч паказаў рэшткі крыжа — жалезная рэйка. Было іх тры — стаялі па адной лініі. Насупраць касцёла на гары сярод ліп — магіла невядомага польскага салдата, а раней ён быў пахаваны ля касцёла. Паглядзелі касцёл. На гары ёсць нейкая яма, ці то ад выбуху, ці то так ад чаго. У ёй расце шыпшына. Пайшлі да рэчкі Ашмянкі. Бачыў рэшткі млына. Пятро Іванавіч паказаў падмуркі былых яўрэйскіх дамоў. Наогул, у Вішневе было вельмі шмат яўрэяў, якія трымалі крамы і г.д. У вайну 1941—1945 гадоў Вішнева амаль усё згарэла, але яшчэ шмат яўрэйскіх дамоў. Старых, чорных, з дзвярыма адразу на вуліцу. Рэчка раней была большай, было шмат рыбы. Па драўляным і хісткім мосціку перайшлі на другі бераг. Схадзілі ў школу, дзе 11 гадоў Пятро Іванавіч працаваў. Там, дзе цяпер цір, раней было сховішча для сыроў, якія рабілі пры Польшчы. Была вялікая ферма. Хораша пахадзілі. Ад сонца мне крыху забалела галава. Ніна Пятроўна прапанавала паспаць. Паспаў, і стала весялей. Я чытаў Пятру Іванавічу вершы пра каханне. Гаварылі пра жыццё.
Читать дальше