Так, адрыў ад народна-фальклорнай глебы непазбежна будзе сказвацца на творчасці пісьменніка адмоўна, бо ён азначае не проста адсутнасць цікавасці да казак, песень, прыказак і іншых жанраў народнай паэзіі. За раўнадушнасцю да фальклору тоіцца абыякавасць да нацыянальнай духоўнай спадчыны ўвогуле, да мовы і культуры свайго народа, да лёсу гэтае мовы і гэтай культуры. Ну, а чаго варты творца, раўнадушны да лёсу роднай культуры, і на якое месца, на якую ролю ён можа разлічваць у духоўным жыцці нацыі — гэта ўжо, як-то кажуць, няхай кожны падумае сам. Справа ў тым, што заканамернасць тут вельмі жорсткая: не цэніш, не даражыш нейкай часткай духоўнага скарбу народа — значыць, не даражыш і ўсім скарбам. Бо гэты скарб — непадзельны, бо гэты скарб ёсць душа народа, а яна, як вядома, не дзеліцца, яна — адна. Як пісаў найвялікшы з вялікіх нашых песняроў: «Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю...»
Без духоўнага ўрастання ў гэтую спадчыну, без моцных каранёў у душы народа немагчыма пісьменніку выпрацаваць сапраўды народныя ідэйна-філасофскія, маральныя і эстэтычныя асновы сваёй творчасці. Той жа, хто глыбока цікавіцца народнай творчасцю, міжволі пускае карані ў глыб роднай зямлі, у глыб гісторыі свайго народа, становіцца на верны шлях да нацыянальнага самапазнання. У нашых умовах сувязь з народна-фальклорнай глебай, вернасць ёй — гэта вернасць нацыянальнай культуры, мове, народнаму духу ў самым шырокім значэнні слова. Сувязь з духоўнай спадчынай, з фальклорам — гэта адна з галоўных ніцей, якая звязвае пісьменніка з нашым мінулым, з нашай гісторыяй, гэта адзін з наймацнейшых рычагоў уздыму нацыянальнай гістарычнай самасвядомасці, а без такой самасвядомасці «Палескую хроніку» не напішаш. Не папішаш яшчэ і па той прычыне, што без гэтай сувязі, без гэтых ніцей, без гэтага духоўнага народнага грунту пад нагамі, у цябе не будзе і той мовы, якая неабходна для стварэння такой вялікай кнігі пра лёс народа (вялікай не па аб'ёму, канешне). Паважаны чытач, магчыма, ўжо заўважыў, што ў нашай беларускай літаратуры беднай, сухой, канцылярскай мовай вызначаюцца як правіла творы менавіта тых аўтараў, якія не грашаць асаблівай любоўю да фальклору, да народнай песні, прыказкі, прымаўкі. Затое, якая багатая, сакавітая, шматфарбная мова ў тых пісьменнікаў, якія, будучы глыбокімі даследчыкамі народнага жыцця, з'яўляюцца дасканалымі знаўцамі нацыянальнага быту і фальклору і якія бязмежна закаханы ў жывое народнае слова!
* * *
Якія ж сягоння вядомы шляхі і спосабы выкарыстання скарбаў фальклору, якія ступені фалькларызму ў літаратуры? Даследчыкі адзначаюць: а) запазычанне і выкарыстанне фальклорных сюжэтаў, матываў і асобных вобразаў — для вырашэння зусім арыгінальнай ідэйна-эстэтычнай задачы. (Значыць, тое, што датычыць зместу фальклору.); б) запазычанне і выкарыстанне сродкаў фальклорнай паэтыкі і мовы; в) розныя формы цытавання фальклору, уплятання ў арыгінальны твор фальклорных цытат; г) стылізацыя пад фальклор, поўная імітацыя фальклорнага твора.
Кожны з гэтых спосабаў можа мець свае вартасці, нават стылізацыя, з той агаворкай, што гэта апошняе,— задача вельмі цяжкая і даецца толькі буйным талентам (прыклады геніяльнай стылізацыі — казкі А. Пушкіна, «Песнь о купце Калашникове» М. Лермантава, песні А. Кальцова і М. Някрасава, некаторыя вершы М. Багдановіча, песні Ф. Багушэвіча).
У якой бы ступені ні выкарыстоўваўся фальклор, што б з яго ні бралася,— тут важна адно: гэта выкарыстанне не павінна быць механічным, бо механічнае, хоць і віртуознае,— гэта анахранізм; твор — анахранічны, калі ў ім не адчуваецца эмацыянальна-псіхічнага вопыту нашага сучасніка, калі гэта — толькі фальклорная экзотыка. У гэтым плане я лічу слушнымі словы латышскага паэта І. Аузіня: «Усякі паэт у большай ці меншай меры адчувае этычны, эстэтычны, ідэйны патэнцыял фальклору. Але калі гэты патэнцыял разглядаецца па-за сучасным кантэкстам, пачынаецца фетышызацыя фальклору» [ 9 9 Вопросы литературы, 1977, № 6, с. 92.
].
Выкарыстанне фальклору патрабуе высокага майстэрства, бо фальклор і літаратура — дзве розныя эстэтычныя сістэмы, спалучыць якія немагчыма. «Такое развіццё вобразаў, як у пісьменнай літаратуры,— піша І. А. Асавецкі,— у фальклоры прынцыпова немагчымае, адступленне ад прынцыпу таясамасці ёсць адступленне ад мастацкасці, і гэта пастаянна трэба мець на ўвазе пры выкарыстанні фальклору». І далей: «Вобразам фальклору нельга прыпісваць чаго-небудзь, што ляжыць па-за комплексам вякамі склаўшыхся характарыстык гэтых вобразаў. (...) Стабільнасць сістэмы вобразаў фальклору, традыцыйнасць яго паэтыкі і мастацкіх сродкаў арганічна звязаны з мовай фальклору, якая ўяўляе сабой таксама стабільную сістэму, што розніцца ад мовы нефальклору» [ 10 10 Языковые процессы современной русской художественной литературы. Поэзия. М., 1977, с. 152—153.
]. Пакідаючы ўбаку выпадкі фальклорнай стылізацыі (яна падуладна, паўтараю, нямногім), ідэальным я лічу такое выкарыстанне фальклору, калі слядоў гэтага выкарыстання не відаць ці ва ўсякім разе мы, чытачы, іх не заўважаем, яны не кідаюцца нам у вочы, не выпіраюць. Я за тое, каб у фальклоры як мага больш вучыцца, але як мага менш непасрэдна запазычаць і пераймаць. Вучыцца ж — значыць глыбока зразумець і засвоіць ідэйна-эстэтычную сістэму фальклору, пранікнуць у глыбіні яго духу, зместу, прайсці яго школу так, каб ён стаў арганічнай часткай тваёй унутранай культуры, тваёй духоўнай базы, якую ты ўвесь час узбагачаеш. Як гэта мы бачым у нашых класікаў Купалы, Коласа, Багдановіча, у Куляшова, Танка, Панчанкі і іншых выдатных паэтаў.
Читать дальше