Ёсць у літаратуры таленты больш значныя, моцныя, яркія, самабытныя, творчасць якіх карыстаецца шырокай вядомасцю і папулярнасцю, удзел якіх у духоўным і культурным жыцці грамадства вельмі прыкметны і адчувальны. І ўдзячныя чытачы выказваюць ім сваю глыбокую павагу.
І ёсць, нарэшце, пісьменнікі такога мастацкага дару, такога маштабу і значэння, што іх імёнамі гісторыкі літаратуры пазначаюць пазней цэлыя эпохі ў культурным развіцці нацыі. Так мы сёння і гаворым, што гэта была эпоха Францішка Багушэвіча, або — эпоха Купалы, Коласа і Багдановіча, або — эпоха Гарэцкага і Чорнага. Менавіта імёны такіх пісьменнікаў у першую чаргу выводзяць нацыянальную літаратуру, а праз літаратуру — і свой народ, свой край — у вялікі свет, заваёўваюць для яе сусветнае прызнанне. Творчасць такіх пісьменнікаў — гэта звычайна новы этап у развіцці літаратуры, новая, больш высокая ступень у мастацкім асваенні рэчаіснасці. Такім пісьменнікам ужо бываюць удзячны і выказваюць вялікую пашану (здараецца і пры жыцці, а часцей — пасля смерці) не толькі суайчыннікі, але і чытачы розных краін і народаў, бо значэнне іх творчасці выходзіць далёка за межы нацыянальныя.
Да ліку такіх волатаў мастацкага слова належыць, па майму перакананню, пісьменнік Іван Мележ. З яго пачынаецца новы этап у развіцці нашага мастацкага слова. Так, як мы, характарызуючы гістарычны шлях беларускай прозы, гаворым: да Коласа і пасля Коласа, да Чорнага і пасля Чорнага, так мы будзем гаварыць: да Мележа і пасля Мележа. Вядома, побач з ім працавалі і іншыя таленавітыя празаікі, якія падтрымлівалі новы эстэтычны ўзровень нашай літаратуры, але ён сярод іх — буйнейшы, яго постаць вылучалася маштабнасцю задуманага і здзейсненага.
Калі мы акінем агульным позіркам напісанае Мележам, мы ўбачым, што ўся яго творчая ўвага была сканцэнтравана на вельмі важных, паваротных, я сказаў бы — лёсавызначальных момантах у гісторыі народа і Бацькаўшчыны. Але выбар вялікіх тэм сам па сабе, зразумела, не забяспечвае паяўлення вялікай кнігі. Усё залежыць ад глыбіні пранікнення ў гэты эпахальны матэрыял — глыбіні сацыяльнай, філасофскай, ідэйна-палітычнай, ад мастацкай сілы і яркасці створаных чалавечых вобразаў і паўнаты выяўлення ў іх тыповых рыс нацыянальнага характару, ад вышыні маральных і эстэтычных ідэалаў пісьменніка, ад псіхалагічнай пераканаўчасці і выверанай дакладнасці слова.
«Палеская хроніка» Мележа таму і стала вялікай кнігай нашай літаратуры, што ўсё гэта ў ёй ёсць. Гэта кніга не якогасьці прыватнага, хаця б і істотнага, значэння і месца ў літаратуры, не з тых, што прыкладаюцца да больш значных і дапаўняюць тым самым агульную карціну. Гэта кніга магістральнага месца і значэння — гэта да яе прыкладаюцца іншыя добрыя і нават выдатныя кнігі, каб, дапоўніўшы, стварыць агульную карціну сучаснай нацыянальнай літаратуры. Таму што гэта кніга пра лёс народа. Таму што яна не проста вялікая, а — вялікая беларуская кніга: у большай ступені беларуская, чым якая-небудзь іншая з выдатных кніг пасляваеннага перыяду. Таму што чытач любой краіны, любога кутка свету найлепш на гэтай кнізе можа ўбачыць і ўявіць Беларусь, адчуць і зразумець душу беларуса, яго нацыянальны характар. Не месца тут удавацца ў падрабязны разбор твора з гэтага пункту гледжання, зазначу толькі, для пацвярджэння, што, напрыклад, з усіх вобразаў беларускай жанчыны, створаных нашымі пісьменнікамі, вобраз Ганны Чарнушкі па сённяшні дзень застаецца самым праўдзівым, самым прывабным у сваёй фізічнай і духоўнай прыгажосці, самым высокім і ў той жа час даступным, зразумелым, блізкім і дарагім у сваёй глыбокай чалавечай сутнасці. Ужо адной гэтай заслугі Мележа досыць, каб яго імя заняло ў гісторыі беларускай літаратуры адно з самых пашаноўных месц.
Мележ быў у найбольшай ступені, чым хто іншы з нашых сучасных празаікаў, беларускі пісьменнік, беларускі ва ўсім, што ім напісана: ці гэта вялікі раман, ці невялікае апавяданне, ці артыкул аб літаратуры, ці проста кароценькае пісьмо вучням вясковай школы аб тым, як трэба берагчы і шанаваць найвялікшы скарб народа — родную мову. У гэтым таксама — яго неацэнны ўрок і запавет нам, сучаснікам, і вядома ж — нашым нашчадкам, што будуць жыць, чытаць і самі тварыць заўтра.
* * *
Напрадвесні 1954 года камісія па рабоце з маладымі Саюза пісьменнікаў Беларусі абмяркоўвала творчасць невялічкай групы аўтараў на прадмет іх рэкамендацыі ў Саюз. У спіску, абвешчаным у запрашэнні, значылася і маё імя. Першы, хто ўзяў слова, калі я, хвалюючыся, прачытаў свае вершы, быў Мележ. Дзённік, які, хоць і не рэгулярна, вёў я ў студэнцкія гады, захаваў змест яго выступлення. «Таварышы, я не буду падрабязна спыняцца на разглядзе вершаў, і наогул не буду гаварыць многа. Я скажу толькі адно: у гэтага маладога паэта я веру...» Як зараз бачу: ён сядзіць непадалёк ад акна, амаль на покуці, і, гледзячы на мяне, усміхаецца той асаблівай мележаўскай усмешкай, не паддацца якой і не адазвацца сэрцам на якую проста немагчыма. Столькі ў ёй шчырай прыязні і цеплыні, столькі мяккага душэўнага святла і сяброўскага даверу!..
Читать дальше