Гледзячы, як закон наш калоссямі спеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песню далі і неба таксама я пеў...
Сявец сваіўся з сонцам — радніўся з ім, уступаў у блізкія сваяцкія адносіны. Як хораша па сэнсу, як смела і як па-беларуску гэта сказана!
Адзначым яшчэ такія дзеясловы, як харашыць і ахарашыць — сінонімы да ўпрыгожыць, аздобіць, прыбраць.
Годзе, жытцо маё, годзе, наспелае,
З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;
Годзе шумеці думкі нясмелыя,
Годзе загоны сабой харашыць!
Слёз нап'ецца сваіх да адвалу,
Кроў свая ахарошыць квяціста.
Смелай вынаходлівасцю характарызуюцца і створаныя Купалам прыметнікі, дзеепрыметнікі, прыслоўі, якія ў вершах з'яўляюцца мастацкімі эпітэтамі — свежымі, каларытнымі, запамінальнымі. Мы ведаем, напрыклад, прыметнік адвечны — Купала не баіцца нарасціць суфікс і атрымаць адвечністы: у вершы «Над Іматрай» хвалі «адвечністым шумам калышуць прастор». Агульны сэнс азначэння не змяніўся, але ў самім гучанні ўлоўліваецца нешта новае — як бы прыбавілася нейкай важкасці, урачыстасці,— таго мікраэлементу, які ў сукупнасці з такімі ж іншымі і ўтварае паэзію.
Па ўзору адвечністы ўтвораны эпітэты святлівы: лясная царэўна «твар мела святлівы, як неба ўзор»; лісцясты: «Паслухай музыкі лісцястай; пакоцісты: «Шум пакоцісты нясецца» і інш. Характэрнымі для Купалы з'яўляюцца такія нязвыклыя формы прыметнікаў, як перагібны: «мяне стан звабіў перагібны»; негадзівы: «суд негадзівы жаласць-гадзюка судзіць над шчырай слёзаў малітвай»; нядольныя: «вырвіце думкі нядольныя»; грайкія: «жальцеся, грайкія струны»; жыўчыя: «асыпае з сябе жыўчых росак ваду»; саколія: «мець бы мне крыллі саколія»; жалязяная: «ён рыдлёўку сваю жалязяную кавалю пацягнуў, паказаў»; бунтаўнічая: «для свята волі бунтаўнічай»; цямняцкае: «цямняцкае ігрышча з сухотніцай вядзе» і інш.
Іх даволі многа, падобных эпітэтаў, і ў паэтычнай стылістыцы Купалы яны адыгрываюць вельмі істотную ролю. Паспрабуйце замяніць гэтыя азначэнні звыклымі, агульнапрынятымі, літаратурнымі формамі — і вы адразу адчуеце, як паблекне, збяднее непаўторны каларыт купалаўскага радка.
Сказанае цалкам стасуецца і да вялікай колькасці самабытных купалаўскіх назоўнікаў, утвораных самымі рознымі спосабамі і ад самых розных часцін мовы. Падаць тут іх усе няма ніякай магчымасці, таму абмяжуемся толькі некалькімі наступнымі прыкладамі, якія, на наш погляд, у дастатковай ступені вызначаюць кірунак і характар моватворчых пошукаў паэта ў галіне назоўніка.
Пачнём, можа быць, з самага арыгінальнага і цікавага. У вядомым вершы «Адцвітанне», поўным чароўнай музыкі і якогасьці таямнічага, дзівосна-казачнага хараства, чытаем:
Не іскрыцца небазор,
Не цвіце трава-чабор,
Не цыгліць птушыны стан...
Адчуваем, што слова небазор у вершы вельмі дарэчы, на сваім месцы. Але што яно азначае? І як утворана? Ці тут другая частка — зор — ад зоры, зоркі, і тады небазор трэба разумець як зорнае неба (неба ў зорах), ці зор выведзена ад азіраць (супастаўце — зрок, зрэнка, белазоры — у значэнні «чалавек з вялікімі бялкамі ў вачах»), і небазор трэба разумець як небасхіл, небакрай (па аналогіі з далягляд, краявід, дзе маюцца карані слоў глядзець, відзець — сінонімаў да азіраць). Нам асабіста больш верагодным, больш лагічным здаецца іменна гэты, другі — падсвядомы, спантанны — «выбліск» мысліцельнай энергіі паэта. Хаця зусім мажліва (падобная сітуацыя ўжо адзначалася намі і раней), што і зоры тут былі «пры чым»: і яны — самім сваім гучаннем — падштурхнулі думку аўтара ў гэтым кірунку і падмацавалі вывад (неба і зоры ў нашым уяўленні — непадзельныя) .
Вельмі цікавымі здаюцца нам такія купалаўскія наватворы, як узгор, розгалас, дзяніна, сасніна, выклічына, прасветачы, прыселле, вечнабыт, праяснасць, яснавіца, спрадлетаў, туляч, мазольны, чужыншчына, дармажэрца.
Узгор («І як жа міл дзірванчык цішы, спакою дзіўнага узгор») — усечаная форма назоўніка ўзгорак, сінонім да гэтага слова, як і да слоў пагорак, прыгорак, горка. Але ў самой форме ўзгор заключана — прынамсі, нам так здаецца — трохі іншае эмацыянальна-сэнсавае адценне: узгор успрымаецца і ў больш шырокім і больш абстрактным, пераносным значэнні як узвыш, узвышша (узгор — узвыш), як нейкае духоўнае і маральнае ўзвышэнне. Гаворка ж ідзе пра сельскія могілкі, дзе лірычнаму герою хаця і горка, але так чыста і высока думаецца, «дзе крыж і страшыць і галубіць, слязой дзе кожын дол абмыт», дзе «агул жыцця ўсяго абоймеш, друзы пагод і непагод, зямлю і неба ў рукі возьмеш,— і ў гэты край зляціць паглёд». У такім кантэксце ўзгор — а не канкрэтнае, звыклае ўзгорак, пагорак — несумненна больш адпавядае ўсяму зместу і настрою верша.
Читать дальше