Зърнете през нашто изгнило плетигде,
и може би вам ще настръхиат космите!
Елате ни вижте!
У Лугаўскога:
Вот когда бы к нам вы заглянуть посмели,
страшно б испугались вы за свой достаток!
Вы бы поглядели!
Прапала, знікла і «изгнило плетище», і асабліва гэта «пастръхнат космите» (валасы стануць дыбам) — зніклі ўразлівыя зрокавыя вобразы, замест іх — бледныя, нявобразныя, невыразныя радкі. Да таго ж недакладныя на сэнсу: у Вазава — валасы б сталі дыбам ад жаху, ад таго, што ўбачылі б за гнілым плятнём, у перакладчыка — спужаліся б за свой дастатак.
Чытаючы пераклады, нават выкананыя буйнымі майстрамі паэзіі, я дастаткова пераканаўся, што да формы арыгінала трэба быць крайне ўважлівым, бо ў сапраўднай паэзіі няма дробязей, усё істотна, усё важна, усё павінна быць улічана. Мы часта гаворым аб павазе да слова, аб уважлівым стаўленні да кожнага радка арыгінала. Вядома, павінна быць толькі так. Асабіста мне як перакладчыку зразумець гэту ісціну нямала памагла і памагае балгарская крытыка. У прынцыпе я лічу, што паэт-перакладчык абавязан чытаць як мага больш крытычных прац, разбораў творчасці аўтараў, якіх ён перакладае. Спашлюся на адзін прыклад. У тым жа геніяльным вершы Боцева «Хаджы Дзімітр» ёсць радок, які мы ўсе помнім:
Жътварка пее нейде в полето.
Вось што пісаў пра гэты: радок Атанас Далчаў — адзін з самых тонкіх крытыкаў у балгарскай літаратуры, хаця на гэта званне ён і не прэтэндуе. «Паэзія часта трымаецца на нічым ці на зусім нязначных дробязях; дастаткова адняць адно слова, каб адразу пагаслі ўсе колеры яе вясёлкі. Выкіньце, напрыклад, слова «пейце» з боцеўскага радка:
Жътварка пее нейде в полето —
і вы страціце адначасова з ім перспектыву, ясны і глыбокі прастор гэтага горнага пейзажу, аднаго з самых балгарскіх, якія ёсць у нашай паэзіі».
Так, незвычайнае пачуццё слова ў Атанаса Далчава! Не згадзіцца з ім немагчыма. Вельмі трапнае назіранне!.. І ўкраінскі і рускі перакладчыкі не маглі ў свой час ведаць гэтага назірання Далчава, яго проста яшчэ не было тады, калі яны перакладалі «Хаджы Дзімітр». Але калі б яны ведалі гэта выказванне, яны, канешне б, палічыліся з ім. Сёння іх пераклады гэтага радка гучаць так. У Паўла Тычыны:
У полі — чути — жниця співае...
Усё — боцеўскае, акрамя — «чути». Замест «пейце» — «чути». І трэба ж так, каб выпала з радка іменна гэта незамянімае слова «нейде»! Але радок гучыць нядрэнна, таму што «чути» мае сэнс няпэўнасці — недзе. У Суркова — горш, таму што не толькі прапала «нейде», але ўвогуле карціна ў гэтым радку скажона:
Жнея по полю проходит с песней.
«Проходит с песней» — гэта, шчыра кажучы, зусім не тое, гэта разбурае ўсю карціну. Гэта — не боцеўскае, не з «Хаджы Дзімітра». Да таго ж — не адпавядае рэчаіснасці: жняя спявае працуючы або стоячы, а не праходзячы полем. Успомнім знакамітую карціну «Пеещи жътварки» («Жнеі пяюць») Уладзіміра Дзімітрова Майстара. «Проходит с песней» — гэта гучыць занадта лёгка, нават неяк святочна, нібы размова ідзе пра маніфестацыю на плошчы або бульвары, і таму — не вяжацца з вобразам занятай непасільнай знураючай працай жняі. Потым: ранены герой, у якога «очи темнеят, глава се люшка», не можа бачыць, стаіць ці праходзіць жняя, ён толькі чуе, што яна недзе пяе. Вось як помсціць нават мнагавопытнаму перакладчыку няўважлівае стаўленне да паэтычнай сутнасці арыгінала!
На заканчэнне, я хацеў бы выказаць сваю думку аб творчых магчымасцях перакладчыка. У друку я неаднойчы сустракаў катэгарычныя сцвярджэнні, што адзін паэт не можа перакладаць многіх, але — толькі па выбару, блізкіх сабе па характару творчасці, па почырку і г. д. Калі ж паэт перакладае многіх, прычым — розных, непадобных між сабой аўтараў, то гэта ўжо, маўляў, несур'ёзна, гэта — «усеяднасць», поспеху тут не чакай.
Асабіста я перакапаны, што адзін і той жа перакладчык можа перакладаць добра паэтаў многіх і розных. Калі ў яго вялікія здольнасці да творчага пераўвасаблення — можа! Тэарэтыкі мастацкага перакладу даўно і справядліва параўноўваюць мастацтва перакладчыка з мастацтвам акцёра. Так, параўнанне гэта вельмі слушнае. Перакладчык, як і акцёр, павінен спасцігнуць, як можна глыбей, ідэйна-эстэтычную сутнасць арыгінала і ўзнавіць яе сродкамі сваёй нацыянальнай мовы ў тым жа і адначасова ў новым абліччы. Сіла і значнасць акцёра залежаць ад яго здольнасці да пераўвасаблення: чым большыя гэтыя здольнасці — тым ён мацнейшы і буйнейшы як акцёр. Калі акцёр усё жыццё на сцэне выступае ў адным і тым жа амплуа — няхай нават і вельмі таленавіта,— мы гаворым у такім выпадку аб абмежаванасці яго таленту. Куды цікавейшы акцёр як з'ява, калі ён з вялікім майстэрствам пераўвасабляецца ў дзесяткі вобразаў — зусім непадобных, розных, нават процілеглых па характару. Дакладна гэтак жа трэба ацэньваць і талент перакладчыка. Вялікі беларускі паэт Аркадзь Куляшоў пераклаў на родную мову — выдатна, бліскуча пераклаў! — «Яўгенія Анегіна» і «Спеў аб Гаяваце», кнігу паэзіі Лермантава і «Анну Снегіну» Ясеніна, поўную народнага гумару «Энеіду» ўкраінскага класіка Катлярэўскага і зборнікі лірыкі сваіх сучаснікаў Малышкі, Гамзатава, Куліева, Луконіна. Каго ён пераклаў лепш? Нельга адказаць выбарча: усіх — хораша, г. зн. кожнага ў асобку хораша. Значыць, проста ёсць розныя перакладчыкі, розных магчымасцей. Калі хто здольны перакладаць толькі паэтаў аднаго плану — на здароўе! Але чаму трэба лічыць заслугай і перавагай абмежаванасць здольнасці да пераўвасаблення?
Читать дальше