Асабліва шмат такіх нагляданняў у кнізе пра Аляксея Кулакоўскага, якая належыць да лепшых, найбольш грунтоўных крытыка-біяграфічных нарысаў, выдадзеных у тыя гады.Зразумела, Гусак мусіў пісаць як пра няўдачу пра самую вострую і шчыра праўдзівую аповесць Кулакоўскага «Дабрасельцы», бо яна тады афіцыйна лічылася ідэйна заганнай якраз за тое, што пісьменнік там сказаў нямала горкай праўды пра савецкія парадкі. Але затое крытык шмат добрага знайшоў у некаторых апавяданнях пісьменніка, сапраўды лепшых, у аповесцях «Да ўсходу сонца» і «Нявестка», у дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях».
Вызначаючы мастакоўскую своеасаблівасць празаіка, Гусак слушна пісаў: «З першых крокаў сваёй літаратурнай дзейнасці Кулакоўскі заявіў сябе бытапісцам. Арыентацыя Кулакоўскага на быт чалавека была адной з прычын, якая аслабляла навуковую цікавасць да яго творчасці. Звязаная з бытам літаратура ва ўмовах, калі заахвочвалася ўяўная манументальнасць мастацтва слова, калі лічылася няёмкім гаварыць аб надзённых патрэбах чалавека, разглядалася як літаратура другога эшалона, ніжэйшага гатунку. Насцярожанасць да мастацкага асэнсавання штодзёншчыны, быту адчуваецца ў нашай літаратуры і крытыцы і зараз; будзёншчыны, па словах Янкі Брыля, “усё яшчэ баяцца і тыя, што пішуць, і тыя, што вучаць пісаць”».
У бытапісцу часам схільны бачыць пісьменніка, які толькі і здольны, што паслядоўна, крок за крокам, з этнаграфічнай дакладнасцю апісваць прадметы хатняга ўжытку, сямейнае жыццё, норавы і звычкі людзей і іх нейкай застыласці, ізаляванасці ад жыццёвых бур. Бытавая плынь твора пры гэтым разглядаецца як перашкода стварэнню значных чалавечых характараў».
Крытык паслядоўна абвяргае такі падыход, даводзячы канкрэтным аналізам твораў Аляксея Кулакоўскага, што «праз быт пісьменнік ідзе ў свет вялікага жыцця, дзе сутыкаюцца маральна-этычныя, грамадска-палітычныя і філасофскія праблемы». Гэта асноўная ідэя даследавання, рэалізаваная ў кнізе пра Кулакоўскага ў цэлым паспяхова.
І невыпадкова, што кнігу Гусака Аляксей Кулакоўскі цаніў высока. Мне даводзілася чуць ад яго словы шкадавання, што быў добры крытык, які зацікаўлена і з разуменнем даследаваў яго творчасць, ды рана памёр...
Пра тое, якую страту панесла беларускае літаратуразнаўства з-за дачаснай смерці Гусака, спрабаваў сказаць і я ў некралогу, які за сваім подпісам надрукаваў у «Весніку БДУ» (1970, № 2). А ў самім факце, што наш «Веснік» даў гэты некралог, адгукаючыся жалобным словам на смерць рэктара Брэсцкага педінстытута, таксама было сведчанне павагі да памяці Сяргея Гусака, да таго, што звязвала яго ў свой час з нашым універсітэтам, філфакам і кафедрай беларускай літаратуры.
2001 г.
ГОЛАС ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЫЎ ДЛЯ ЯГО ЗВЫКЛЫ
(штрыхі згадак пра Віктара Антонавіча Каваленку)
А дна з ранніх кніг Віктара Каваленкі мае назву «Голас чалавечнасці» (1970). Загаловак па-свойму сімвалічны і разам з тым дакладны ў прамым, літаральным сэнсе — у гэтай невялікай, але змястоўнай манаграфіі прасочваюцца гуманістычныя матывы ў беларускай літаратуры. Напісана праца з тагачасных афіцыйных ідэалагічных пазіцый. Аднак цэлы шэраг канцэптуальных тэзісаў з той кнігі захоўвае сваю актуальнасць і цяпер. Прыгадаю хоць бы наступныя выказванні аўтара: «Сапраўднае мастацтва і літаратура — гуманістычныя па сваёй сутнасці, па сваіх задачах і мэтах. Адступленне ад гуманізму ніколі не застаецца непакараным, яно абавязкова выклікае скажэнне саміх эстэтычных асноў і прынцыпаў». Гуманістычная па духу літаратура — «залаты фонд чалавечай культуры». «Колас у паэме “Новая зямля” паказаў, што багацце, зямля, задавальненне хоць бы самых звычайных, натуральных патрэб народа — гэта першая і самая важная аснова яго духоўнага прабуджэння і развіцця яго чалавечнасці. Народ, які асуджан на вечную галечу, асуджан і на духоўны заняпад. Калі клопат пра кавалак хлеба забірае ўсю энергію чалавека, то адкуль могуць узяцца ў яго сілы для духоўнай творчасці, для інтэлектуальных пошукаў? Таму ідэя зямлі ў паэме Коласа была гуманістычнай». З такімі разважаннямі можна выходзіць на людзі і сёння.
Пазней, у палемічным запале, В. Каваленка будзе не раз адмаўляць відавочную залежнасць магчымасці духоўнага і інтэлектуальнага развіцця чалавека ад яго нармальнай матэрыяльнай забяспечанасці.
Сам зварот Віктара Каваленкі да вывучэння гуманістынага зместу літаратуры таксама вельмі характэрны менавіта для гэтага даследчыка, бо ён звычайна кіраваўся гуманістычнымі прынцыпамі і ва ўласным жыцці. Голас чалавечнасці быў для яго вызначальны, арганічны і звыклы. Збоі ў гэткайнакіраванасці калі і здараліся (хто з нас зусім бязгрэшны?), дык былі рэдкімі выключэннямі. Сваёй чалавечнасцю В. Каваленка прывабліваў многіх людзей, а ягоны неаспрэчны талент літаратуразнаўцы і крытыка, які настойліва змагаўся за сумленную, праўдзівую літаратуру, забяспечваў яму павагу з боку лепшых беларускіх пісьменнікаў.
Читать дальше