Гэтым артыкулам тады фактычна падводзілася нейкая рыса пад нашымі спрэчкамі. Спрэчкі тыя зацягнуліся. І вяліся яны, як бачыцца цяпер, з перахлёстамі з абодвух бакоў. Самі пісьменнікі, пра творчасць якіх мы найбольш спрачаліся, скажам, В. Быкаў ці В. Казько, глядзелі на нашу палеміку спакойна, не ўмешваючыся, бо значнасць твораў мастакоў не ставілі пад сумненне ні Каваленка, ні я. А калі канкрэтная трактоўка некаторых аспектаў у нас разыходзілася, дык пісьменнікам шкоды ад гэтага не было. Хутчэй наадварот, спрэчка вакол іх твораў толькі павялічвала чытацкую цікавасць.
Думаецца, што палемічны запал прыцягваў увагу і да саміх нашых артыкулаў, асабліва тады, калі спрэчкі толькі пачыналіся.
Сыр-бор найбольш разгарэўся з-за маёй публікацыі «Пошукі новых падыходаў». Гэта была зноў разгорнутая рэцэнзія (яна перарасла ў ладны артыкул) на кнігу В. Каваленкі «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» (1981). Рэцэнзію мне заказалі ў «ЛіМе». І я ўзяўся пісаць яе з намерам толькі пахваліць кнігу сябра, падараваную мне з аўтографам: «Дарагому Дзіму — майму сябру, лепшаму дарадчыку і субяседніку, з якім я люблю сустракацца, сардэчна. 5. 01. 81 г. В. Каваленка». Але «лепшы дарадчык і субяседнік» на гэты раз моцна падкачаў. Праўда, у пачатку рэцэнзіі я пахваліў першую Каваленкаву кнігу «Пошукі і здзяйсненні», зазначыўшы, што яна «і на сённяшні дзень [1981 год] застаецца лепшай працай пра Бядулю», і «тры ёмістыя, важкія значнасцю выказаных у іх думак зборнікі крытычных артыкулаў — «Давер» (1967), «Прага духоўнасці» (1975), «Жывое аблічча дзён» (1979)», назваў змястоўнай манаграфію пра І. Шамякіна, выдадзеную ў Маскве (1979) і Мінску (1980), згадаў і ўсе іншыя абсягі даследчай працы В. Каваленкі, яго кнігі, асабліва вылучыўшы ўжо ўпамінаныя «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць». Пра самі «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» таксама выказваўся ў цэлым пахвальна, як пра маштабнае даследаванне з новай для нас праблематыкай, у якім у святле выбранай аўтарам праблемы разглядаецца ўся наша літаратура — «ад яе старажытнымх вытокаў да сённяшніх дзён. І гэты разгляд дазволіў даследчыку зрабіць многія цікавыя і значныя высновы, па-новаму прачытаць нямала старонак беларускай літаратурнай гісторыі». Здаецца, тон узяты дастаткова высокі. Ды і сам загаловак «Пошукі новых падыходаў» меў на ўвазе падкрэсліць неардынарнасць кнігі. Але час паказаў, што ўсёй яе значнасці я ў пэўнай меры не адчуў.
Сярод больш-менш аб’ектыўных крытэрыяў ацэнкі навуковых прац ёсць і такі: як часта спасылаюцца на іх у друку. Па гэтым паказчыку Каваленкавы «Міфа-паэтычныя матывы.» займаюць трывалае месца ў шэрагу самых выдатных літаратуразнаўчых прац беларускіх вучоных.
Закончаны мой артыкул пра манаграфію сябра зноў на высокай аптымістычнай ноце: «Хачу з усёй выразнасцю падкрэсліць, што для аўтара кнігі пра міфа-паэтычныя матывы характэрныя пошукі новых падыходаў у вывучэнні беларускай літаратуры. І яго кніга пры ўсёй супярэчлівасці асобных яе палажэнняў вызначаецца не толькі навізной, але ў цэлым і добрай абгрунтаванасцю асноўнай канцэпцыі. Няма сумнення, што яна выкліча грамадскую цікавасць і дасць новыя імпульсы нашаму літаратуразнаўству, магчыма, яшчэ больш значныя, чым ранейшыя працы гэтага арыгінальнага і вельмі таленавітага даследчыка».
Гэты прагноз апраўдаўся напоўніцу. Але ж у маім артыкуле было нагаворана шмат такога, што аўтара кнігі ўзрадаваць не магло. Я ўвогуле лічыў, што ніякае сяброўства не вызваляе крытыка ад абавязку быць шчырапраўдзівым ва ўсім, што ён сцвярджае, бо толькі яго шчырае слова, народжанае ўласным бачаннем жыцця і літаратуры, можа мець нейкую цану і грамадскую значнасць, вядома, калі гэтае слова не зводзіцца да пустой тарабаршчыны, а схоплівае нешта істотнае ў той з’яве, якой яно датычыцца. Хваліць жа, няхай і з сяброўскіх меркаванняў, тое, што на самой справе табе не падабаецца, я лічыў недапушчальным, мяркуючы, што з непраўдзівасці ды няшчырасці, а па сутнасці крывадушнасці пачынаецца кан’юнктуршчына і прыстасавальніцтвва, небяспечныя не толькі ў палітыцы, але і ў літаратуры, у мастацтве і любых іншых сферах чалавечай дзейнасці.
Літаратурная палеміка, вынесеная і ў друк, але, канечне ж, абгрунтаваная, канкрэтная і не разлічаная на знішчэнне апанента, таксама ўяўлялася мне з’явай нармальнай. В. Каваленка, здаецца, таксама трымаўся блізкіх поглядаў. Словам, у тэорыі тут у нас былі яснасць і згода. А на практыцы так атрымлівалася не заўсёды, бо ёсць жа ў жывых людзей самалюбства, амбіцыі, увогуле эмоцыі, закранаць якія (ды яшчэ публічна) бывае рызыкоўна. А я ў сваім артыкуле з нагоды «Міфа-паэтычных матываў...» спрэчцы аддаў залішне багата ўвагі і самой друкаванай плошчы.
Читать дальше