В. Каваленка».
Шчырым, сардэчным чалавекам з вялікім гуманістычным патэнцыялам ён заставаўся да канца сваіх зямных дзён. Як многа значыла для мяне ягонае сяброўства, я па-сапраўднаму адчуў, калі Віктар Антонавіч пайшоў ад нас назаўсёды. Крыху раней памёр Мікола Васілеўскі. З усёй нашай сяброўскай тройкі цяпер застаўся я адзін. І скрухай поўніцца маё сэрца. Непапраўна балючыя страты ідуць адна за адной. Зусім нядаўна з вялікай народнай жалобай пахавалі Васіля Быкава, магутнага пісьменніка і ўнікальнага па аўтарытэтнасці і душэўнай далікатнасці чалавека, у якога гэтая далікатнасць спалучалася з непахіснасцю маральна-этычных прынцыпаў нязломнага барацьбіта. Ад яго невымернай душэўнай цеплыні нямала ласкавых промняў перападала і мне яшчэ з часоў «Жураўлінага крыку» і аж да гэтага трагічнага для беларускай літаратуры года, які забраў ад нас Васіля Уладзіміравіча ў вечнасць. А мы на грэшнай зямлі папраўдзе асірацелі.
Вельмі балюча было траціць Лынькова, Мележа і Дубоўку, Танка, Панчанку і Янішчыц, Алеся Адамовіча і Чыгрынава, з якім мяне таксама звязвала блізкае і трывалае сяброўства.
А сяброўства з Каваленкам і Васілеўскім вылучалася яшчэ і тым, што мы равеснікі, у літаральным сэнсе прадстаўнікі аднаго пакалення. І гэта таксама істотная рэч.
Не хацелася б скардзіцца на лёс, бо ён пры ўсіх пературбацыях складваўся ў мяне ўсё ж шчасліва. І яшчэ застаецца нямала добрых і выдатных людзей найперш з пісьменніцкага і навуковага асяроддзя, якім я шчыра ўдзячны за прыхільнасць, добразычлівасць, спагаду і падтрымку. Але адсутнасць самых блізкіх сяброў маладосці адчуваецца ўсё больш востра. Іх страта ўспрымаецца як незагойная рана. Суцешыцца, згадваючы Віктара Каваленку, застаецца хіба тым, што яго голас чалавечнасці ў нашай крытыцы, у літаратуразнаўстве гучыць выразна, моцна і надзейна і будзе яшчэ доўга патрэбны людзям, не абыякавым да Беларусі і яе нацыянальнай культуры.
2005 г.
НАТУРА БАРАЦЬБІТА
(жменя ўспамінаў пра Уладзіміра Калесніка)
Уладзіміра Андрэевіча Калесніка я трохі ведаў яшчэ з 50-х гадоў мінулага стагоддзя, бо вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага, з якім Калеснік быў трывала звязаны працяглы час. Ён атрымліваў тут і вышэйшую адукацыю, і аспіранцкую падрыхтоўку, быў блізкім сябрам Ф. М. Янкоўскага, часта наведваў яго ў педінстытуцкім інтэрнаце на вуліцы Кірава. Мне таксама давялося правесці ў гэтым інтэрнаце тры аспіранцкія гады і якраз у той перыяд, калі там жыў Янкоўскі. Пакоі ў нас, вядома, былі розныя, але размешчаныя на адным паверсе і з выхадам у адзін калідор. Таму выпадковыя сустрэчы з Янкоўскім здараліся нярэдка. Калі-нікалі трапляўся з ім і Калеснік. Яны абодва ўжо тады вылучаліся сваёй відавочнай сталасцю, мелі за плячыма вопыт узброенай барацьбы з гітлераўскім фашызмам, словам, яўна адрозніваліся ад яшчэ зялёных і ў многім легкадумных аспірантаў майго ўзросту, але ставіліся да нас з таварыскай зычлівасцю, бо адчувалі і нашу захопленасць беларушчынай.
А яшчэ ў мяне былі добрыя стасункі з Алесем Адамовічам, які сябраваў з Янкоўскім, і асабліва з Калеснікам.
У 1960 годзе я нарэшце наважыўся абараняць кандыдацкую дысертацыю па ранняй творчасці М. Лынькова. З гэтай нагоды У. Калеснік, які ўжо працаваў (з 1956 года) загадчыкам кафедры беларускай літаратуры ў Брэсцкім педінстытуце, па просьбе А. Адамовіча напісаў мне наступны вельмі прыязны водзыў, які падаю тут цалкам, бо ён нідзе не друкаваўся.
«Жыццёвы і творчы шлях Міхася Ціханавіча Лынькова да апошняга часу не вывучаны ў той меры, на якую заслугоўвае такі арыгінальны пісьменнік — адзін з заснавальнікаў беларускай савецкай прозы.
Артыкулы Д. Я. Бугаёва, прысвечаныя гэтаму пытанню, з’яўляючыся ў друку, выклікалі ўвагу літаратурнай грамадскасці, студэнтаў і настаўнікаўславеснікаў нашай рэспублікі.
Калі меркаваць пра дысертацыйную працу толькі па артыкулах ды аўтарэфераце, дык і яны даюць падставу сцвярджаць, што дысертант зрабіў новы крок у вывучэнні ранняй творчасці Лынькова, пераадолеўшы схематызм і спрашчэнства, якія наслаіліся ў шэрагу папярэдніх літаратурнакрытычных прац і часткова атрымалі значэнне дрэннага нарматыву. Даследаванні Д. Я. Бугаёва праведзены на ўзроўні сучаснага савецкага літаратуразнаўства, мастацкія творы разглядаюцца аўтарам у адзінстве зместу і формы, глыбока раскрываюцца сувязі пісьменніка з жыццём.
Карціна творчага шляху Лынькова здаецца тым больш пераканальнай, што аўтар разглядае яго творы на шырокім гісторыка-культурным фоне, прыцягваючы матэрыялы беларускай, рускай, украінскай літаратур.
Читать дальше