Напісанае з улікам дасягненняў савецкага літаратуразнаўства апошніх гадоў, даследаванне Д. Я. Бугаёва з’яўляецца, на наш погляд, плённым працягам той працы, якую правялі беларускія даследчыкі да яго, таму суіскальніку варта было б адлюстраваць у аўтарэфераце не толькі тыя моманты, якія адрозніваюць яго працу ад папярэдніх прац па гэтым пытанні, але падкрэсліць якраз тыя агульныя моманты, што сведчаць пра навуковую паслядоўнасць, уласцівую савецкаму літаратуразнаўству, якое стаіць на метадалагічным фундаменце марксізму-ленінізму.
Кафедра лічыць, што суіскальнік заслугоўвае прысуджэння яму вучонай ступені кандыдата філалагічных навук.
Заг. кафедры беларускай літаратуры
кандыдат філалагічных навук У. Калеснік».
Такія водзывы звычайна пісаліся па пэўнай схеме. Збольшага яе прытрымліваўся і Калеснік. Але яго прынцыповасць, удумлівае стаўленне да справы выявіліся і тут. Пра гэта сведчыць і агульная змястоўнасць напісанага тады Уладзімірам Андрэевічам, і ягоная заўвага пра маю недастатковую карэктнасць да зробленага папярэднікамі. Гэта тыповы для дысертацыйных прац перакос. Зусім абмінуць такое Калеснік не мог і ў сяброўскім водзыве — не дазваляла сумленнасць. З-за яе ён дапускаў і рэзкасць ацэнак, калі сутыкаўся з павярхоўнымі ці залішне прыгладжанымі працамі. Такую прыгладжанасць пасля бясконцых рэдагаванняў і ўзгадненняў ён убачыў у «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры» (1956) і сказаў нямала рэкіх слоў пра гэта, выклікаўшы нараканні з боку некаторых аўтараў тых нарысаў і іх рэдактараў. Аднак Уладзімір Андрэевіч, калі быў пераконаны ў сваёй слушнасці, не зважаў на ўшчуванні самых амбітных, у тым ліку і надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі асоб. Сам ён па дробязях не лез на ражон, да літаратурнай палемікі ставіўся спакойна, разважліва, асабліва не крыўдаваў, калі нешта аспрэчвалася і ў ягоных працах. Зразумела, гэта датычылася толькі тых выпадкаў, калі нейкія падставы для аспрэчвання былі.
Кажу пра гэта, абапіраючыся на свае стасункі з Калеснікам у сувязі з вывучэннем танкаўскай творчасці. Я звярнуўся да яе пасля кнігі Уіадзіміра Андрэевіча «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959). Гэта першая кніга даследчыка, але кніга выдатная, як і іншыя яго этапныя для нашага літаратуразнаўства працы. Пазней ён казаў, што яе моцна парэзала цэнзура, бязлітасна выкасаваўшы некалькі друкаваных аркушаў. Я суцяшаў, зазначаючы, што ў тым выглядзе, у якім кніга дайшла да чытача, яна вылучаецца сваёй грунтоўнасцю, багаццем фактычнага матэрыялу і значнасцю абагульненняў. Калеснік з гэтым не спрачаўся, але знятых раздзелаў усё роўна шкадаваў. Ды іначай яно і не бывае. Па сабе ведаю, што выкрасленае гвалтоўна, насуперак волі аўтара, заўсёды здаецца самым цікавым і значным.
Рыхтуючы сваю кнігу пра Максіма Танка (яна выйшла ў 1964 годзе), я мусіў звярнуцца за парадамі да паэта, бо без ягонай дапамогі цяжка было разабрацца ва ўсёй складанасці тых судовых спраў, якія заводзіліся на яго ўладамі ў заходнебеларускія часы. Танк, вядома, дапамог, але разам з тым настойліва казаў, што ён лічыць памылковымі некаторыя сцверджанні пра яго ў кнізе «Паэзія змагання». Усе Танкавы пярэчанні Калесніку я ўключыў у сваю працу (яны для таго і рабіліся паэтам) і не без асцярогі чакаў рэагавання Уладзіміра Андрэевіча. Чалавек усё ж можа пакрыўдзіцца, думалася мне, хоць я даваў і шэраг сцвярджальных спасылак на «Паэзію змагання», цытуючы тое, што Танк не крытыкаваў. Было ў мяне і некалькі дробных удакладненняў ужо ад сябе, зробленых там, дзе я заўважыў нейкія «апіскі», што праскочылі ў Калесніка. Ні за гэтую ўедлівасць, ні за публікацыю танкаўскіх крытычных заўваг Калеснік ніколі не папракаў, фактычна пагадзіўшыся, што я павінен быў лічыцца найперш з поглядам самога паэта.
Такім чынам, нядобразычліўца з-за спрэчкі пра паэзію Танка я сабе не прыдбаў. Нашы адносіны заставаліся нармальнымі, увогуле прыхільнымі. Былі сустрэчы з ім на розных пісьменніцкіх сходах, на якія Калеснік прыязджаў з Брэста. Калі мне даводзілася гаварыць у вусных выступленнях ці ў друкаваных артыкулах пра нашу крытыку, я, канечне ж, не абмінаў добрым словам і Калесніка. Але даследчыя дзялянкі ў нас збліжаліся, а тым больш перакрыжоўваліся рэдка. Бо ён шмат пісаў пра старажытнасць, і асабліва пра заходнебеларускую літаратуру. А я якраз тут спецыялістам сябе не лічыў, як даследчык не займаўся ні творчасцю заходнебеларускіх пісьменнікаў (акрамя Максіма Танка), ні літаратурай ранейшых эпох, хоць у час выкладчыцкай працы ў Мазыры чытаў курс дарэвалюцыйнай літаратуры, цішком, але шчодра выкарыстоўваючы напаўзабаронены тады вялізны фаліянт В. Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
Читать дальше