Словам, усыпалі тады А. П. моцна. Але ён яшчэ доўга супраціўляўся, бо яго нехта моцна падтрымліваў. Урэшце яму далі магчымасць паказаць свае выкладчыцкія здольнасці. Цэлы семестр А. П. рыхтаваў адкрытую лекцыю па сваім уласным выбары. Вёў ён курс дакастрычніцкай літаратуры і спыніўся на творчасці М. Багдановіча. Тэма больш чым удзячная. Але А. П. за сорак пяць хвілін вычарпаў увесь свой запас ведаў пра выдатнага паэта, а другую палову лекцыі яшчэ раз паўтараў тое, што сказаў на першай. Выпадак небывалы, проста скандальны. А ў дадатак да ўсяго А. П. бязбожна скажаў і некаторыя пісьменніцкія імёны, перахрысціўшы, напрыклад, француза Т. Гацье ў Т. Тацье. Як быццам, дробязь, але няведанне яна выяўляла красамоўна.
Абаронцы А. П. спрабавалі дзейнічаць і пасля гэтага сакрушальнага правалу. Да мяне праз некалькі дзён прыходзіў нейкі партыйны прадстаўнік і гаварыў, што на падставе адной лекцыі нельга рабіць вывад аб падрыхтоўцы выкладчыка. Я асабліва не спрачаўся, а толькі зазначыў, што ёсць вялікая розніца паміж лекцыяй звычайнай, якую кваліфікаваны выкладчык таксама не можа прачытаць зусім дрэнна, і той, што працяглы час рыхтуецца спецыяльна.
Канчатковую кропку ва ўніверсітэцкай кар’еры А. П. паставіў I. Навуменка. Ён знайшоў у ягонай дысертацыі плагіят, але не просты, а, можна сказаць, з вывертам, ва ўсякім разе, вельмі спецыфічны. Аказваецца, А. П. нярэдка браў тэкст з адной кнігі пра Пушкіна, апускаў назвы твораў, імёны герояў і іншыя рэаліі, звязаныя з рускім паэтам, і замяняў іх купалаўскай канкрэтыкай. У выніку і атрымлівалася лухта і мудрагелістая нескладуха.
Ды які б ні быў плагіят, ён не дараваўся ніколі і нікому. Таму і наша кафедра нарэшце з А. П. развіталася. А я нажыў сабе не толькі шчырых прыхільнікаў, але і тайных нядобразычліўцаў.
Пра іх існаванне я даведаўся трохі пазней, калі студэнты філфака адважыліся на адкрытую барацьбу за беларускую мову. Гутарка ідзе пра зварот у ЦК КПБ з прапановай, каб на беларускім аддзяленні філфака выкладаліся на роднай мове ўсе дысцыпліны, зразумела, акрамя рускай мовы і літаратуры. Ініцыятарамі звароту былі А. Разанаў, В. Ярац і Барташ (імя яго не памятаю). Яны ўпаўне дэмакратычна, і ні ад кога не тоячыся, правялі сярод студэнтаў збор подпісаў у падтрымку сваёй ініцыятывы. Выкладчыкам падпісвацца не прапаноўвалі. А ў мяне ў той дзень не было заняткаў, дык я пра ўсё даведаўся са спазненнем, калі прыйшоў на чарговую лекцыю.
Пра свой зварот студэнты расказалі самі і спыталіся, як я да яго адношуся. Я іх падтрымаў і сказаў, што гатовы падпісацца. Ды паперы былі ўжо адасланы. А мая заява адразу стала вядома дэкану. Ён мяне выклікаў да сябе, пачалася спрэчка, але асаблівай злосці ў Волка я не ўбачыў. Складвалася ўражанне, што ён ушчувае не столькі па асабістай пераконанасці, колькі па абавязку службы. Мне ж даводзіць, што беларуская мова ў нас у загоне, не складала цяжкасці.
А страсці ўжо закіпелі не на жарт. Дасталося М. Ларчанку. Ён сам не падпісваўся, але на сваёй лекцыі дазволіў падпісвацца студэнтам. У пажарным парадку знялі з пасады незадоўга перад тым прызначанага намеснікам дэкана К. Хромчанку, бо ён адпусціў трох галоўных ініцыятараў паехаць у Гродна. А што яны будуць там рабіць — невядома. Больш таго, пайшла пагалоска, што яны накіраваліся і не ў Гродна, а ў Зэльву, да апальнай Ларысы Геніюш, якую «пасвіла» КДБ...
Некаторыя вельмі ўжо артадаксальныя выкладчыкі спрабавалі падсунуць версію, што вінаваты Бугаёў. Гэта ён сваімі лекцыямі падштурхнуў студэнтаў на бунт. Бо сам крамольнік. I ў Мазыры шумеў, і ў Інстытуце літаратуры не ўжыўся... Я ад гэтых нагавораў адбіўся, бо нічога не чытаў на тым курсе, дзе вучыліся завадатары. А. Разанаў і В. Ярац, праўда, займаліся ў літаратурным гуртку, якім я тады кіраваў. Але працаваў ён дрэнна, збіраўся рэдка. I гэта было вядома.
Кардынальна выкарчоўваць крамолу на вучоны савет філфака прыйшоў ваяўнічы прарэктар С. Умрэйка. Ён доўга даводзіў, як шчыра клапоціцца партыя пра развіццё беларускай нацыянальнай культуры і мовы і як дрэнна мы выхоўваем студэнтаў, калі яны не разумеюць гэтага.
Дэмагогія была відавочнай. I я не вытрымаў, рынуўся ў бойку, хаця спачатку зусім не збіраўся выступаць. Спадзяваўся, што выступіць нехта іншы, больш вядомы і аўтарытэтны. Але ніхто не спяшаўся лезці на ражон. I я зразумеў, што прыйшла мая чарга. Бо выразна адчуў, што адседжвацца нельга, што мы страцім усякую павагу ў студэнтаў, калі прамаўчым усе і, значыць, фактычна падтрымаем не іхняе святое парыванне, а бессаромную хлусню афіцыйных дэмагогаў. Да таго ж унутраная гатоўнасць хоць бы выстагнацца, сказаўшы, як недаравальна мы занядбалі роднае слова, у мяне наспявала даўно. Яна асабліва пякла нутро з тых сумных дзён, калі мне давялося хаваць маці. Тады трэба было афармляць мноства папер, рабіць копіі розных дакументаў.
Читать дальше