Такія творы я рэзка крытыкаваў на лекцыях (у друку рабіць гэта было вельмі цяжка, амаль немагчыма), не зважаючы на тагачасныя пісьменніцкія рангі. Так, я адкрыта казаў студэнтам пра кан’юнктурнасць П. Броўкі, пра тое, што гэтаму ўвогуле таленавітаму паэту моцна шкодзіць ягоная гатоўнасць вельмі аператыўна вітаць любую палітычную кампанію, гучнай рыторыкай славіць кожны паварот генеральнай лініі партыі.
Крытычна ставіўся я і да п’есы «Канец дружбы» К. Крапівы, паказваў дэмагагічнасць камуніста Карнейчыка з гэтага твора, а таксама развенчваў Зосю Тварыцкую з чорнаўскага «Трэцяга пакалення» з-за таго, што яна, парушаючы звыклыя чалавечыя нормы, даносіць на ўласнага мужа.
Відаць, пра ўсё гэта і «дакладвалі» «Дзеду», яшчэ сёе-тое перакруціўшы і кваліфікаваўшы маю пазіцыю як адмаўленне самога прынцыпу партыйнасці літаратуры.
«Няправільна дакладвалі», — запярэчыў я Сеўчанку і дадаў, што магу хоць цяпер паўтарыць змест сваёй лекцыі пра ленінскае вучэнне аб партыйнасці літаратуры (так у нас гучна называлася гэтая тэма).
«Дзед» ад маёй прапановы адмовіўся і стаў расказваць пра свайго настаўніка С. I. Вавілава, пра Сталіна і многія іншыя цікавыя рэчы.
Я ўжо і забыўся, што ён мяне «выхоўвае» і ўрэшце будзе вырашаць мой лёс.
Затым гаворка перакінулася на Васіля Быкава. Тады гэтага выдатнага пісьменніка па камандзе з самага верху разносілі на ўсіх скрыжаваннях за праўдзівы паказ трагічных аспектаў вайны ў аповесці «Мёртвым не баліць». Пад такое ж шальмаванне потым трапілі «Праклятая вышыня» і «Круглянскі мост».
А я не толькі не падключыўся да гэтага разносу (афіцыйныя прапановы былі даволі настойлівыя), але і меў дачыненне да пісьменніцкага пратэсту супраць аглабельнай крытыкі, накіраванай на знішчэнне Васіля Быкава. Той пратэст набыў форму пісьма ў ЦК КПБ, які падпісалі 53 літаратары. Я падпісваўся ў ліку самых першых і не ведаў, ці будзе хто з масцітых пратэставаць разам з намі.
Кіраўнікам Саюза пісьменнікаў падпісвацца знарок не прапаноўвалі, палічыўшы, што лепш іх як афіцыйных асоб не ставіць пад удар.
Падпісалі «калектыўку» Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў. I іхнія подпісы аказаліся самымі важкімі. Бо тагачаснае начальства асцерагалася гучных канфліктаў, якія маглі кінуць цень на прапагандысцкі міф пра непарушнае адзінства партыі і яе верных памочнікаў і нават падручных, як з гонарам называлі сябе некаторыя пісьменнікі. У канчатковым выніку было вырашана вялікага шуму не падымаць, а публічныя нападкі на Быкава ў рэспубліканскай прэсе трохі прыглушыць.
На чарговым (пятым) пісьменніцкім з’ездзе Васіль Быкаў публічна падзякаваў усім, хто яго падтрымаў. Сваю прамову, якая трапіла ў друк толькі праз чвэрць стагоддзя, ён закончыў словамі: «Покуль мы будзем з’яднаны па важнейшых пытаннях нашага жыцця і будзем гаварыць пра тое адкрыта, беларускі народ можа спадзявацца на добры лёс сваёй літаратуры». Ды менавіта з’яднанасці нам найчасцей неставала і нестае.
Тады ж абышлося без прамых рэпрэсіўных мер, хаця, трэба думаць, на заметку нас усіх узялі.
А я «засвяціўся» і трохі пазней. Той жа восснню 1968 года, калі бушавалі страсці вакол А. Разанава і яго сяброў, на лекцыі ў журналістаў у мяне спыталіся, як я стаўлюся да партыйнай крытыкі быкаўскіх твораў. Канкрэтна гаворка ішла пра «Круглянскі мост». Я выразна ўсведамляў, што пра ўсё, сказанае тут на гэты конт, будзе данесена «куды трэба». Але і прамаўчаць ніяк не выпадала. Самыя лепшыя студэнты палахлівасці не даруюць. А салідарызавацца з афіцыйнымі пагромшчыкамі было ўсё роўна што напляваць сабе ў душу. Бо я ўжо быў асабіста знаёмы з Васілём Быкавым і не толькі добра ведаў цану яго творам, але і захапляўся ягонай чалавечай мужнасцю. Таму не вагаючыся, без усякай аглядкі заявіў, што адрасаваная Быкаву крытыка несправядлівая.
А яшчэ зазначыў, што сучаснікі часта насцярожана ставяцца да самых выдатных твораў, бо яны нясуць у сабе найбольш нязвыклага, адкрывальніцкага. Так было з «Ціхім Донам», які далёка не адразу прызналі класічным раманам эпахальнага значэння. Так здарылася і з коласаўскай «Новай зямлёй», якую вульгарызатары некалі распіналі як нібыта твор кулацкі і, значыць, шкодны для нашай літаратуры. Пройдзе час, мы і быкаўскую прозу пра вайну прызнаем класічнай, нікуды ад гэтага не дзенемся.
Ніколькі не перабольшваю. Менавіта так, у супастаўленні з аўтарам «Ціхага Дона» і Коласам я тады гаварыў пра Быкава, хоць па праграме ВНУ яго яшчэ не вывучалі. Была толькі адна агульная згадка ў аглядзе сучаснай літаратуры.
Читать дальше