Балгарыя. Аўтар Іван Вострыкаў. Перакладчык У. Анісковіч. "Сашо забівае ваўка". Суцэльны смех праз слёзы.
Уяўляеце вы сабе сімпатычнага брандахлыста, фантазёра, які проста голы кароль? Прачытваючы апавяданне, пранікаешся адчуваннем таго, якая гэта вялікая сіла — бязмежнае, адданае жаночае каханне. Каханне, якое наўрад ці чакае нешта добрае наперадзе.
Зноў Расія. Пераклад Т. Мартыненка "Сцёпкавага кахання" Васіля Шукшына, які так рана пайшоў ад нас. Пераклад добры. Але тут адна заўвага. Шукшын, мабыць, як ніхто з сучасных рускіх пісьменнікаў, цяжка паддаецца перакладу. Гэтая алтайская, сібірская, папраўдзе руская, самабытная мова патрабуе і нейкіх эквівалентаў у адным з дыялектаў беларускіх.
І яшчэ адна думка. Правамерна, калі перакладаецца руская класіка або сучасная класіка (дадамо да Нагібіна, Бялова і Шукшына яшчэ і цудоўны пераклад "Ручніка з пеўнямі" М. Булгакава, зроблены Я. Скрыганом). Гэта прыносіць карысць самому літаратурнаму працэсу. А вось перакладаць з рускай нешта сярэдняе — па-мойму, няма рацыі.
У "Даляглядах" заўсёды будзе цесна. Тым не менш трэба даваць больш месца мовам, якія нам незразумелыя. Няхай больш гавораць усходнія паэты, паэты Паўднёвай Амерыкі, манголы, грэкі, арабы, японцы, дый ці мала хто яшчэ. Хай "з берагоў Арпачая" часцей далятае да нас голас вялікага варпета — майстра Авеціка Ісаакяна, які з такой сілай данёс да нас у сваіх перакладах Рыгор Барадулін.
Не ведаючы славенскай, не магу меркаваць з пэўнасцю аб якасцях перакладаў Н.Гілевіча. Думаю, што яны дакладныя. Зноў шкада толькі, што няма хаця б слова-другога пра кожнага са славенскіх паэтаў, якія гавораць тут з намі, і ўвогуле пра славенскую паэзію.
Урэшце дабраліся да смеху.
Перакладзены Янкам Брылём "Непрычасаныя думкі" Станіслава Ежы Леца. Тонкі, філігранны, з'едлівы гумар славутага польскага аўтара гучыць і па-беларуску:
" — Калі скажаш "Святых няма!", абражаюцца нават атэісты.
— Калі няма з чаго смяяцца, нараджаюцца сатырыкі…"
Прыклады можна было б множыць і множыць. Але і так відаць, як упрыгожваюць кнігу гэтыя, "непрычасаныя". Шкада, што іх мала. Будзем спадзявацца на тое, што яны з'явяцца і ў новых "Даляглядах". А ўвогуле гэты гумарыстычны раздзел у наступных кніжках трэба пашыраць.
Дабраліся мы ўрэшце, аж на старонцы 259, і да крытыкі з публіцыстыкай. "Слова пра Івашкевіча" К. Федзіна (добры пераклад В. кудраўца), грунтоўнае даследаванне Н.Гілевічам балгарскай паэзіі пра апошнюю вайну, вельмі цёплае слова А. Гардзіцкага пра Альбінаса Жукаўскаса, вернага сябра Беларусі.
На жаль, тут малавата дадзена прасторы нашым замежным сябрам. Толькі адзін артыкул славака Душана Слабодніка — пра беларускую прозу. Ды і той — па неабходнасці — малы.
Рыхтуючы наступныя кнігі, трэба пра гэта падумаць. Магчыма, нават заказаць аўтарам з-за мяжы падобныя артыкулы. Трэба падумаць і аб рубрыцы "Пра нас пішуць". У гэтай кнізе яна прадстаўлена толькі змястоўнай публікацыяй Я. Семяжона аб водгуках нямецкага друку на выданні беларускіх твораў у ГДР і вельмі цікавым фрагментам з артыкула Марыі Чурак (Польшча) аб беларускай літаратуры пра другую сусветную вайну і аб успрыманні яе ў Польшчы.
…Ну вось, мы нібыта прайшліся па розных частках свету. Усе яны ў гэтай не дужа вялікай кнізе, якая, аднак, значна пашырыла наш кругагляд.
Зразумела, што яна яшчэ не без недахопаў, але карысць такога выдання — бязмерная.
У той жа час шкада, што ў кнізе няма англічан, італьянцаў, іспанцаў і г.д. Шкада, што няма хаця б малога раздзела перакладаў з класікі іншых народаў.
Так, ёсць хібы. Але ж гэта толькі пачатак вялікай справы: планамерна пазнаваць іншыя краіны і народы. Перадумовы для гэтага ёсць. Патрэбна толькі быць упартымі, увішнымі, працавітымі. Патрэбны школа перакладчыкаў і максімум прыкладзеных да гэтай справы сіл.
Мы доўга чакалі гэтай кнігі, чытаючы ў часопісах адменныя, вельмі свежыя вершы паэта. Яны заўсёды вылучаліся сярод другіх нашых вершаў нейкім прасветленым, па-дзіцячы непасрэдным светаадчуваннем, прасветленым нават у глыбокай суровасці, суровым нават у скупым жарце, які паэт часам дазваляе сабе.
Я не крытык і таму не магу прасочваць пад зямлёю "корані" кожнага верша і вобраза, грунтоўна сцвярджаць, што паэт спыніўся на сваім шляху і не расце, у той час калі ён выбірае новы кірунак. Не магу я "ўдумліва" разважаць аб уплыве на Наўроцкага Уітмена і "сучасных лацінаамерыканцаў" (чамусьці Уітмена вінавацяць ва ўсім, што не падобна на ранейшае).
Читать дальше