Я якраз у рамках сваёй працы (дактарат) пішу кнігу пра нараджэнне літаратурнага твора. Пра тое, як нараджаецца твор у свядомасці пісьменніка. Якія фактары з акаляючай пазалітаратурнай рэальнасці робяць уплыў на фарміраванне верша, апавядання, рамана. I таму, што праца мая, як я ўжо сказаў, мае навуковы характар, мае філасофскія і сацыялагічныя абагульненні павінны абапірацца на выказванні пісьменнікаў адносна таго, як у іх, у дачыненні да канкрэтных твораў, праходзіў творчы працэс. У сваёй кнізе я буду цытаваць выказванні пісьменнікаў розных нацыянальнасцей. Мне асабліва важна і тое, каб была прадстаўлена таксама беларуская літаратура. Ці не змаглі б Вы напісаць мне пра тое, як узнікае верш у Вас? Я знаю, што Вы добра ведаеце польскую мову, але прашу Вас напісаць Ваш ліст па-беларуску, таму што у сваёй працы я буду цытаваць выказванні пісьменнікаў на мове арыгінала і ў перакладзе".
Уладзімір Караткевіч адгукнуўся на просьбу польскага даследчыка. Рэдакцыя штотыднёвіка лічыць, што адказ пісьменніка будзе цікавы і для чытачоў. Таму прапануем яго Вашай увазе. Ліст друкуецца з некаторымі скарачэннямі.
Вельмі паважаны пане Ахоцкі!
Прабачце за тое, што не жадаючы гэтага, затрымаўся з адказам на Ваш ліст, які дужа ўсцешыў мяне. Я быў у раз'ездах, — у прыватнасці ў Міры. Думаю над лібрэта гераічнай оперы з XVII стагоддзя. А, значыць, трэба было капацца ў архівах, шукаць знаўцаў і г.д.
Цяпер паспрабую, як магу, адказаць на Вашы пытанні. I, дзеля самага пачатку, я хачу сказаць аб тым, што мы занадта мала ведаем чалавечую псіхіку, яе асаблівасці, тое, як яна мяняецца ад вонкавых абставін, спрыяльных ці неспрыяльных, мала, каб дакладна адказаць, якім чынам узнікла думка, ідэя, твор.
Словам, "таямніца гэтая велькая ёсць". Таму я дасылаю толькі свае назіранні, толькі тое, што прыблізна ведаю сам і нават тое, што чуў ад сяброў па пяру, не буду надта ўключаць. Каб быць пэўным.
Што сказаць аб паўставанні, аб узнікненні літаратурнага твора?
Перш за ўсё павінен быць адпаведны настрой. Яго ствараюць розныя рэчы. Пачуцце вялікага спакою, або, наадварот, нейкая падзея, што скалане цябе аж да глыбіні душы. Або нешта такое, што спалучае і тое і іншае. Мінулым летам, напрыклад, такі настрой нарадзіўся ў мяне на старажытным славянскім гарадзішчы Святая гара, пад вёскай Гарадное, на Століншчыне. Вакол балоты і мокрыя сонечныя лугі, а пасярод іх, над рэчачкай, гара з абсечанай верхавінай. Уся зарасла чорнымі ад старасці соснамі. На соснах вуллі ў выглядзе чалавечых фігур. Тут жа адна хата і руіны млына з колам, выкачаным на адхон. Перад хатай цвітуць касачы і пеўнікі.
Гэта ўжо гатовы верш. Аб ім можна забыць, але раптам ён сам усплыве, у самы неадпаведны момант.
А ўжо атрымаецца верш ці не — тут усё залежыць ад тысячы прычын, перш за ўсё, я лічу, ад асацыяцый, ад багацця іх, ад умення чалавека выхаваць іх у сябе і аперыраваць імі.
Часам наштурхоўвае на гэта нават кніга. Прычым, не толькі ў тым сэнсе, што вычытаны недзе дакументальны факт, які адразу нараджае цэлы рой ідэй, вобразаў, тыпаў, але і ў тым сэнсе, што, бывае, нейкая думка кнігі нараджае асацыяцыю "ад супрацьлеглага", асацыяцыю-пародыю або ўспамін. Ён абрастае другімі ўспамінамі і ўрэшце ператвараецца ў сваю супрацьлегласць, у рэч, якая мае самастойную каштоўнасць.
Не было выпадку, каб, перачытаўшы нашага Купалу, Багдановіча, некаторыя рэчы Чорпага, або, скажам, не менш мне, нам блізкіх і мілых Каханоўскага, Міцкевіча, Норвіда, Славацкага, Крашэўскага, Вейсенгофа, Струга, Тэтмаера, Ружэвіча, Пшыбася, Парандоўскага (імя ж ім — легіён, і я называю толькі першыя, што прыйшлі да галавы), каб не з'явіўся халодны і высокі настрой, калі ўсё ж звініць захапленнем, чыстай зайздрасцю і глыбокім незадавальненнем сабою. Нешта, прыблізна, такое: "Бог ты мой, як умелі пісаць (або: як пішуць), чэрці! Ну вось, гэтыя часу не трацілі, столькі змаглі даць, а ты нават з невялікай сваёй здольнасцю лайдак" і г.д.
Пачуццё, падобнае на рэўнасць да жанчыны, калі мы пачынаем лезці са скуры і, часам, скакаць вышэй галавы.
Ну вось, настрой створаны, усё адно чым, матэрыял заўсёды пад рукой, бо ўсё жыццё ты толькі і рабіў, што жыў і збіраў убачанае і чутае. I тут толькі трэба берагчы гэты настрой, не расплюхаць яго і чакаць, пакуль цябе "панясе".
Пачынаецца гэта па-рознаму і заўсёды нечакана. Ад погляду на нешта, ад ценю, паху, які ўспомніў з дзяцінства, ад выпадковага слова з размовы праходжага пад ліхтаром. Раптам устае гатовы, заўсёды адкрышталізаваны радок. Ён можа быць нават гукам, але гукам таксама адзіна патрэбным. Таму, што ён заахвочвае рабіць далей, не дазваляе кінуць, абяцае, што гэтая, чарговая праца будзе добрай і патрэбнай табе, што яна можа ўзварушыць іншага.
Читать дальше