Не шукайце красы за морамі,—
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,—
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі.
Або:
У любві да цябе я не раз буду клясціся.
Не таму,
каб ты помніла клятву маю,
Проста, дзе ні пабуду —
у Смаргоні ці Клясцінах,—
Я ўсё болей цябе пазнаю…
Г. Бураўкін заўсёды шмат працаваў. І не толькі як мастак. Вельмі дабратворна, плённа адбілася на творчым росце і грамадскім сталенні паэта яго праца карэспандэнтам «Правды» па Беларусі. Гэта была вялікая школа пазнання жыцця.
Паэзія Г. Бураўкіна стала разнастайнай у жанравых адносінах, у ёй стыкуюцца лірыка і эпас, інтымныя матывы чаргуюцца з адкрытай публіцыстыкай, як у вершы «Ідзе працэс…» Паэт ведае патаемную мову лесу і ракі і горача выкрывае праявы мяшчанства ў нашым грамадстве («Зусім „бязгрэшным“»).
Па праўдзе кажучы, Г. Бураўкін ніколі не імкнуўся ісці па шляху падкрэсленых форматворчых навацый. Не будзем гаварыць, добра гэта ці дрэнна, падкрэслім толькі, што больш за ўсё яго цікавілі і вабілі адкрыцці ў самім жыцці, у яго ідэйна-маральным змесце. З аднаго боку, лірычнае пераадоленне, паэтызацыя будзённай рэальнасці, з другога — заглыбленне ў яе надзённыя праблемы. Праблемнасць мыслення становіцца галоўным фактарам творчасці паэта, яе ўнутраным стымулам.
Наколькі паэт вырас, стаў самастойней і глыбей у ідэйных і мастацкіх адносінах, яскрава пасведчыла кніга «Жніво» (1971). Яна даказала, што мінула для Г. Бураўкіна тая «пераходная пара» вызначэння таленту і асобы, якую прыходзіцца пераадольваць, відаць, кожнаму сапраўднаму паэту, што няспынна расце і мяняецца. Ён стаў больш строгім і патрабавальным да сябе, у нечым, магчыма, традыцыйней і прасцей. Паслухайце, як сам ён пра гэта гаворыць:
Хто раней,
хто пазней,
Толькі ўсе
Зноў і зноў
Мы прыходзім
Да простых,
як хлеб і паветра,
Высноў:
Што жыццё чалавеку —
Любому —
Даецца адно,
І што,
як ні надточвай,
Кароткае вельмі яно.
І што праўда на свеце
Адна —
Без крупінкі маны,
І што шчасця на свеце
Няма
Без сваёй стараны…
Гэтыя радкі толькі знешне, «інтанацыйна», спакойныя, унутрана яны палемічныя, ідэйна завостраныя, ды і прастата іх зусім не ардынарная, таму што яна арганічна вынікае з перажытага, з асабістага вопыту. І справа не ў тым, што быццам бы раней паэт не разумеў гэтага, не, але цяпер ён глыбей пранік у жыццё, больш спасціг яго складанасць і прастату.
Рост кожнага мастака звязаны з рознага роду зменамі ў яго светаадчуванні, мастацкай сістэме, мове і г. д. Але нешта важнае ўсё ж такі застаецца пастаянным, быццам бы недаступным уплывам часу. У Г. Бураўкіна гэтае пастаяннае, нязменнае — яго грамадзянскі тэмперамент, напорыстасць палеміста, зайздросная здольнасць мысліць смела і праблемна.
Страсна публіцыстычны, напрыклад, яго верш «Кампрамісы», у якім ён адстойвае бескампраміснасць жыццёвай пазіцыі свайго сучасніка.
Ты толькі збоч,
ты толькі збойся,
Зняверся ў нечым хоць на міг —
І лоўка прашмыгне забойца
Тваіх сяброў, ідэй тваіх.
Апошняе дзесяцігоддзе ўзбагаціла голас паэта новым гучаннем, новымі адценнямі. Ён, мне здаецца, становіцца больш медытатыўным, філасофскім. Цяга да вечных маральных каштоўнасцей у сучасным свеце ўсеагульная; яна закранула і паэзію Г. Бураўкіна, адбіўшыся на яе ідэйным і стылёвым ладзе. Душэўная энергія паэта, якая ў першых яго кнігах, здаралася, выступала ў форме дэкларацый (яркіх і па-свойму цікавых), запэўненняў, цяпер усё часцей увасабляецца ў жывую матэрыю вобразаў і роздумаў. Такі верш пра родную «вясковую хаціну». Пра яе, пра родную вёску, лес, раку ён шмат пісаў і ў ранейшых кнігах. Але цяпер голас яго загучаў з новым душэўным уздымам, на новай эмацыянальнай хвалі. Яна выразна адчуваецца ў дэталях, вельмі прадметных па сваёй мастацкай фактуры:
Мая вясковая хаціна,
Пасляваенны горкі лёс!
Прымі мяне, бадзягу-сына,
У цёплы цень сваіх бяроз.
І дзверы, што выходзяць к лесу,
Но замыкай хварасціной,
Хай злосна зарыпяць завесы,
Даўно не мазаныя мной.
Хай у струхлелых сценах цесных
Сустрэнуць зноў мяне спакой,
Старэнькі стол,
прапахлы цестам
І мокрай рыбінай луской.
Вуглы закопчаныя тыя,
Дзе ціха плакаў хлапчуком…
Вясковае пасляваеннае дзяцінства засталося ззаду, але сувязь з вёскай, з зямлёй не абрываецца. У адным з вершаў паэт успамінае бацьку-хлебароба, якога, на шчасце, ніякія хваробы не бяруць (не так, маўляў, як нас, гараджан), бо сілы дае яму «сівая доктарка — Зямля».
Читать дальше