Што ж, аўтар, магчыма, і правільна «намацаў» праблему, аднак вырашае яе празмерна абагульнена. Але гэта толькі пачатак. Тэма варожасці мяшчанства да хараства, прыгажосці, чалавечнасці будзе распрацоўвацца публіцыстычнымі сродкамі ў яго паэзіі.
Публіцыстычнай паэзіі заўсёды было шмат работы. І гэта добра адчувае Г. Бураўкін, для якога публіцыстычнасць, як неспакой і трывога, як любоў і нянавісць, больш чым блізкія. Пра гэта гавораць многія яго вершы.
Ды і сам паэт — у «Аўтабіяграфіі»:
«Я знаю, што два мае зборнікі вершаў („Майская просінь“, 1961, і „З любоўю і нянавісцю зямною“, 1963) не бездакорныя. Але ніколі я не пісаў несумленна і няшчыра — і таму я не саромеюся сваіх вершаў». Гэта шчырае і праўдзівае самапрызнанне мастака.
Адна з галоўных рыс мастацкага мыслення Г. Бураўкіна і яго паэтыкі — кантрастнасць фарбаў, супрацьстаўленне думак, падзей, эмоцый. І гэта бярэ пачатак у душэўнай актыўнасці паэта, яго грамадзянскасці, у той інтэнсіўнасці пазнання свету, якой жыве яго паэзія.
Зборнік «Дыханне» — чарговы, трэці па ліку — паказаў далейшае пашырэнне тэматычных і мастацкіх даляглядаў паэта.
Пра паэзію Г. Бураўкіна больш і глыбей пачала гаварыць крытыка, адзначаючы, што ў яго кнігах выразна адчуваецца пульс часу. І гэта ў многім сапраўды так. У вершах Г. Бураўкіна, адзначаў Дз. Бугаёў, гаворачы пра яго кнігу «Дыханне», «гулка б’ецца сэрца сучасніка, выразна праслухоўваецца напружаны пульс чалавека, заклапочанага ўсімі трывогамі нашага вялікага і грознага стагоддзя з яго практычнасцю, суровай цвярозасцю і складамі вадародных бомб».
Крытык меў рацыю: у кнізе «Дыханне» на новым узроўні спазнавалася супярэчлівая складанасць свету.
Тым не менш творчы шлях Г. Бураўкіна, як і кожнага сапраўднага паэта, нельга ўяўляць як суцэльны шэраг поспехаў і перамог. Не, мелі месца, на маю думку, і промахі. Нехта аднойчы заўважыў, што адчуванні лірычнага героя Бураўкіна часам бывалі занадта катэгарычныя, ім бракавала ўдумлівай засяроджанасці. Гэта можна заўважыць у некаторых вершах кнігі «Дыханне», у паэме «Чужая споведзь», у якіх выявілася аўтарскае непрыняцце споведзі «ціхенькага палахліўца», гэтага «маленькага чалавечка» 60-х гадоў XX стагоддзя. Пафас паэта можна зразумець і, без сумнення, ухваліць, калі ён гаворыць:
Я проста
ненавіджу палахліўцаў
І аб’яўляю «ціханькім» вайну.
Я сэрца поўню лютасцю зацятай
Да іх —
цішэй вады, ніжэй травы.
Далі нам век дваццаты,
з’езд дваццаты —
На смеласць чалавечую правы.
Але калі гаворка ідзе пра канкрэтнага героя, пра «чалавека сярод людзей», то чытачу абавязкова патрэбны падрабязнасці: хто ён? адкуль? чаму так сталася? хто ў гэтым вінаваты? і г. д., словам, патрэбна сацыяльная «біяграфія», з’явы, відаць, вельмі цікавай і актуальнай. Няма патрэбы спяшацца асуджаць, важна, каб абвінаваўчы прысуд «шэранькаму чалавеку» прагучаў абгрунтавана, аб’ектыўна і пераканаўча. Інакш кажучы, патрэбен аналіз усёй сукупнасці абставін, што прывялі да маральнага злачынства.
А ўвогуле кніга «Дыханне» сведчыць, што да паэта прыйшла сталасць — і жыццёвая і паэтычная. Запамінаецца трыпціх «Неба і зямля» з гэтай кнігі, твор асабісты, я б нават сказаў аўтабіяграфічны ў тым сэнсе, што Г. Бураўкін раскрывае аўтабіяграфію свайго пакалення, як ён яе адчуў і перажыў. Кранае сваім публіцыстычным гучаннем верш «Пра сціпласць», дзе расказваецца пра нейкага «бойкага дзядзьку», што «пляваў на мой народ і край». Праўда, і тут сустракаюцца непрадуманыя радкі:
Глынуўшы ком абразы даўкі,
Мы дзядзьку «выдалі» з пляча.
А побач быў таварыш даўні
і…
акуратненька маўчаў…
Невядома, хто гэты «даўні таварыш», але наўрад ці правільны такі спосаб вырашэння канфліктаў — «выдаць з пляча» — і ў жыцці і ў паэзіі. Разумееш і падзяляеш непрыняцце паэтам усякага нейтралізму, усякага «мая хата з краю» і сімпатызуеш яго герою, які так страсна жадае сцвердзіць на свеце справядлівасць і дабро. Але такая паспешлівасць, як у вершы «Пра „сціпласць“», усё ж такі мала прыймальная для нас. Да вырашэння падобных канфліктаў варта падыходзіць больш удумліва і больш грунтоўна, улічваць усе «пазіцыі». Зрэшты, гэта «накладныя выдаткі» нялёгкіх пошукаў паэта ў тонкай сферы маральна-этычнага, бо паэт сам добра ведае і раіць іншым (у вершы «Сябру, які заўсёды злосны»): «Не спяшайся людзей аблаяць, пастарайся іх зразумець».
Л. Гінзбург у сваёй кнізе «О лирике» пераканаўча гаворыць, што рэалізм у лірыцы далёка не тое, што рэалізм, скажам, у эпасе, прозе. Рэалістычны метад у лірыцы звязаны з паглыбленнем паэта ў «дыялектыку душы», з адкрыццём і сцвярджэннем пэўнай эстэтычнай самацэннасці працэсу духоўнага жыцця чалавека. У арсенале прыёмаў лірычнага абагульнення няма такога, якім карыстаецца проза, — разгорнутая знешняя характарыстыка. Яна прывяла б (і прыводзіць) лірыку да апісальнасці. Адзіны для паэта шлях да стварэння паўнацэннага лірычнага характару ляжыць праз найбольш глыбокае і поўнае раскрыццё ўнутранага свету чалавека. Ён раскрываўся ў Г. Бураўкіна ў такіх харошых, свежых вершах, напісаных, як гэта ўласціва паэту, на шырокім грамадзянскім дыханні:
Читать дальше