У ліпені — жніўні 1962 года Г. Бураўкіну давялося быць у складзе савецкай дэлегацыі на Міжнародным маладзёжным фестывалі ў Хельсінкі. З фестывальнымі вершамі ў яго паэзію упершыню ўвайшла замежная тэма са сваімі малымі і вялікімі адкрыццямі.
Пазітыўныя ідэалы сацыялістычнага ладу паэт сцвярджае актыўна і разнастайна. І — у тым ліку — праз публіцыстычнае адмаўленне праяў старога, аджыўшага. Я б не сказаў нечага вельмі істотнага пра другую кнігу Г. Бураўкіна, каб не прыгадаў вядомы яго верш «*** Адышлі ў нябыт панегірыкі…». Гэта — адзін з лепшых вершаў, які яшчэ раз пераканаў нас у значным лірыка-публіцыстычным таленце паэта, у адмаўленні ім паэзіі рытарычна-параднай, паэзіі панегірыкаў.
«І філасофія, і публіцыстыка, — гаварыў ён пра адну з кніг паэтэсы Д. Бічэль-Загнетавай, — у яе натуральна і паслядоўна вырастаюць з быту, з тых штодзённых турбот, клопатаў і трывог роднай зямлі, міма якіх не мае права праходзіць родная літаратура» (Полымя, 1968, № 6, с. 185).
Свет не просты — даводзіць і яго паэзія. У другой кнізе сустракаліся даволі нечаканыя радкі:
Я часам сам сябе не пазнаю:
Разважлівы,
спакойны і цвярозы,
Пра маладосць бясхмарную маю
Усё часцей ка мне прыходзіць роздум.
Роздум прыходзіў, гэта правільна, але эстэтычна ён пакуль што рэалізоўваўся мала. А звязаны быў, безумоўна, з далейшым накапленнем у паэта грамадзянскіх якасцей, іх маральнай завостранасцю.
У кнізе «Культура творчасці» А. Адамовіч слушна і справядліва адзначаў: «Пісьменнік становіцца творчай індывідуальнасцю не раней, чым ён адчувае сябе грамадзянінам. Толькі ў тым выпадку, калі ў чалавеку абуджаецца вострае пачуццё асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца навокал, у жыцці, толькі тады проста таленавітая асоба ператвараецца ў сапраўды творчую індывідуальнасць: у мастака паяўляецца свой, змястоўны погляд на свет, узнікаюць свае адносіны да жыцця, а тым самым і свой стыль». Грамадзянскасць, накіраванасць таленту, яго маральнае напаўненне, эстэтычная і сацыяльная пазіцыя і вызначаюць творчую індывідуальнасць паэта.
Па вершах паэта 60-х гадоў бачна ўзмацненне пачуцця адказнасці, асабістай далучанасці да ўсяго, што адбываецца на зямлі.
Я дзякую за ўсё,
Зямля-карміліца…
Не вінавачу ў тым цябе ніколькі,
Што наш сусед
падскоквае на мыліцы,
Што бацьку
дождж прадказваюць
асколкі.
Праблема ставіцца пакуль што квола, няўпэўнена, але яна ўсё ж такі «намацваецца», існуе для паэта, паварочваецца ў яго творчасці рознымі сваімі гранямі. Яна ўзнікла яшчэ ў зборніку «Майская просінь», і з цягам часу гучанне яе ўзмацнялася.
Аднагодак кожны мой раскажа,
Колькі меў у першым класе бед:
Як рабілі мы чарніла з сажы,
Як пісалі на лістах газет…
Я пазнаў тады акрайца хлеба
Самую суровую цану,
Палюбіў густую просінь неба,
Люта зненавідзеўшы вайну.
Паэзія Г. Бураўкіна — гэта, калі гаварыць сцісла, гісторыя духоўнага станаўлення яго пакалення, ранняга яго ўзмужнення. Ва ўсякім разе яна дае для гэтага надта цікавы матэрыял, вобразна сведчыць, што на жыццёвы вопыт і светапогляд Г. Бураўкіна, як і яго сяброў-равеснікаў, у вельмі значнай ступені паўплывала вайна. Заканамерна таму, што перажытае ў ваенныя, партызанскія гады і, можа, па-свойму не менш цяжкія і гераічныя пасляваенныя стала неад’емнай часткай мастацкага свету паэта.
Вельмі характэрную для пакалення равеснікаў гісторыю паэт расказаў у вершы «Бязбацькавічы», прысвечаным Р. Барадуліну. Гэта драматычны расказ пра тых аднагодкаў, каго вайна «сурова назвала бязбацькавічамі», даўшы права на максімальную маральную патрабавальнасць.
Важная і ўсё ўзрастаючая якасць другой кнігі Г. Бураўкіна — праблемнасць мастацкага мыслення, цікавасць да пытанняў няпростых. У вершы «*** Вучоныя — разумныя людзі…» ён усхвалявана разважае аб тым, да якіх вынікаў можа прывесці чалавецтва неабмежаваны рост узбраенняў. Да паэта прыйшло ўменне ўважліва і засяроджана ставіцца да жыцця, разгледзець у факце з’яву і завастрыць на ёй гаворку. Значнасцю ідэі, тэмпераментам, пераканальнасцю і навізной формы вылучаліся многія яго рэчы.
У вершы «Дзень нараджэння ў генерала» (пачатак 60-х гадоў) паэт вядзе гаворку аб праблеме выхавання моладзі, паказвае духоўную спустошанасць «грывастых бамбізаў», якіх больш за ўсё вабіць «замежны джазавы гром».
Платы двухметровыя
на трэскі крышыць гатоў,
Калі, сыта ікаючы,
спаць кладуцца мяшчане,
А раз’юшаныя сабакі
салаўёў выганяюць з садоў.
Читать дальше