Рыгор Барадулін — гэта імя вельмі шмат значыць у сучаснай беларускай паэзіі. У яго — дзесяткі кніг арыгінальных вершаў і перакладаў.
Пачаў публікавацца ён у 1954 годзе, будучы студэнтам БДУ імя У. І. Леніна. У 1956 годзе разам з аднакурснікамі ездзіў у Кустанайскую вобласць (Казахстанская цаліна) убіраць ураджай. Яго першы зборнік вершаў «Маладзік над стэпам» (1969) выявіў незвычайную душэўную шчодрасць і прыгажосць лірычнага героя. Гэта — малады хлопец, студэнт, які вось пасля напружанай вучобы вяртаецца дамоў (а радзіма яго, па ўсім відаць, Ушаччына), і ўся істота яго адкрываецца дзіўнаму шматгаллоссю навакольнага жыцця, усім яго праявам. Ён рады сустрэчы з землякамі і іх справамі, рады адчуць «як над бруістаю рэчкаю быстраю пахнуць лілеі, аер і чарот, і першацвет далікатны парэчкавы, і чарназём той, што вывернуў крот». Нават крапіва становіцца эстэтычна прывабнай. А чаму не?
І крапіва маладая стрыкаецца,
Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін.
Так, яшчэ ў першых вершах аўтар паказаў уменне адкрыць эстэтычную каштоўнасць бытавой дэталі, падрабязнасці, розныя грані біяграфіі свайго лірычнага героя.
Калі б трэба было падшукаць прыклад для ілюстрацыі думкі, што паэзія — гэта мысленне ў вобразнай, пачуццёва-канкрэтнай форме, то вершы Р. Барадуліна аказаліся б тут вельмі дарэчы. Элементы рацыянальнасці ў яго мастацкай сістэме зведзены да мінімуму. Гэта, калі сказаць словамі А. Блока, лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, што ўласціва далёка не кожнаму. Паэтычны вобраз у Р. Барадуліна — амаль адзіная форма існавання думкі і перажывання.
Прынцыповае значэнне для ідэйнага станаўлення паэта меў верш «Бацьку». Ён вельмі асабісты: паэту выпала доля расці без бацькі, бацька, Іван Рыгоравіч, не вярнуўся з вайны, і цяпер няма каму выйсці за вёску, спаткаць сына, падаць руку. Такі боль не загойваецца… У гэтым асабістым таксама выяўляўся лёс пакалення — пакалення «бязбацькавічаў», аб’яднаных агульнай доляй:
Паверыць цяжка мне таму,
Што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды зніму
Перад магілай невядомай…
З іменем Р. Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях, — пры ўсёй неадналінейнасці развіцця — з’яўляецца пацвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў «Вечар над Таболам» (якая ўвайшла ў першы зборнік) — маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым «цалінным» цыкле. Перачытваючы яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае «я» аўтара «раствараецца ў масе», у калектыве студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматзначнае «я» ў непаўторнасці свайго індывідуальнага быцця.
«Лицом к лицу лица не увидать» — гэтак сказаў С. Ясенін. Сучаснікі не заўсёды дакладныя ў вызначэнні каштоўнасці і маштабнасці тых мастацка-эстэтычных з’яў, сведкамі якіх яны з’яўляюцца. Некаторым крытыкам здалося, што пасля «Маладзіка над стэпам» малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра відаць, што і другі зборнік «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961) быў крокам наперад. У гэтым пераконвалі вершы «Трэба дома бываць часцей», «Палата мінёраў», той жа «Вятрак» і іншыя.
Развіццё паэта — ад кнігі да кнігі — ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім.
Сонцу і ветру батрак,
Стаіць на пагорку вятрак.
Суседзі сваё адмахалі.
Адзін сірацее.
Пыльна.
Дзе ж гэта падводы з мяхамі?
Чакае, углядаецца пільна…
(«Вятрак»)
Першая кніга Р. Барадуліна, яго стылёвы код, адчуваецца і ў другой, і ў трэцяй, і ў чацвёртай… Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма — яе мы сустракаем паўсюль.
У верасня свой, асаблівы пах:
Курыць сівец — плыве дымок гаркавы.
Зямлёю пахне бульба у капцах,
Антонаўкамі зоры па начах
І туманы — ляжалаю атавай.
Тэма Радзімы гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца ідэйна і душэўна. На грунце свайго, асабістага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці…
Читать дальше