Але гэта толькі адна з граней вялікай тэмы «дотыку да зямлі» ў асэнсаванні паэта. Грань вясковая, звязаная з яго духоўна-«экалагічным» роздумам над «фатальнай» цвёрдасцю бетона, які бярэ ў свой шэры палон планету. Гэта думка мае шмат адценняў, матываў, якія гучаць па-грамадзянску пераканаўча і наступальна. Матыў, так уласцівы сучаснай паэзіі: «У травы забіраюць правы — хіба гэта не бачыце вы?» Некалі У. І. Ленін надта ўхваліў думку Гегеля аб тым, што чалавек у сваіх тэхнічных сродках мае ўладу над знешняй прыродай, а ў сваіх мэтах хутчэй падпарадкаваны ёй. Гэтая думка блізкая П. Макалю. Гаворачы пра першапачатковыя каштоўнасці, бласлаўляючы «зялёны бунт», «зялёны ўзлёт травы», паэт далучае нас да духоўных крыніц эпохі.
Свет «простых слоў» разглядаецца ў самых разнастайных планах, у спалучэнні, так сказаць, матэрыяльнага і духоўнага. Адкрываецца складанасць свету і сцвярджаецца яго гарманічнасць: «Калі б, зямля, ты не дала мне хлеба, ці змог бы дацягнуцца я да неба, аб зорны келіх губы апячы?»
«Дотык да зямлі» — формула грамадзянскага мыслення паэта, формула яго рэалізму, скіраванага супраць «паветраных замкаў», супраць тых, хто «ману з туману лепіць». «Страцім сілу мы, адарваўшыся ад зямлі», — непакоіцца ён.
Думка аб несумяшчальнасці грамадзянскасці і бесканфліктнасці вельмі характэрна для сённяшняга П. Макаля. Ён — майстар канцэптуальнага верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця.
Сацыяльна-філасофская аснова яго паэзіі — шырокая. Ён — востра сучасны, праблемны. Дэталі і падрабязнасці вясковага побыту часцей за ўсё патрэбны яму для асэнсавання больш агульназначных дэталей. Паэта хвалюе чалавек, яго быццё і ўзаемаадносіны са светам, накіраванасць яго актыўнасці, будучыня. Як раз менавіта гэтыя матывы складаюць змест напружанага роздуму. Своеасаблівасць яго вершаў у тым, што яны спалучаюць публіцыстыку з філасафічнасцю. Гэта надае ім эстэтычную аб’ёмнасць, глыбіню. Часта звяртаецца ён да духоўнага вопыту народа.
«Шчаслівейшы не той, хто жне, а той, хто сее», — нагадвае ён даўнюю сялянскую мудрасць, хаця і ведае, што адлегласць да жніва іншы раз бывае даўжэй за чалавечы век. Але сеяць трэба. Паэт славіць урадлівасць зямлі, ніву, поле, якія насычаны для яго вялікім духоўным сэнсам.
Пластыка яму таксама не чужая. Але не ў ёй справа. Яна падпарадкавана больш агульным паэтычным ідэям. П. Макаль здольны ўзбуйняць рэчаіснасць, бачыць касмічныя рысы ў фарбах асенняга саду: «Адсвечвае галактыкаю сад, у барвы шчодрай спеласці адзеты». Ён — майстар ёмістай, маштабнай метафары. Славячы важкасць «пладоў, зярнят і дум, цяжкіх ад сонца», паэт бачыць, як
Сам космас,
быццам просьбіт,
басанож,
Сыходзіць ноччу да Зямлі з паклонам,
Дрыготка падстаўляе зорны кош
Пад яблыкі, што падаюць са звонам.
Садовая груша — звычайная слуцкая «бэра» — уяўляецца яму малой планетай. Паэт настойліва імкнецца да маштабных вобразаў, смелых абагульненняў, у якіх сінтэзуецца дзень сённяшні з глыбокімі пластамі народнага вопыту.
Высокую паэзію адкрывае ён у вобразе свайго зялёнага друга — лесу. Наш лес — наша гісторыя. У ім адлюстраваўся характар народа, яго мужнасць, высакародства. У вайну пад шматпавярховыя лясныя шаты лезлі з факеламі чорныя карнікі. Але лес выстаяў. У ягонай жывіцы і дасюль стынуць кулі. Паэт чуйны да жыцця прыроды, яна ўладарна вабіць яго да сябе. Чалавек у яго адчувае сябе не толькі часткаю грамадства, але і прыроды: «З упартасцю вучуся разумець маўклівы камень, і бетон, і медзь»; «Зямля і неба, вецер і агонь — бяссонныя настаўнікі мае». «Мой лес — мой лёс», — кажа ён. У такой вось маштабнасці вобразаў, метафары — аснова паэтыкі П. Макаля. Такія паняцці, як поле, лес, хлеб, бетон, трава, агонь і г. д., ён разглядае буйным планам, у багацці іх сацыяльных сувязей і жыццёвага зместу. Не рэдкія ў яго выразы тыпу «я — кола», «я — выйшаў з баразны».
Бачна велізарная цяга да падкрэсленай метафарычнасці, прытчавасці, мастацкай умоўнасці. «Бор, як роздум, глыбокі…», — гаворыць ён, удала спалучаючы ў адным вобразе вельмі аддаленыя паняцці. Гэта відаць у вершах «Прас», «Маналог сабакі», «Песня заваднога салдаціка», «Пласцінка», «Кумір» і іншых. Умоўнасць П. Макаля — пры ўсёй нечаканасці формы — не супярэчнасць зместу, бо накіравана на асэнсаванне пэўных рэальных з’яў. Сумяшчаючы малое з вялікім, звычайнае з незвычайным, паэт па-свойму абжывае свет, у многім дабіваецца жаданага выніку.
Читать дальше