Гартаючы кнігу, міжвольна спыняешся на радках, якія, здаецца, выдыхнуты паэтамі адразу, за адзін раз: «Яснасці, яснасці, яснасці! — хочацца па-цвярозаму яснасці — чэснай уласнасці, незакілзанага розуму». Або: «Сплю ў каменным сховішчы кватэры. Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — хлеб». У індывідуальным вопыце паэта адлюстравалася душэўная прага яго сучаснікаў, «грамадзян XX стагоддзя». Не толькі асоба для гісторыі, але і гісторыя для асобы! У кнізе «Акно» ён вядзе страсную спрэчку з сабой учарашнім. І выйграе яе паэт сённяшні! Свет наш не настолькі ўладкаваны, хоча сказаць ён, каб сядзець склаўшы рукі. На гэтым грунтуецца яго душэўная актыўнасць; інтымнае і грамадскае ў кнізе нельга размежаваць, настолькі яны сплаўлены, уключаны ў гістарычны прагрэс. Грамадства не можа развівацца насуперак інтарэсам чалавека — вось што сцвярджае паэт, выступаючы супроць нівеліроўкі асобы пад уздзеяннем працэсаў масавай камунікацыі і «масавай культуры».
Што П. Макаль выдатны майстар верша — несумненна. Ён, скажам, бездакорна валодае самай разнастайнай і багатай рыфмай:
Хвала напятай хвалі, што пяе!
Хвала ўзбярэжным дзюнам,
што як горы!
На пляжы спляжу немачы свае
І змору патаплю
у бяздонным моры.
Рыфмуюцца не толькі паралельныя радкі, але і словы ўнутры радка, верш набывае выключную гнуткасць і музычнасць. Прадметы паўстаюць пластычна, аб’ёмна, і хаця аўтар амаль не адмаўляецца ад строгіх класічных рытмаў, верш яго не выглядае старамодна, бо само душэўнае багацце мастака, яго паэтычнае мысленне ў аснове сваёй вельмі сучасныя.
У 60-70-я гады можна было назіраць, як пашыраўся яго творчы дыяпазон. Ён звяртаецца да драматургічнага жанру: п’есы П. Макаля «Адчыніце, казляткі!», «Дай вады, калодзеж», «На ўсіх адна бяда» (яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў) з поспехам ідуць на сцэне Беларускага тэатра юнага гледача. Супрацоўнічае з кампазітарамі: разам з Я. Глебавым створана араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства», шэраг песень. Майстэрства, тэхніка надта спатрэбіліся Макалю ў перакладчыцкай працы. Буйнейшыя яго работы — анталогія вершаў сучасных славацкіх паэтаў «Татры пяюць» (1976) і кніга Міраслава Валека «Крылы» (1979), якія атрымалі станоўчую ацэнку ў друку: Макаль як перакладчык умее глыбока пранікнуць у дух першакрыніцы…
У 1979 годзе яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. І невыпадкова: сёння ён працуе асабліва інтэнсіўна. Вельмі сучаснымі і сур’ёзнымі кнігамі ўяўляюцца мне зборнікі «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Смак яблыка» (1981), якія сведчаць, што паэт трымае руку на пульсе жыцця. Яны нагадваюць нам адно са шматлікіх метафарычных вызначэнняў паэзіі, якое сцвярджае, што паэзія — гэта «адчуванне зямлі босай нагой».
«Дотык да зямлі» — выраз гэты ўзяты паэтам у яго вобразным, шматмерным значэнні, але абапіраецца ён на свой пачатковы, самы непасрэдны сэнс, укладзены ў звычайныя словы:
Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два:
Зямля,
Вада,
Паветра
І трава…
Што ж гэта — паэзія простых слоў, простых рэчаў?
Так. Але паэт — як і яго сучаснікі — па-новаму адчуў гэтыя «рэчы», іх каштоўнасць і значнасць у святле вядомай супярэчнасці нашых дзён:
Ракеты і аўтамабілі
У нас адлегласць узялі,
А мы, здаецца, разлюбілі
Хадзіць нагамі па зямлі.
Паэзія гэтых радкоў падказана і нашым днём і памяццю. Нельга не заўважыць, што найбольш удалыя вершы Макаля будуюцца на арганічным сінтэзе сучаснага і мінулага, калі час прадстае як частка яго жыццёвай і духоўнай біяграфіі. «Я з вёскі» — прызнаецца ён у адным з вершаў: «Я выйшаў з вёскі, выйшаў з баразны, — і ворывам мае далоні пахнуць». Вясковая тэма — не новая для беларускіх паэтаў, аднак кожны асэнсоўвае яе па-свойму. Паэты, яны таму і мастакі, што, расказваючы, здавалася б, пра адно і тое ж, ніколі не паўтараюць адзін аднаго, бо кожны гаворыць, так сказаць, пра сябе, пра свае праблемы і турботы, якія вынікаюць з яго разумення, біяграфіі, жыццёвага вопыту, а гэтыя рэчы, як вядома, заўсёды непаўторныя, адзінкавыя. П. Макаль на новым этапе вяртаецца да зямных вытокаў свайго лёсу. Памяць праз гады захавала пах сырадою, што быў хлебам дзіцячых год. Але разважанні паэта не абмяжўваюцца аднымі ўспамінамі. Сёння, калі трава «жылплошчу аддае бетону» і гудок глушыць галасы птушак, калі штучным шляхам, хімічна, сінтэзавана нават малако, ён сцвярджае першапачатковую натуральнасць і свежасць быцця, яго неабходнасць у светаадчуванні сучасніка. У яго паэзію прыходзяць вобразы нівы, баразны, плуга, хлеба, нават вобраз каровы, з якой ён звязвае «млечны шлях» свайго лёсу.
Читать дальше