Лётаем вышэй за птахаў
І нават гук абганяем.
Не баючыся страхаў,
Падэшвамі Месяц кранаем.
Чаму ж нам раніцай весняй
Шчыміць салодкім болем,
Калі жаўруковай песняй
Неба звініць над полем?
І я ўжо малю па сакрэту:
Выратуй век ад шаленства,
Вярні таямніцы свету,
Вёска майго маленства!..
Там, на мурожным улонні,
Хлапчук у кашулі зрэбнай
Узважвае на далоні
Сузор’е, што ў кропельцы срэбнай.
Гэта — з кнігі паэзіі «Смак яблыка».
Ручаіна паэзіі П. Макаля пачалася з акіяна шматфарбнага мастацтва Я. Купалы, з якім яго яднае глыбока ўсвядомлены гістарызм: «Адродзіцца тое, што страчана. І ты застанешся, як спадчына, поле маё старажытнае — доля мая жытняя!»
Сцвярджаючы гуманістычную прывабнасць сённяшняй явы, паэт імкнецца сцвердзіць пераемнасць мінулага і будучыні, жыццёвасць народных традыцый.
Майстэрства яго пастаянна расце. Сёння яно стала віртуозным:
— Вы адкуль?
— Мы — ад куль.
Мы — з вайны.
Мы — званы.
Мы — дамы.
Мы — дымы.
Каміны.
Камяні.
Прыкметай сучаснага мастацкага мыслення П. Макаля стала філасофскае пранікненне ў сэнс падзей, псіхалагічнае даследаванне характару сучасніка. Паглыбленне псіхалагізму характэрна для ўсёй сучаснай літаратуры, у тым ліку і для паэзіі, якая выходзіць на шырокія філасофскія праблемы часу, шукае свае сродкі апалітычнасці, свой эстэтычны інструментарый. Псіхалагізм неад’емны ад этычнага зместу, ад духоўнасці, а сапраўдная духоўнасць — у імкненні да гармоніі думкі і этыкі. У яго светаадчуванні спалучаны сацыяльнае і асабістае, зямное і «нябеснае», «дзелавое» і духоўнае, бытавое і інтэлектуальнае. Свет яго ідэй стаў значна шырэй. Паэт сцвярджае сувязь галін і каранёў, што так глыбока пранікаюць у родную зямлю, сувязь часоў і пакаленняў. Сённяшняе ён хоча зразумець у аспекце гісторыі. Такія катэгорыі, як гісторыя, народ, нацыянальны характар пастаянна прысутнічаюць у яго паэзіі. Адсюль — змястоўнасць і шырыня паэтычных абагульненняў.
«Для мяне, — пісаў нядаўна ў „Литературной газете“ Яўг. Вінакураў,— верш павінен быць у першую чаргу шматпланавым, поліфанічным па сэнсу, — у ім павінен быць пададзены не абы-які факт, а факт шматзначны, таму што, паводле слоў Л. М, Талстога, мастацкае слова тым і адрозніваецца ад немастацкага, што выклікае бясконцае мноства думак, уяўленняў і тлумачэнняў».
Мяркуючы па ўсім, да гэтага вельмі блізка эстэтычнае крэда П. Макаля, які таксама імкнецца павялічыць мастацкія магчымасці слова. Пажадаем яму новых поспехаў на гэтым шляху.
Хацелася б засцерагчы яго ад аднаго.
Эстэтычная, грамадская актыўнасць паэта адзначана ў лепшых яго дасягненнях пячаццю непаўторна асабістага ўспрыняцця рэчаіснасці, адносін да яе з’яў. Гэтым талентам варта даражыць і не аддаваць яго ў ахвяру паэтычнаму прыёму, хай нават самаму сучаснаму. Інакш цяжка будзе дасягнуць маральнай і эмацыянальнай цэласнасці і адзінства, так неабходных у паэзіі. Тым больш што ягонае лірычнае «я» надта абагульненае, часам пазбаўлена сваіх біяграфічных рысаў. Што ж, такая асаблівасць Макаля, які імкнецца больш расказаць пра час, чым пра сябе. Яго паэзія — паэзія інтэлекту, не пазбаўленага рацыяналістычнасці. У гэтым няма нічога благога, але яму трэба быць пільным, каб інтэлектуальнасць не ператварылася ў сухасць, зададзенасць, каб паэзія не аддалялася ад чалавека.
Яшчэ раз нагадаю, што майстэрства не заўсёды ратуе ад банальнасці. Ёсць радкі, якія ўражваюць не столькі сваёй думкай, колькі самім паэтычным уменнем:
Душа — не лёд.
Душа — палёт.
Там, дзе траціцца ідэйная, духоўная ёмістасць слова, яно выглядае даволі плоскім, ардынарным. У Макаля можна прачытаць пра ўсё. Такая універсальнасць, заўважу, даволі негатыўна ўплывае на яе арганічнасць як кнігі лірыкі, якая патрабуе нейкай адзінай, унутранай, вядучай тэмы. Універсальнасць часам заглушае гэту тэму, дробніць унутраны свет паэта.
П. Макалю — аднаму з вядучых нашых паэтаў — варта падумаць і пра гэта.
Свежасць першаадкрыцця
(Рыгор Барадулін)
Пімен Панчанка прысвяціў яму верш «Паходжанне майго друга Рыгора Б.»
Ты прыйшоў з вайны і гора,
Ты — з малітвы,
Ты з разгневанага бору,
Ты смалісты.
Сто паэтаў цягнуць хорам,
Ты салістам.
Ты нібы святло у лесе
Ад каліны,
Ты ад самай добрай песні —
Ад Куліны.
Гэта — мастацкі партрэт паэта, напісаны выдатным і дабразычлівым майстрам старэйшага пакалення. Партрэт напісаны, прама скажам, віртуозна, па манеры нагадваючы стыль самога Барадуліна, які быў і застаецца адным з самых яркіх, самабытных, шчодрых нашых паэтаў. Яго слова, — як заўсёды, канкрэтнае і прадметнае — адлюстроўвае час, рэчаіснасць, прыроду, — словам, жыццё ў багацці яго матэрыяльнай плоцевасці, пластыкі, колераў, гукаў і пахаў.
Читать дальше