Абуджаюцца зямныя сокі,
Бродзяць хмелем п’яным, маладым.
На палях з праталін чарнавокіх
Ўецца туманоў бялявы дым.
Дык вось яна — жывая паэтэса, вершы якой так своеасабліва адкрылі нам прыгажосць жыцця, хараство і непаўторнасць гэтага цудоўнага свету, у якім наканавана чалавеку жыць…
Звярнулі ўвагу тонкія, адухоўленыя рысы яе твару, прыгожая постаць. Падумалася: вось такой і павінна быць паэтэса.
Цікавая, таленавітая моладзь расце, — гаварыла яна пра сваіх равеснікаў, аднагодкаў, пра сваё пакаленне — Уладзіміра Караткевіча, Міколу Арочку, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Нядзведскага, Алега Дойку, Рыгора Барадуліна і іншых. — Добрыя яны і розныя, а, паглядзіце — крытыка іх не разумее!
— Адвыкла, відаць, наша крытыка ад сапраўднай паэзіі,— зазначыў Іван Клімавіч, — рыторыка для яе бліжэй…
— Напісаў Уладзімір Караткевіч цудоўны верш «Заяц варыць піва». «Новый мир» нават надрукаваў — у Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага густ выдатны! А крытык узяў і збэсціў верш…
Абараняла Караткевіча Еўдакія Лось! І выказвала пры гэтым тонкае адчуванне і разуменне яго паэзіі:
«У. Караткевіч — вельмі арыгінальны, разнабаковай творчай культуры чалавек. Але напамінак аб гэтым паэце вымушае кінуць і папрок крытыцы. Караткевіча крытыкавалі ў некаторых выпадках якраз за тое, што ў яго ёсць, арыентуючы быць такім, якім ён не можа і не хоча быць. А вось гэтага, на нашу думку, трэба пазбягаць, калі сур’ёзна клапаціцца пра выхаванне паэтычнай індывідуальнасці» («Літаратура і мастацтва», 1960, 23 студзеня).
У ёй жыло прыроджанае пачуццё справядлівасці.
— Новае ў літаратуры абавязкова праб’е сабе дарогу… — спрабаваў гаварыць Іван Клімавіч.
— Праб’е то праб’е, але маладую паэтычную індывідуальнасць трэба падтрымліваць, маладыя патрабуюць асаблівай увагі. Гэта — маё перакананне, — Еўдакія Якаўлеўна гаварыла страсна, з запалам. — Дзе тут у вас Каваленка, мне трэба яго бачыць, — раптам запытала яна пра вядомага ўжо тады маладога крытыка Віктара Каваленку, аднаго з прыхільнікаў новай літаратурнай генерацыі, які неаднаразова і слушна пісаў пра вершы Еўдакіі Лось. — А ты, значыцца, навуцы хочаш дапамагчы? — звярнулася яна да мяне, — што ж, давай, пасабляй, працы шмат.
І пайшла.
— Баец наша Дуся! — пракаменціраваў усё Іван Клімавіч.
Еўдакія Якаўлеўна таксама была з тых, чыё дзяцінства адабрала вайна і хто мужнеў у цяжкія пасляваенныя гады. Пра гэта расказвалі вершы: суровае дзяцінства, трагедыя вайны, цяжкасці пасляваеннай пары…
Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі
з вайны?
Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…
А вось у іншым інтанацыйным ключы:
Снегу, снегу — не праехаць,
Снегу, снегу — не прайсці!
Хоць бы стомленай, у сне хоць
Да Лучосы дабрысці…
Ад Лучосы можна босай
Да зажуранай Дзвіны —
Да маёй праставалосай,
Ад рыданняў безгалосай,
Сэрцам выклятай вайны…
У такіх выпадках неяк няёмка гаварыць пра майстэрства, хаця кожнаму відаць, што гэта «праставалосая вайна» напісана выдатным майстрам: у двух словах перададзена ой як шмат! У лірыкі свае спецыфічныя магчымасці паказу жыцця, якое яна адлюстроўвае найбольш праз думкі і перажыванні паэта. Але тут, дарэчы, як у прозе і драматургіі, вельмі важны яго духоўны вопыт, веданне народнага жыцця, глыбіня погляду ў мінулае і ў будучыню. У Еўдакіі Лось гэта якраз было. Яна адчувала сябе дачкою сваёй зямлі. У лепшых творах паэтэсы выразна бачылася сувязь чалавечага лёсу і лёсу народнага. Гэтае зліццё стала асноўным зместам яе лірычнага перажывання, сацыяльнай асновай творчасці.
З першых крокаў ёй спадарожнічала разнастайнасць тэм, матываў, настрояў, якая адпавядала шматстайнасці жыцця, яго шырокім абсягам. «Клічуць дарогі дальнія, клічуць дарогі блізкія, клічуць асфальтам люстраным, прасёлачнаю смугой» — тут была ўнутраная праўда і настрой. Сёння яна ў заводской кузні, заўтра — на сустрэчы з дзецьмі ў школе-інтэрнаце, паслязаўтра сэрца пакліча яе на братаву магілу ў Фэстаў, што пад Кіевам.
Першая кніга называлася «Сакавік» — у месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася, нават у гэтай акалічнасці, у гэтым супадзенні адбілася ўнутраная, душэўная ўстаноўка на непрыдуманае, перажытае, сваё. На гэта яе натхніў і Пётр Усцінавіч Броўка, калі ў канцы саракавых гадоў, ці не ў сорак восьмым нават, наведаў Глыбокае, дзе, сустракаючыся з выбаршчыкамі, спаткаў маладую паэтэсу — студэнтку Глыбоцкага педвучылішча Дусю Лось, паслухаў яе вершы, паверыў у яе творчыя сілы і падтрымаў. І Еўдакія Якаўлеўна засталася на ўсё жыццё ўдзячнай яму за гэта, вучылася ў яго зацікаўленаму і добраму погляду на жыццё…
Читать дальше