Паэтэса ўмела пісаць буйнымі мазкамі, эмацыянальна:
Ах, Беларусь, мая ты доля,
Мая сляза і пацалунак,
Маё ў бярозках белых поле.
Мой песнямі набіты клунак!..
Купалаўскае, да болю шчымлівае пачуццё радзімы напаўняла гэту паэзію, у якой, мне здаецца, адлюстраваўся працэс паглыблення адчування сваёй роднасці, каранёў, зямлі.
Хаціна між бульбоўніку, як дача,
І дзедава магіла за гарой…
Нейкая забытая сваячка
З парога кліча радасна «сястрой».
Тэма Радзімы — скразная ў яе творчасці. Трывалая повязь злучала яе з роднай зямлёй, продкамі, народным бытам і культурай. Яе паэзія прасякнута пачуццём гістарызму — стыхійнага і глыбока ўсвядомленага. Часта ў вершах згадвала яна сівую даўніну і працавітых продкаў. І не дзеля таго, каб «уміліцца» іх самабытным укладам жыцця. У сваіх продках — крывічах («Продкі») яна цэніць і захапляецца іх майстэрствам, уменнем рабіць «Зрубы залатыя, нарогі, гонкія чаўны і сцены белыя Сафіі над плынню быстрае Дзвіны». Дыханне гісторыі чутно ў яе маштабных лірычных абагульненнях:
Мая радзіма — Жытні колас,
Сінь мурагу, язміну цвет.
Яна —
Пілы гарачай голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след…
«Я тут расту. Мне соладка і горка. Мяне адсюль вятры не адарвуць…», — і гэтаму верылася, як верыцца праўдзе. У вершах Е. Лось была ўласцівая лепшым творам сучаснай беларускай паэзіі глыбіня і даль памяці. Хто толькі не пісаў пра бярозу! А вось яе радкі пра бярозу: «Хто аглядаўся на свой кут здалёк, запамінаў яе нібы ўрок айчыназнаўства…»
Пра першую сустрэчу і знаёмства з Е. Лось я ўжо расказаў. Потым сустрэч было шмат. Сустракаліся ў Саюзе пісьменнікаў, у выдавецтвах, у паездках па рэспубліцы і проста выпадкова — на вуліцы.
Уражваў яе непакой, шчодрасць душы, пастаяннае жаданне выправіць нешта ў лепшы бок. Радавалі кнігі, якія сведчылі пра ўзбагачэнне мастацкай думкі паэтэсы, шырыню даляглядаў.
У 1965 годзе выйшаў чарговы зборнік лірыкі «Хараство», і захацелася напісаць пра яго. «ЛІМ» надрукаваў маю рэцэнзію пад назвай «Радасцю свет надзяліць». Мне здавалася, што ўдалося схапіць эстэтычную сутнасць яе паэзіі — непасрэднасць адчування свету, уласцівую ёй народнасць, высокую культуру мастацкага мыслення.
— Дзякуй за падтрымку, — сказала яна пры сустрэчы, — але не ўсё вы ў мяне зразумелі…
— Еўдакія Якаўлеўна, можа, так і павінна быць: паэзія па сваёй прыродзе невычарпальная… «У кожным імгненні паэзія ёсць, у кожным здзяйсненні — яе прыгажосць…»
— Дык вось гэту прыгажосць і крытыку добра было б бачыць! І ўвогуле дабрэйшым трэба быць.
Еўдакіі Якаўлеўне немагчыма было адмовіць у слушнасці, яна, як сама паэзія, была, кажучы па-руску, права.
Прага жыцця і прыгажосці зрабіла яе страснай вандроўніцай. Дзе яна толькі не пабывала — скалясіла, можна сказаць, усю Беларусь, наведала, здаецца, усе братнія рэспублікі і многія замежныя краіны. Адусюль прывозіла і новыя, свежыя ўражанні, і новыя творы — вершы, паэмы, апавяданні… Перачытайце іх яшчэ раз — і вы знойдзеце сляды тых вандраванняў. Гэта былі перш за ўсё вандраванні душы, якая шукала блізкага сабе, роднаснага свайму ўнутранаму вопыту.
Крочу гасцінцам адратаваным —
Недзе з журбы падзецца…
Часта пагорак здаецца курганам,
Нечай магілай здаецца…
Паэтыка яе ў многім была традыцыйнай. Такой, у значнай ступені, яна заставалася да апошняга дня. Характэрная ёй задушэўнасць інтанацыі ўвасаблялася ў вершы напеўным, разлічаным на непасрэднае эмацыянальнае ўздзеянне, вельмі гаваркім, часцей за ўсё з канкрэтным вобразам, рэалістычнай дэталлю. Той жа С. Гаўрусёў пісаў, што Е. Лось — «паэтэса мяккіх фарбаў, і прыгажосць душэўнага аблічча нашага сучасніка ёй лепш за ўсё ўдаецца перадаць у лірычным плане, без непатрэбных перавелічэнняў і перабольшванняў». Паэтэса імкнулася даказаць, якімі значнымі магчымасцямі валодае гэты плаўны, напеўны верш, здольны выразіць розныя інтанацыі. І трэба сказаць, што ў асноўным, за рэдкімі выключэннямі, гэта ёй удавалася. Ратаваў талент, уменне знайсці прапорцыі грамадзянскага і інтымнага, дапамагала праўда жыцця, праўда перажытага, якая павялічвала магчымасці верша. Назаўсёды запомніўся (з кнігі «Людзі добрыя» — 1963) яе выдатны верш «Я зусім не баюся старасці…»
Я зусім не баюся старасці,—
Хай прыходзіць, калі захоча…
Я была ўжо бабулькай хілай
На дванаццатым годзе жыцця…
Страшныя ўспаміны з вайны, роздум над перажытым — у форме белага верша, рыфмы маглі аказацца тут лішнімі…
Читать дальше