Што яшчэ і яшчэ раз заўважаеш у характары паэта — гэта яго незвычайную дабрату ў сэнсе багацця чалавечнасці, шырыні кроўных сувязей са светам — з людзьмі, падзеямі, прыродай. «Добрай чалавечнасці галінка ў кожным слове хоча вырастаць», — гаворыць Пысін. Дабрата яго не паказная. Яна найбольш у самім стаўленні паэта да рэчаў, аб ёй можна меркаваць па тым, што трапляе ў поле зроку, як ён бачыць жыццё. Яго пошукі і знаходкі звязаны з псіхалагічна заглыбленым раскрыццём сацыяльнай і духоўнай сутнасці сучасніка.
Чым паўней мастак убірае ў свой унутраны свет вялікія грамадскія пытанні жыцця і чым арганічней сваё, інтымнае ўспрымае ў непадзельнай сувязі з вялікім светам народнага жыцця, тым большае ідэйна-мастацкае значэнне яго твораў. «Свая» тэма не звузіла светаўспрыняцце А. Пысіна. Наадварот, і паглыбіла, і пашырыла яго. Думка паэта багатая на чалавечнасць, на адчуванне сваёй далучанасці да ўсяго свету.
Ёсць на свеце мой алень,
Ёсць і гэткае маленне:
Будзь заўсёды у аленя,
Цёмны мох і светлы дзень!
Бы, разумныя браты —
Я і сам страляць умею —
Дайце жыць майму аленю
Пад галінкай дабраты.
Варта звярнуць увагу не толькі на сэнс радкоў, але і на іх гукавую арганізацыю і строфіку, тыя «званочкі», што сабраны ў канцы радкоў (алень — маленне — дзень…). Яны «вядуць» думку паэта, робяць яе чутнай і пластычнай. У гэтых радках з кнігі «Ёсць на свеце мой алень» шырока і поўна — і свабодна, нязмушана! — выяўляецца асоба паэта. Асабісты пачатак, як бачым, не вынік адлучэння паэта ад аб’ектыўна-гістарычных працэсаў, наадварот — ён вынікае з іх глыбокага ўсведамлення. Іменна пры гэтай умове асабістае ўзнімаецца і ўзбуйняецца да асабовага, агульназначнага. Для А. Пысіна гэта была звычайная з’ява: за ўсіх і кожнага ён хацеў заступіцца.
І чаму не стаў я лесніком,
Лес мой, брат мой…
Быў бы я тваім замком
І тваёю брамай.
Прыгажосць лесу безабаронная, нехта «з помстаю ідзе да дрэў і сячэ без жалю іх на дровы», а лес варты таго, каб яго ашчаджалі і бераглі.
У А. Пысіна кожнае дрэва поўнае вялікага сэнсу і значэння:
«Пад арэшынай — любімай быць,
Пад вярбінаю — ліць слёзы,
Пад рабінаю — чужых любіць,
Удавой застацца — лёс бярозы».
Гаварыла маці гэтак мне,
Калі сад скідаў ліству сырую.
Я глядзеў на дрэвы у акне,
Я глядзеў на маці нестарую.
Ізноў міжвольна ўзнікае паралель: зялёнае дрэва і жывы чалавек, прыроднае адлюстроўваецца ў чалавечым, а чалавечае — у прыродным. А. Пысін прадстае ў гэтым вершы глыбокім чалавеказнаўцам, чалавекам мудрым і добрым. У мудрасці, кажуць, шмат смутку, але смутак не зніжае жыццесцвярджальнасці верша, наадварот, ён робіць гэту рысу больш праўдзівай і пераканаўчай.
І чаго журылася яна:
Можа, лісце тое шкадавала,
Ці яе дзявочая вясна
Белаю вярбою ашукала?
Гэта — пра маці і разам з тым пра сябе.
Як бачым, у эмацыянальным вопыце А. Пысіна адлюстроўваўся вопыт іншых, вопыт яго пакалення, які паэт здолеў так дакладна і пранікнёна выразіць, тыпізаваць у цікавым чалавечым характары.
Ён шмат і ахвотна піша пра лес. Тут паэту добра думаецца, і сам душэўны стан нейкі незвычайны:
Я вучань, першакласнік я нясмелы,
Вучуся ў мудрых дрэў, а не ў магіл.
Хай упадзе мой дзень, як жолуд спелы,
З тугім запасам жыццядзейных сіл.
Аб вечным думаю, амаль цвярозы,
На імянінах векавых дубоў.
Ляпеча штось касцёр. Іскрынкі-восы
Мільгаюць ля маіх маўклівых броў.
А. Пысін праз вобраз лесу выяўляе сваё ўспрыняцце рэчаіснасці, свой унутраны свет, у якім празрыста адбіваецца аблічча нашага часу. Яго вершам уласцівы смелы ахоп рэчаіснасці, уменне за сціплым фактам бачыць патаемныя глыбіні быцця. «Аб чым гаворыць з берагам вада, — мне невядома; у яе свая любоў, і правата, і немата, і мова…» Б. Пастарнак некалі афарыстычна вызначыў: «Паэзія — у траве», гэта значыць у самым будзённым, «празаічным» жыцці. Можна здзівіцца і нават пазайздросціць тонкасці і нейкай, я б сказаў, першапачатковасці адчування прыроды: «Хітры карась затаіўся ў пастцы, мудрыя травы спяць у стагах». Паэту добра відаць, як вясновае адраджэнне прыроды ўплывае на чалавечыя душы: «прырода вучыць нас, яна ўмее заўсёды быць саўдзельнікам вясны». У яго пейзажных вершах мне чуецца той «водгук неспазнаных настальгій», які ўладна цягне на жывое ўлонне — у поле, на луг, у лясныя нетры. «І штосьці ад дрэва ў мяне, і штосьці ад птушкі журботнай», — прызнаецца ён у адным з вершаў. Гэты паэтычны пантэізм — натуральны, непрыдуманы — заўсёды глыбока ўражвае: «Сасна паклікала, як маці, працягла, глуха: „Аляксей“».
Читать дальше