Чырвань, чырвань — колер праваты.
Салдат прарос кветкай. Пачатак узнаўлення дабрыні, маральных каштоўнасцей закладзены ў самой прыродзе. Такім чынам, гэты верш — «Іван-чай» — не толькі пра вайну. «Салдацкая правата — правата сучаснасці,— гаварыў паэт. — Правата дружбы і кахання, трывог і летуценняў, высокіх ідэалаў. Правата роздуму аб вечных катэгорыях. Кожная з’ява ў жыцці мае тры вымярэнні: мінулае, сучаснае, будучае…» Сэрца паэта ахоплена трывогай за стан свету: ён баіцца, каб не распалася сувязь часаў, каб не паўтарылася трагедыя веку — вайна, бо гэта азначала б смерць, канец свету. Такую думку прачытваем у вершы пра Раберціна Ларэці, чый дзіўны голас скалануў і прымусіў здзівіцца ўсю планету. Каб перадаць напружанасць сітуацыі, аўтар звяртаецца да парадаксальнасці:
Маці-планета войкнула,—
Што нарабіла?
Маці-планету палохае
Уласнае дзіва.
Боязна ёй становіцца:
Так звонка спявае хлапчук італьянскі,
Што могуць атамныя бомбы
Узарвацца ад дэтанацыі.
Адказнасць за сучаснасць, якая сінтэзавана ў сабе, і мінулае («Мінулае належыць нам так, як і будучыня», — заўважыў неяк паэт), — арганічная для характару лірычнага героя, які не аддзяляе сябе ад народа, жыве з ім адным жыццём. Такое разуменне адказнасці шырока раскрывае творчыя магчымасці паэта, узнімае яго гуманізм на ступень сацыялістычнага гуманізму, аптымістычнага па сваёй сутнасці. Свет убачанага і перажытага, тое, што стала аўтарскім вопытам, цікава і своеасабліва пераламляецца ў вершах паэта. І калі мы гаворым, што Пысін з цягам часу ўсё больш пераносіць сваю ўвагу на асобу, на індывідуальную псіхалогію, то гэта зусім не значыць, што яна ў нейкай ступені абыходзіць гістарычныя паняцці і грамадскія рамкі. Наадварот, большая ўвага яго да чалавечай асобы, да індывідуальных лёсаў (у тым ліку да свайго) мае гістарычную падсветку. У свой час, працуючы над новымі раманамі «Палескай хронікі», І. Мележ дамагаўся «паказаць праз асабістае страсць эпохі». Менавіта так асвойвае складанае пачуццё гісторыі паэзія Пысіна: мінулае гаворыць голасам лірычнага героя, чый лёс блізкі лёсу самога паэта. І сябе самога ён адчувае не інакш, як сувязным паміж былым і наступным. Адсюль і вострая памяць на пражытае, і ўпэўненасць, што лепш за яго аб перажытым ніхто не раскажа. Паэзія Пысіна, уласна кажучы, і ёсць мастацкае ўвасабленне гэтай адказнасці. У яго шмат вершаў, якія хочацца запомніць, зрабіць сваім душэўным набыткам. Вось як, напрыклад, гэты шырокавядомы шэдэўр яго лірыкі:
Забыта многа ў жыцці,
З дарог змецена і змыта.
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.
Вазьму шурпаты каласок
На чуйным провадзе саломы —
І адзавецца мне здалёк
Мой продак — сейбіт незнаёмы;
Жней невядомых галасы
Ўсплывуць над постаццю сухою.
Раскалыханы каласы
Густой паўдзённаю смугою.
Тут даспявае пад смугой
Зліццё надзей, жаданняў сумесь.
Гудзе жытнёвы провад мой —
Часоў былых і новых сувязь.
І даспявае далягляд
У трапяткім мембранным гуле.
Шукаюць рукі тых зярнят,
Каб нас таксама дзесь пачулі.
Залатая нітка гісторыі — той провад, які аб’ядноўвае, родніць нас з продкамі нашымі, каму мы больш абавязаны, чым часам думаем. Бацькам, продкам мы абавязаны і тым, што карыстаемся створанай імі мовай. Паэт перапоўнены сыноўняй удзячнасці «маці — словатворчы». Ён цесна звязаны са сваім, родным. Вось радкі пра сад:
Быў я нягодамі сечаны —
Яблыкі шрамамі мечаны.
Усё, з чым душа сутыкнулася,
У садзе, напэўна, адчулася.
Так можна сказаць і пра сад, і пра радзіму — вялікую і малую. І гэтую сувязь паэт, у сваю чаргу, завяшчае нашчадкам: «яблык ад яблыні коціцца ў руку таму, хто народзіцца». Асоба змяшчае ў сабе гісторыю як працэс, як пераемнасць эпох, як сувязь часоў. «З-пад пліт, з-пад дрэў гусцей сышліся цені; даўно не грэліся каля кастра». На гэтым будуецца канцэпцыя паэта (не так часта даводзіцца гаварыць пра канцэпцыю ў дачыненні да лірыкі). Яго погляд разгорнуты ў мінулае і ў будучыню: «Дальнія нашчадкі! Я гляджу — вашых прадзедаў нясуць у яслі». Пра дзіцёнка ён гаворыць, што гэта нітачка, якая вядзе ў будучыню.
З гэтым, нам здаецца, і звязана тое новае, чым ён узбагаціў сучасную беларускую паэзію.
Імкненне да дакладнасці пачуцця адбіваецца ў мове. Слова паэта становіцца «плынным» (выраз Л. М. Талстога): «цені неданесеных штыхоў», «густая медзь з галін сцякае», «бярозавае святло» ці, яшчэ больш нечакана, — «сухое святло». У яго з’яўляецца такое, скажам, параўнанне: «Ідуць наўпрост мінуты і секунды, як сотні радавых на маршы дня». У другім выпадку: «Куды спяшаюцца дажджоў калоны, не зведаўшы дарог і перапраў?» Засяроджанасць на былым не азначае ні тэматычнай вузкасці, ні адсутнасці, як мы ўжо казалі, сувязі з сучаснасцю. Наадварот, яго паэзія актыўна фарміруе светапогляд сучасніка:
Читать дальше