Дарэчы будзе зазначыць, што гэткае парабкаванне адначасна і абараняла мяне. Не бывала так, каб у нечым не смальнуў я быў глупства, за якое ахвотна пазбыліся б мяне. Тады Аліцыя выступала ў ролі гожай заступніцы з ружовымі шчокамі, перш „выспавядаўшы” мяне нецэнзурнымі эпітэтамі. Уступная фраза: Co ty sobie wyobrażasz, dupku jeden!.. Каштоўны я ёй уяўляўся не як эвентуальны палюбоўнік, але як вол рабочы. Дзе яна такога дурня знайшла б?! Іншы раз дазваляў я сабе распусціць язык. Неяк з’яўляецца яна вось на службе ў свежай крэацыі, у сукенцы з чырвона-зялёнымі колерамі. Быццам уся ў сцягу Беларускай ССР рыхтык абгорнутая. Я яе за гэта пахваліў, а яна кінулася ў дзверы, да стаянкі таксі насупроць, пад „Старамейскім” рэстаранам. І хутка дахаты – змяніць туалет, вышпурнуць тую хамска-беларускую сцяганоснасць. Polka jestem! – ганьбуючы беларускім лахманствам.
Дзякуючы адпаведнаму мне паўштату я працавіта перазнаёміўся з літаратурнай Польшчай. Вымучыўся з маўклівым Эрвінам Крукам, якому ў Альштыне прышылі як аўтахтону латку „мазурскага сепаратыста”. З Зыгмунтам Тжышкам, які не меў адбою ад спелых дзевак. Ад Кжыся Гансяроўскага зацярпеў, блішчэлі яму вочы на від чарак. Не горш за яго дзяжыў Пётрык Кунцэвіч, тады яшчэ не прэзас Саюза Польскіх Пісьменнікаў. І надакучлівы прапаведнік Эдвард Стахура. Ніколі не цверазеючы Бруна-Мільчэўскі... Марудна пералічваць. Кожны ўрэзаўся ў маю памяць чымсьці не столькі асаблівым, колькі менавіта ўтомным. Я не вытрымліваў іх знішчальнага спосабу быту (зусім катастрафічна паводзіў сябе Станіслаў Грахавяк: гарэлка, паэтэсы, папяросы, ночы навылёт!).
Трыццаць гадоў назад: твары, твары, твары... Нябожчыкі; некаторыя самагубцы. Іх смерці не вырозніваюцца натуральнасцю. Якіясьці лермантаўска-пушкінскія. Наканаваныя. Вельмі ўсходнія, як ні казаць. Не польскія, бо ў польскіх традыцыях – акрамя вайсковых – няма „шукальнікаў пагібелі”. Гэта расійская спецыяльнасць, відавочна прышчэпленая, страціўшай рацыянальнасць Народнай Польшчай, мінулай кандыдатцы на... семнаццатую рэспубліку СССР. – Выхожу один я на дорогу...
Цягаўся я з той Варшаваю паэтаў, з Альштынам празаікаў, з Гданскам крытыкаў, з Уроцлавам мастацкіх філосафаў (Куравіцкі!). Пакуль не пакідала здароўе. Гарачыя выпадковыя каханні палохалі прастытуцтвам; праспіся з адною-другою, то потым заробкаў тваіх не хопіць на ciąg dalszy, а сямейны спакой пераўтворыцца ў гатэльную рамантыку з танцавальным аркестрам у бальнай амфілядзе на партэры. Гэта праўда, што літаратурнаму жыццю спадарожнічаюць алкаголь і жанчыны, тое і тое, аднак, з паталагічным фіналам. Першае – даводзіць да дэгенерацыі страўніка, другое – да псіхічнай анамаліі. А творчасці трэба ж смачнага апетыту і нармальнай галавы. Кіньце – зноўку прашу – слухаць байкі пра геніяў-псіхапатаў ды натхнёных сіфілітыкаў. Міфы ўсё гэта, у якія вераць графаманы ды сексуальна абуджаныя панны-шаснастоўкі (старэйшыя верабейкі, нябось, не дзюбаюць тую мякіну).
Быццам старуткі тынк, абсыпалася тым часам Народная Польшча. І хоць пыліла ўжо на галовы, мала каму было гэта бачнае. Адвечная загадка чалавечае думкі: розум не апераджае, а пляцецца ззаду, ахае-охае, бы дзіця, якому бацька ўгрэў, не шкадуючы, дзягаю па азадках.
* * *
У мужчыны апагей фізічнае кандыцыі ў пяцьдзесят. Я, здаецца, шчыра святкаваў тое сваё паўвечча, зручна маючы падвойна зграбныя даты – народжаны ў трыццаць шостым, літаратурны дэбют у пяцьдзесят шостым, у дваццацігадовым узросце. Юбілеі падбіваюць амбіцыі, таму пяцідзесяцігоддзе падалося аказіяй, каб вылезці з абрыдлых завулкаў „справы Яновіча” на шырокую дарогу жыцця. Чарговая наіўнасць! Чым часцей падтыкаў я ўсім пад нос свае мастацкія ўдачы, тым заядлей мяне ненавідзілі, абляпіўшы балотам „ворага народу” (сёння тую ж памылку падтыквання дапускае Лёнік Тарасэвіч). Убачылі канкурэнта да ганораў, ордэнаў... На гэта ў нас падкія, як п’яніцы на чарку!
З таго пяцідзесяцігоддзя застаўся драўляны зубр, уручаны мне ад імя Прэзідыума Галоўнага праўлення БГКТ сакратаром Віталем Лубаю ў працяг аўтарскага тады вечара ў Ваяводскім доме культуры; неразборлівае рэха мармытлівых віншаванняў польскіх ураднікаў апошняга рангу п/с культуры. У канцавіну ваеннага становішча было ў мяне трох сяброў з круга неадноўленага Літаратурнага клуба – Ян Чыквін, Ян Леанчук, Вальдэмар Смашч. Запрасіў іх у родавыя Крынкі; Чыквін, як гэта ён, марудзіў, прымушаючы маліць яго. Дом Яновічаў меў выгляд запушчанага, цямнеючага ў паваленых платах; спраўная тады маці ўвіхалася з абедам „паном”, а мы, сялянскае панства, навюткае, шпацыравалі па краевіднай ваколіцы. Напэўна наведалі маянтковы парк з векавымі ліпамі, але ў памяці асляпляе сонцам наша знаходжанне на калямогільнікавай гары Шубельніца (Шыбеніца). Паднябесны відавок адтуль, цудная панарама мястэчка і лясоў не паўплывала энтузіязмам на сяброўскую вескаўню, узвычаеную да варагавання з прыродаю. Кінуўся ў скокі радасці ды качацца па палынах адзін Вальдзё Смашч, сын Пазнаншчыны і горада, гадунец арганістага па манументальных касцёлах: яму стыхія ўяўлялася шчасцем існавання, як нам такім жа шчасцем было нюхаць фабрычныя смуроды, жаданага лахманамі, Беластока.
Читать дальше