У ваеннае становішча, што настала потым у Польшчы, думкі ў маёй галаве беглі якімсьці адваротным фільмам, быццам у шпітальнае ляжанне. Усё выразней узнікаў перад вачыма той снегавейны поранак у нядзелю 13 снежня 1981 г., калі пагарбелым выйшаў я з нашай беластоцкай кватэры на Складоўскай 6 за малаком і кайзэркамі на снеданне. Насунуўся на Барыса Нікіцюка, спачуваючага мне функцыянера з развальнага ўжо KW PZPR, які, амаль шэптам, перадаў неверагодную навіну: вайна!! Невядома, што будзе?! І я ў момант адчуў, што ў мазгах усё пайшло калейдаскопам, важнае зблыталася з няважным, страшнае са смешным, далёкае з блізкім. Вечарам Валя Ласкевіч не пусціла мяне са студэнтамі ў святліцу Беларускага таварыства на Варшаўскай: нельга, забаронены ўсякія зборы, на вуліцы не можа быць разам больш чым тры чалавекі!!! Мы, можа быць каля дваццаці нас, пайшлі ў мой Літаратурны клуб на Пададворнага 12 і там адбылі загадзёў дамоўленую нараду. Вельмі імпанавала для мяне, што, вось, прыходзяць у нацыянальны рух маладыя інтэлігенты (прыеліся галасістыя бабулі ды дзядзькі ў фальклорных хорыках). Сітуацыя ў маладабеларусаў нагадвала разаграваны матор перад доўгаю яздою. Мацаваліся арганізацыйныя структуры, удала кальпартавана свежапершы нумар „Беларускіх дакумэнтаў”, з’яўляліся немаведама адкуль лістоўкі, нягледзячы на мой манаполь на беларускамоўную друкарскую патаемшчыну.
З далягляду дваццаці гадоў дзівуюся цяпер нямала: мелася гарачасць кіпець у маладабеларускім руху, калі, тым часам, равесніцкае мне актывісцкае наваколле знікла, бы зайцы ў каласуючым аўсе (відаць аднаго Юрку Туронка яшчэ). Часам дабягаў да моладзі Мікола Гайдук, усё нешта хітруючы, што проста струменіла ад ягонай празмернай ветлівасці (далі Міколу мянушку: Сахар Мядовіч). І на гэтым уся заслуга пакалення бацькоў з паказною беларушчынай, бы тая царкоўна-слявянская мова ў бацечкі, а на ўлонні сям’і заскемлівага паланізатара.
Бушаваў, быццам кітайскі хунвэйбін за часамі Мао, Янка Зянюк, погразна размахваючы крамольнымі яму „Беларускімі дакумэнтамі”. Хто мог падумаць, што са сконам камунізму нырне ён у праваслаўную тэалогію?! Выскачыўшы з марксізма-ленінізма. Затое спадцішна шыбаваў Генік Чыквін у ролі лаяльнага перад атэістычнай партыяй хрысціяніна. Ахвоча кляйміў хорам „беларускіх нацыяналістаў”, ні на ёту не пастараўшыся культурна засвоіць хоць адну з усходнеславянскіх моваў (ад яго жаргону бяруць мяне наваніты!). Сённячы Г. Чыквін – абаронца нацыі беларусаў, калі тых беларусаў – gatunek na wymarciu – ужо ўтапталі ў зямлю, з партыйнай ды, таксама, царкоўнай дапамогаю. Ён і яны чамусьці вераць, што зніштожаную нацыянальную культуру магчыма ў любы момант цяпер аднавіць. От і забаўка z Białorusinami-nacjonalistami: to przytopimy, to wyciągniemy za włosy i damy łyknąć powietrza. Праз дваццаць гадоў пасля палівання брудам беларускіх патрыётаў, даюць, вось, дыхнуць ім, утопленікам. І крывадушна лапочуць, куды гэта падзелася наша нацыя? Чаму ўся яна ўяўляе ўжо сабою polskich przyjaciół Białoruskiej kultury. Сябры, вядома, патрэбны, але не яны ствараюць тое, што называецца нацыяй.
Чаму баюся я ў родных сваіх Крынках публічна азвацца па- беларуску, каб зубы не павыбівалі? І, мабыць, не столькі католікі замахнуліся б, але праваслаўныя менавіта (да апошняга заўзяцейшыя яны ад ксяндза палякі).
Царква, на вялікі жаль, не ў стане прыгалубіць уласных інтэлектуалістаў, людзей папулярных, утвараючы з іх уплывовае lobby. Не ў стане. А быў жа час, калі спрабоўвалі таго ў нас не адзін Лёнік Т. Бракавала, мякка кажучы, партнёрства. Інтэлектуальнага найперш.
Бяруць верх у грамадскім жыцці такія Генікі, Янкі, Міколкі. Яны наша класіка нацыянальнай няспеласці. Недаросласці! Афарызм ім: то ў боб, то ў гарох!
* * *
Наступ часу, бурлівыя змены рэдка хто вытрымаў на ўсю даўжыню чалавечага жыцця. З людзей, з якімі я нешта рабіў у мінулым, дзейнічаў, жывуць пакуль – можа быць – адзін з дзесяці.
А тыя статыстычныя дзевяць сталі нябожчыкамі не ў сярэдніх гадах, але маладзейшымі. Я маю на ўвазе мужчынаў, вядома. Напрыклад з круга памятанай мною колішняй „Нівы” бабы, дзякаваць Богу, не выміраюць; з мужыкоў жа засталіся ў жывых усяго трох нас: шэф Валкавыцкі, сакратар партыі Хмялеўскі, і я, назначаны ў дысыдэнты. Рэшта ад гэтай сіметрычнай тройцы – у вечным спачыне на выгодаўскіх могілках або ў гміннай правінцыі.
Дваццатае стагоддзе вынішчала народ войнамі ды не менш і цывілізацыйнымі рэвалюцыямі. Ніколі чагосьці такога дагэтуль не бывала, каб старасвецкія дзяды перажывалі мадэрных унукаў.
Читать дальше