Успаміны
Анеля Катковіч, Вэраніка Катковіч-Клентак
kamunikat.org
Падрыхтаванае на падставе: Анеля Катковіч, Вэраніка Катковіч-Клентак, Успаміны, — Беласток: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 1999. — 142 с.
Рэдактар: Галена Глагоўская, Вячаслаў Харужы
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Анеля й Вэраніка Катковічанкі, як многія другія зь іхняга пакаленьня, не ўвайшлі ў энцыкляпэдыі беларускай гісторыі. У сваім лёсе сьвядома выбралі Беларусь, для якой жылі й працавалі, а пасьля за яе пакутавалі. Пра сваё жыцьцё аставілі ўспаміны. Асаблівасьць іх заключаецца ў тым, што нямногія Беларусы, якія пасьля ІІ сусьветнай вайны й лагераў Савецкага Саюза жылі ў Польшчы ці ў Савецкай Беларусі й наогул у СССР адважыліся сьпісаць сваё перажытае для патомных. Прышываная ім латка "врагов народа", "беларускіх нацыяналістаў" дыскрымінавала іх у грамадзтве. Усё-ж такі некаторыя зь іх ня здрадзілі сваёй Беларусі. Пачалі даходзіць да голасу й гаварыць праўду асабліва, калі пасьля 1990 г. заіснавала беларуская дзяржава — Рэспубліка Беларусь. У Беластоку ў 1996 г. выйшлі ў кнізе "Лёс аднаго пакалення" ўспаміны Кастуся Сідаровіча, Юстына Пракаповіча, Янкі Жамойціна й Віктара Ярмалковіча. У 1998 г. у Вільні ў выдавецтве "Рунь" выйшлі ўспаміны Марыяна Пецюкевіча "У пошуках зачараваных скарбаў". Яшчэ тры сшыткі ягоных успамінаў пра сібірскую ссылку "Кара за службу народу" чакаюць свайго добрага часу для выданьня. У 1997 г. у Менску "Наша Ніва" выдала ўспаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў "Гарт". Непараўнальна больш беларускай мэмуарнай літаратуры выйшла ў эміграцыі, асобнымі кніжкамі ці ў часопісах. Агляд яе прадставіў Лявон Юрэвіч у кнізе "Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі" (Нью — Ёрк 1999, с. 6 — 111)
Лёс Анелі й Вэранікі падобны таму пакаленьню Беларусаў, якое нарадзілася напярэдадні ці ў І сусьветную вайну й жыло пасьля яе ў ІІ Рэчы Паспалітай на г. зв. "усходніх крэсах". Жыцьцё дзьвюх беларускіх дзяўчын перапляталася з умовамі і ўсімі складанасьцямі рэчаіснасьці, якой прыйшлося ім быць сьведкамі.
Прыйшлі яны на сьвет у мястэчку Будслаў над рэчкай Сэрвач, цяпер у Мядзельскім раёне, 56 км. на ўсход ад Мядзеля. Гэтае гістарычнае месца славіцца па сёньня касьцёлам бэрнардынцаў з 1643 г. і іконай сьвятой Багародзіцы, званай Маткай Боскай Будслаўскай, якую менскі ваявода Ян Пац атрымаў у Рыме ад папы Клімэнта VIII і ахвяраваў бэрнардынцам [1] Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі, Т. 2, Мінск 1994, с. 115-116; Будслаўскі Касьцёл сьвятыня Беларусі, Мінск 1993; Franciszek Sielicki, Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie. Kronika historyczna, Wrocław 1989.
. Менавіта яны мелі найбольшы ўплыў на развіцьцё мястэчка. У канцы ХІХ ст. у Будславе было 686 жыхароў, у 1921 — 626 [2] F. Sielicki, op. cit., c. 75, 135.
. Ураджэнец мястэчка, ведамы беларускі дзеяч Вінцэнт Жук-Грышкевіч, так успамінаў даваенную рэчаіснасьць: "Жыхары, пераважна католікі, лікам менш чым 1000 у невялікай ступені цікавіліся беларускім нацыянальным рухам. (...) Пра сябе яны ведаюць толькі, што яны простыя мужыкі, не палякі й не расейцы, але якой нацыянальнасьці — ня знаюць, хіба простыя, тутэйшыя. Газэт не чытаюць. Пра жыцьцё на сьвеце ведаюць толькі з прыпадковых чутак ды прагна ловяць весткі ад сваіх, што варочаюцца з гораду ці з салдатаў. Тады гуртам валяць у хату "гарадзкога" хлапца ці дзяўчыны й гадзінамі слухаюць іхнія апавяданьні" [3] Раіса Жук-Грышкевіч, Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Торонто 1993, с. 313.
. Беларуская нацыянальная сьвядомасьць пачала ў Будслаў даходзіць праз "Нашу Ніву" й беларускія кніжкі. Шмат зрабіў у іх распаўсюджваньні Эдвард Будзька й сям’я Мядзёлкаў.
У І сусьветную вайну ў сакавіку 1916 г. у Будславе разьмяшчаўся штаб 2 рускай арміі заходнага фронту, у 1918 г. (люты — сьнежань) мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г., гутаркі пра беларускую аўтаномію спрыялі ўзросту нацыянальнай сьвядомасьці сярод будславян. З сакавіка 1917 г. працавала беларуская пачатковая школа пад кіраўніцтвам Івана Васілевіча. На яе базе ў канцы 1917 г. адкрыта была беларуская гімназія. Інжынер Лявон Вітан-Дубейкаўскі запраектаваў яе будынак. Вясной 1918 г. пачалася будова. "Прыйшлі" Палякі й спынілі будову, канфіскуючы будынак і з пачаткам школьнага года 1919-1920 распускаючы беларускую гімназію.
Анеля нарадзілася 19 чэрвеня 1914 г., а Вэраніка — 20 чэрвеня 1918 г. Іхнія бацькі: Язэп Катковіч і Мар’я зь Мядзёлкаў мелі яшчэ трое дзяцей: Пятра (1912 г.), Галену (1923 г.) і Францішка (1925 г.). Успамінаю ўсіх, бо, як на іронію лёсу, жыцьцё іх не ашчаджала. Спачатку паўміралі бацькі: Язэп у 1929 г., Мар’я — у 1930 г. Круглыя сіроты выжылі дзякуючы сям’і дзядзькоў, цётак і другіх добрых людзей. Аднак найбольшай іхняй трагедыяй былі ссылкі й турмы, якія не абмінулі ні аднаго зь іх. Кожны зь іх дасьведчыў умовы ссыльнага й турэмнага жыцьця, магчыма як ніхто з Будслава.
Читать дальше