1964
ПРА СЯБЕ
За дваццаць кіламетраў ад Бабруйска па шашы на Жлобін непадалёк ад чыгункі раскінуліся мае родныя Плёсы. Цяпер толькі асушаныя балоты ды куп’істыя тарфянішчы, што звілістай паласой цягнуцца каля вёскі, маюць нейкае дачыненне да яе паэтычнай назвы.
Навакол няма ні азёр, ні рачулак.
Між іншым, невыпадкова Пімен Панчанка, якому пасля педкурсаў прапанавалі ў Плёсах пасаду настаўніка, аддаў перавагу больш глухім, але затое маляўнічым, лясістым мясцінам суседняга Кіраўскага раёна.
Нарадзіўся я ў сялянскай сям’і 14 студзеня 1920 года.
У Плёсах прайшлі мае дзіцячыя гады, тут я скончыў пачатковую школу.
3 маленства запаў мне ў памяць дзень, калі аднекуль здалёк вярнулася дадому па-святочнаму апранутая маці. Яна прывезла шмат кніг, брашур, плакатаў і партрэтаў.
Пазней я даведаўся, што маці прыехала тады дадому з II Усебеларускага з’езда жанчын-сялянак, які праходзіў у Мінску ў сакавіку 1926 года.
Кнігі былі пастаяннымі спадарожнікамі ў жыцці маці, нягледзячы на тое, што яна не скончыла нават і царкоўнапрыходскай школы. Калі мне было шэсць гадоў, маці навучыла мяне чытаць. Першым апавяданнем, якое я прачытаў і якое ўразіла мяне, было «Зимовье на Студеной» Д. Маміна-Сібірака.
Але тады мяне больш вабілі не кнігі, а самаробныя самапалы ды буслянкі на стогадовых ясакарах і ліпах у былым панскім садзе.
Аднойчы з двума сябрамі мы надумалі залезці ў вятрак, які пуставаў за вёскай на выгане. Дзверы ў ім былі наглуха забіты, бо сям’я млынара выехала ў Сібір.
Жэрдкай мы ўдвух падсадзілі свайго сябра ўгару, той праз ніжняе акно пранік у вятрак і апусціў уніз крыло. Па адным мы садзіліся на крыло, а сябра падымаў яго ўгару і спыняў у гарызантальным становішчы. Па крыле мы залезлі ў шапку ветрака. Там, на драўлянай перакладзіне тормаза, замест грузу віселі нейкія медныя дэталі ад машын, бронзавыя галоўкі і алюмініевыя кольцы артылерыйскіх снарадаў.
Грудзьмі я налёг на перакладзіну і стаў адбіваць адно з такіх кольцаў. Перакладзіна ад дрыжання саскочыла, і я цераз яе нырнуў уніз.
Не забіўся я толькі таму, што, падаючы, тройчы стукнуўся аб бэлькі, якія замарудзілі падзенне.
У след за мной па лесвіцы зляцелі ўніз і мае сябры. Яны выбілі дзверы, прынеслі ў шапцы балотнай вады і пачалі адліваць мяне.
Так мае сябры ўжо тады ўздымаліся ўгару і апускаліся ўніз, каб пры небяспецы ратаваць таварыша.
Пазней, між іншым, адзін з іх трапіў у авіяцыю, а другі прысвяціў сябе медыцыне.
Пасля пачатковай школы я тры гады хадзіў у Цялушскую сямігодку, за шэсць кіламетраў ад нашай вёскі.
Да вучобы асаблівай схільнасці не выяўляў. Нязменна любіў толькі адну геаграфію.
Але выкладчыца беларускай літаратуры Алена Лаўрэнаўна Меляшкевіч па-сапраўднаму абудзіла ў маёй душы цікавасць да свайго прадмета.
Дзякуючы ёй горача палюбіў я апавяданні і аповесці Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага, вершы
Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. У сямігодцы і сам пачаў пісаць.
Маці мая на працы знявечыла руку і пасля доўгі час была паштальёнам. Я разносіў за яе пісьмы і газеты, потым сам працаваў паштальёнам і тэлефаністам на пошце.
Паўгода правучыўся ў Бабруйску ў восьмым к ласе 4-й сярэдняй школы.
Праз год у Цялушы адкрыўся восьмы клас — і я паступіў туды.
Гурткі мастацкай самадзейнасці нашай школы часта выступалі тады з канцэртамі ў навакольных калгасах.
Увосень 1936 года нас запрасілі на вечар у Бабруйскі дом Чырвонай Арміі. Грамадскасць горада шырока адзначала трыццацігоддзе літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа.
На гэтым вечары я ўпершыню ўбачыў жывых пісьменнікаў — Якуба Коласа і Платона Галавача, які выступаў з дакладам аб жыцці і творчасці народнага паэта.
Хвалюючыся, прачытаў я з трыбуны свой наіўны верш, прысвечаны Якубу Коласу.
Пасля вучобы ў восьмым і дзевятым класах я два леты працаваў вагаўшчыком у трактарных брыгадах Малеўскага і Бортніцкага сельскіх Саветаў.
Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва.
Пазней успамінамі аб гэтай пары былі навеяны вершы «Адлёт жураўлёў», «Вясна», «Першае ворыва», «Вось яны, прывольныя прасторы».
У дзесяцігодцы я запаўняў сваімі вершамі школьную насценгазету. У канцы 1937 года яны пачалі друкавацца на старонках бабруйскага «Камуніста», а ў пачатку наступнага года — з’явіліся ў часопісе «Полымя рэвалюцыі».
Читать дальше