Дзесьці ў Крэве, на высокіх могілках,
У буянні руты і гарквы,
У зямлі змаганай ды не зможанай,
Дзед з бабуляй - тварам да царквы.
Іх жыццё падманамі і звадамі
Праплыло, як месяц па вадзе.
І ляжаць Іван з Алімпіядаю.
Дзе іх душы? Невядома дзе.
У хмурынках тых вунь?.. У тумане?..
На губе крывінку прыкушу..
Як твая душа, мой дзед Іване?
Ці знайшла Алімпіну душу?
Не збалела, крылы не намуляла
Над царквой маўкліваю кружыць?..
Вымытай хусцінкаю бабулінай
Аблачынка сохне на крыжы.
1976
ГРАМАТА
Нарадзіўшыся ў Смаргоні, дзіцячыя гады Някляеў правёў у мястэчку Крэва, дзе і пайшоў у першы клас. Далей вучыўся ўжо ў 1-й сярэдняй школе ў Смаргоні, куды яго бацьку перавялі на працу ў Смаргонскую МТС. «Там нам выделили служебное жильё в пол-избы. Этакий пенал, перегороженный шкафом. Перед шкафом спали родители, за шкафом - я с братом. Ноги в печку упирались. Я до сих пор иногда ту печку во сне ногами ищу».
У «спробе аўтабіяграфіі» Някляеў згадвае, што, скончыўшы сем класаў, хацеў стаць геолагам. «Вандроўкі, намёты. Касцёр, гітара. Рамантыка. У чатырнаццаць год “паступаць на геолага” паехаў у Кіеў, дзе драматычна закахаўся. Бялявенькая такая, яснавокая. Не помню, як яе звалі, але помню, як мяне праз яе білі. Пяцёра таксама ў яе закаханых хлопцаў, з якімі жыў я ў адным інтэрнацкім пакоі. Старэйшыя за мяне, ужо пасля арміі. Закручвалі ў коўдру - і кедамі! Каб раскахаўся. Справіцца з імі было мне не па сіле, паскардзіцца не дазваляў характар. Трываў, колькі мог. Аднойчы закашляўся - на насоўцы кроў. Ну, думаю, рамантыка рамантыкай, каханне каханнем, а жыццё даражэй. Бывай, бялявая!.. Дый экзамены, бо не да іх было, здаў я абы-як. Не паклалася перада мной сцяжына, па якой можна было б пайсці ў геолагі. Не лёс».
Недзе ў гэты час, яшчэ падчас вучобы, Някляеў і пачаў пісаць вершы, прычым - па-руску. «Дакладней, - скажа ён пасля, - больш па-руску, чым па-беларуску. Вось, да прыкладу, яшчэ ў школе напісаная (ці ўжо ў тэхнікуме, не магу ўспомніць) паэма “Счастье”, якую я ў вучнёўскім сшытку ня так даўно знайшоў:
Кто же счастлив? Наивный вопрос!..
Счастлив тот, кто над кровью и потом
По земле, как награду пронёс
Голубые глаза идиота.
Як для школы (а няхай і для тэхнікума), дык і някепска».
З аўтабіяграфіі: «Скончыўшы 9 класаў, паступіў вучыцца ў 1962 годзе ў Мінскі тэхнікум сувязі, скончыўшы які (1966 г.) атрымаў спецыяльнасць радыётэхніка і працаваў да 1971 года ў мінскім тэлевізійным атэлье № 2. Адначасова займаўся на завочным аддзяленні (з 1968 года) Мінскага педагагічнага інстытута. У 1971 годзе (не пакідаючы вучобы ў педінстытуце) стаў студэнтам аддзялення паэзіі Літаратурнага інстытута імя М. Горкага.
На другім курсе перавёўся на завочнае аддзяленне гэтага інстытута, вярнуўся ў Мінск [.]».
І праз чвэрць стагоддзя пра тое ж: «... падаўся вучыцца ў Мінск на радыёмеханіка, не стаўшы перад тым ні ветэрынарам, як бацька хацеў, ні, як хацела маці, музыкам.
Хоць маці і ўгаварыла бацьку прадаць карову і купіць мне акардэон.
Але і радыёмеханіка з мяне не выйшла.
Законы, па якіх бегае ток па электраланцугах, аказаліся неспасцігальнымі. Пасля трэцяга курса вярнуўся дахаты, сказаў: “Усё. Не маё”. Маці ў плач: “Сынок, ты ўжо хоць дзе-небудзь давучыся, людзі ж думаюць, што адусюль цябе выганяюць. З хаты на вуліцу не выйсці.”
Каб магла маці выходзіць на вуліцу, паехаў давучвацца. А як давучыцца, калі не цяміш, якую навуку спасцігаеш?.. [.]
З дыпломам маладога спецыяліста я апынуўся спачатку на Далёкім Усходзе, пасля ў Сібіры і на Поўначы. З гэтымі маімі інстытутамі, з іх хоць і кароткімі, але насычанымі праграмамі, не параўнаць аніякія іншыя. Ва ўсялякім выпадку, не параўнаць з імі ні педагагічны, ні літаратурны інстытуты, адзін з якіх я скончыў, а другі, зноў жа, не.»
Згадваючы вучобу ў тэхнікуме, Някляеў распавядаў: «Занимаясь спортом, искалечил себя. Не было, наверное, таких спортивных секций, которые я не посещал - и бокс, и борьба, и многое другое. И нос у меня после того переломан.
У меня юношеский разряд по боксу и борьбе. Время тогда было такое: никто у телевизора не сидел, в Интернете не висел. Раз в неделю ходили драться стенка на стенку. До девятой крови бились. То есть, если девятому заехали так, что кровь пошла, - всё, драка заканчивалась».
Між тым з тэхнікума яго ледзь не выключылі, бо выбіў зуб студэнту з Афрыкі. Як сцвярджаў Някляеў, было за што. Ад выключэння ўратаваў дырэктар - «дзіўны чалавек з прозвішчам Тумас, які стварыў у тэхнікуме секцыю бокса і кожны год на выпускным вечары біўся з выпускнікамі, правяраючы, ці гатовыя яны да выпрабаванняў жыцця».
Читать дальше