І, бясспрэчна, мела рацыю Людміла Рублеўская, калі пісала: «Вы спытаеце, а як жа паэма Уладзіміра Някляева пра Байкала-Амурскую магістраль, якой (паэмай, а не магістральлю) паэта так доўга папікалі “бескампрамісныя” калегі? Ня станем сыходзіць да млявага апраўданьня “даніна часу” [...]. Думаю, з цягам часу ў “бамаўскай” паэме ўбачаць і сьцёб (“бамачка, што шкляначка з этыкеткай імпартнай”), і сапраўдную паэзію (якая там ёсьць), і фантасмагорыю сацарту...
І... хто без граху? Памятаю, як дакаралі Яўгена Еўтушэнку, які пасьля “Бабьего Яра” напісаў пра “чалдоначку”, якая лёгка ўскідвае на плячо мех з цэментам, каб будаваць сьветлую будучыню...
.Не, нічога з таго, што напісаў Уладзімір Някляеў, не адмяняе і не зьніжае ўсяго астатняга».
Пазней, напрыканцы 1970-х і ў 1980-я г.г., «Дарога дарог» цалкам ці фрагментарна неаднойчы перадрукоўвалася ў калектыўных зборніках, аднак у свае асабістыя кнігі - у тыя ж выніковыя «Выбраныя творы» - Някляеў яе ўжо не ўключаў. «Дарога дарог» увайшла толькі ў яго кнігу паэм, праўда, зноў жа не цалкам.
ЗГАДКА ПРА БАМ
Ува мне, нібыта ў снах фанатыка,
Будучыні велічнай каркасы.
Сацыяльна значная тэматыка —
Міма касы.
Што ж, бывай, былое.
Так здараецца.
Змена вех. Па сем разоў на тыдні.
А душа ніяк не развітаецца
З рэйкамі з’інелымі нараніцы,
Са світальнай хустачкаю Тынды.
2004
КДБ. СУСТРЭЧА ДРУГАЯ
Зрэшты, прэміі магло не быць - праз данос, які быў напісаны на будучага лаўрэата. Някляеў прыгадваў:
«Заходжу неяк у рэдакцыю аднаго з нашых часопісаў, там сядзіць у адзіноце панылы супрацоўнік і вітаецца са мной скрозь зубы.
- Ты чаго панылы? - пытаюся.
- Не пішацца нічога.
- А што ў такой самоце можа напісацца? Ты давай весялей!
- Я па БАМах не катаюся, мне няма з чаго весялець.
- Дык па бабах катані. Яно нават лепш, чым па БАМах. Ведаеш, як Дзюма- бацька пісаў? Адну голую бабу на адно калена, другую - на другое ды скрыню шампанскага пад стол. І калі ласка - “Тры мушкецёры”.
З той парадай я і пайшоў, а ён застаўся. І, як я хутка зразумеў, не адкладва- ючы, пачаў пісаць. Павесялеў чалавек. Апісаў усё, як было, замяніўшы толькі імя французскага раманіста на маё імя. Творча перапрацаваў сюжэт. І выйшла, што паэму пра БАМ, ударную камсамольскую будоўлю, ды і ўсю кнігу, вылучаную на прэмію, напісаў я ў беспрабудным п’янстве з групавым сэксам.
У сваім часопісе ён гэты даволі цікавы твор чамусьці не захацеў надрукаваць...
Са “стук-аддзела” Камітэта дзяржбяспекі інфармацыя, як яно і належала, пайшла ў ідэалагічны аддзел ЦК КПБ. Туды мяне і паклікалі разбірацца, там узгадняліся для Масквы ўсялякія характарыстыкі ды рэкамендацыі. Без іх ты хоць сто кніг напішы - ніякіх прэмій.
“А, развратник!” - прывітаў мяне выпадкова спатканы пры ўваходзе ў ЦК тагачасны сакратар па ідэалогіі Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін. Давялося і яму коратка, на хаду расказаць пра тое, як пісаў Дзюма. Манера пісьма вялікага і вясёлага француза, паколькі ён не быў членам Саюза пісьменнікаў, Кузьміну спадабалася, - і на тым справа скончылася».
Праўда, пасля атрымання саюзнай прэміі Някляевым зноў зацікавіўся бела- рускі КДБ: яго паспрабавалі завербаваць.
«- Ты патрыёт?
- Патрыёт.
- Тады ў чым загвоздка, падпісвай!
- А нельга быць патрыётам без гэтага?.. [...]
- Ладна, давай так: ты нам - мы табе. Кар’ера, замежныя камандзіроўкі, з кватэрай дапаможам... І ніхто пра тое ведаць не будзе.
- А што за ўсё гэта я - вам?
- Напішаш што-небудзь... Час ад часу, раз у месяц.
- Дык я і так пішу. І ўявіце сабе: вечарам сядаю за пісьмовы стол, уклю- чаю зялёную лямпу, бяру вечнае пяро і на белым, чыстым аркушы паперы пішу зверху не раман, не паэма, а данос.
- Ды які данос! Аналітычная запіска. Настроі выкладзеш, тэндэнцыі - канцэп- туальна. Мы ж цябе не ў дробныя нейкія стукачы вярбуем.
- А падпісвацца мне ўсё ж стукачом.
- У цябе іншае імя будзе! Можаш сам выбраць.
- У мяне адно імя, мне яго ўжо выбралі.
Пачаўшыся ў ад- ным з нумароў га- сцініцы “Мінск”, цягнулася ўсё гэта ў розных месцах месяцы два. Спачатку з каньяком, пазней з гарэлкай, а пасля ўжо без нічога, на ўсім сваім. І ўсюды, і ўсім распавядаў я пра зялёную лямпу, бо яна нейкім дзіўным чынам ставалася з майго боку даволі істотным аргументам. Хоць з іх боку былі аргументы больш важкія. І прабягаў ад іх мароз па спіне, і было страшнавата, але не так, каб забыцца, да чаго цябе змушаюць.
Пікантнасць заключалася ў тым, што дваіх з маіх “распрацоўшчыкаў” я больш- менш ведаў асабіста па іх ранейшай, цывільнай службе. З аднаго боку, было гэта для мяне палёгкай, а з другога - небяспекай, бо яны нібыта гарантавалі начальству поспех. Таму ціснулі так, што мала не здавалася. А я ўсё пра зялёную лямпу...»
Читать дальше