Далей сярод творчых настаўнікаў зноў называюцца Багдановіч, Купала, Гарэцкі. Яшчэ — Колас. І, нечакана, — Кіплінг. З жывых, беларускіх, любімыя — Барадулін, Танк, Панчанка, Брыль, Быкаў. А яшчэ (гэта ўжо з інтэрв'ю для Б.Фірштэйна) — "аўтары гістарычнага жанру і фантасты" Вальтэр Скот, Аляксандр Грын, Шэклі, Лем, браты Стругацкія. Чыталася ўсё гэта ўсхвалявана, эмацыянальна.
А яшчэ Уладзімір Караткевіч быў працаўнік. Вось я перачытаў напісанае — пра тое, што галоўнае месца ў кватэры Караткевіча займалі кніжныя паліцы — і сумеўся: а ці так гэта? Бо галоўнае месца займаў усё ж пісьмовы стол. Стол-працаўнік. І, як ужо казалася, стол-рамантык.
Працаўнік — таму, што на ім нязменна ляжалі папкі з рукапісамі, добрая папера і добрае — кітайскае або паркераўскае — пяро. Караткевіч адносіўся да пісання як да свята, асабліва ў маладзейшыя гады. Апранаў чыстую кашулю. Ставіў побач кубак моцнай кавы. Даставаў падрабязна прадуманы і неймаверна счырканы план дзеяння. І — "священнодействовал". Пісаў дробным почыркам, амаль без паправак, "начыста і намёртва", як казаў ён сам. Хаця пасля настаўнічання ў Лесавічах і Оршы Караткевіч нідзе стaла не працаваў, не меў "партфеляў", бо не імкнуўся да іх, жыў на "вольным" творчым хлебе, больш таго, не разумеў і не спагадаў іншым, хто хадзіў у "дэпартамент", аднак працаваць умеў і любіў. І злаваў, калі хто адцягваў яго ад стала дробязнымі справамі. Бо разумеў цану часу. Дзесьці пасля пяцідзесяцігоддзя спецыяльна паставіў на стол электронны гадзіннік, які міргаў зялёнымі лічбамі, пульсаваў кропкамі: memento mori, памятай аб смерці.
А рамантык — таму што на стале заўсёды можна было пабачыць нешта незвычайнае, выключнае. То плоскую полацкую плінфу. То каменную сякеру, прынесеную кімсьці з археолагаў. То шкляное рыбацкае грузіла ці дзівосныя каралы.
Такім жа — працаўніком і рамантыкам — быў і сам гаспадар стала. Тыя ж рысы набывалі і творы, напісаныя ягонай рукой. Будзённае, дакладнае, рэалістычнае ў іх (ад аповесці "У снягах драмае вясна" да "Чорнага замка Альшанскага" і "Маці ўрагану") арганічна спалучалася з узнёсла-рамантычным, таямнічым. Караткевіч паказваў мінулае, навакольны свет і такімі, якія яны былі на самай справе, і такімі, якімі маглі быць. Героі пісьменніка часта дзейнічаюць у выключных сітуацыях, нібы ўзнятыя над рэальным жыццём. І адначасова гістарычны фон, на якім яны выступаюць, паказаны канкрэтна, дакладна. Рамантызм Караткевіча ўжо даўно прызнаецца большасцю літаратуразнаўцаў. Праца М.Рочынь, апублікаваная ў 1983 годзе ва ўкраінскім часопісе "Дніпро", так і называецца: "Рамантычны свет Уладзіміра Караткевіча". А вядомы савецкі даследчык Леанід Навічэнка на сустрэчы ў Інстытуце літатаруры АН БССР сказаў:
— На першы погляд гэта дзіўна: запознена, у ХХ стагоддзі ў беларускай літаратуры з'явіўся свой Вальтэр Скот — у асобе Караткевіча. Але гэта не выпадковасць. Тут праявілася мудрасць літаратуры. Беларускай моладзі патрэбны быў прыклад, рамантызацыя мінулага.
Пачакайце, скажа тут дасведчаны чытач: вось вы разважаеце пра рамантызм у творчасці Караткевіча, а сам пісьменнік яго адмаўляў. Скажам, у інтэрв'ю для Таццяны Шамякінай. І асабліва настойліва — у сваіх запісных кніжках ("Я не рамантык, і не сентыменталіст, і не які-небудзь "іст").
Сапраўды, парадокс.
Аднак вытлумачыць яго можна даволі проста. У часы, калі пісаліся і публікаваліся асноўныя творы Уладзіміра Караткевіча, рамантызм — і як мастацкі напрамак, і як стыль — меў адмоўную афарбоўку. Загорскага, Грынкевіча, Беларэцкага крытыка ўпарта называла прыдуманымі, нерэальнымі, нежыццёвымі. Карацей — рамантычнымі. І ў пісьменніка выпрацаваўся стойкі "імунітэт" супраць гэтага слова, яго непрыняцце ("лепяць і лепяць ярлыкі" — у запісной кніжцы). Ён упарта даказваў: не, у мяне ўсё так, як было, як магло быць у жыцці, я пішу ў адпаведнасці з праўдай гістарычнай, праўдай мастацкай… "Я проста ёсць я, Караткевіч, з двума нагамі (пакуль), двума вачыма і вушамі, адным носам і адным сэрцам, з 5 дадатнымі якасцямі і 95 недахопамі. Такім вы мяне і прымайце, калі вам хаця крыху цікава тое, што я кажу вам" (з запісной кніжкі). Ён казаў: я нармальны, а яму доўга не верылі. Доўга яго не чулі.
Што жыццё Уладзіміра Караткевіча было нялёгкім — гэта святая праўда. Аднак ён ведаў, на што ідзе. Пісьменнікаў, відаць, можна ўмоўна падзяліць на тры групы: тых, хто апярэджвае свой час, тых, хто добра крочыць з ім у нагу, і тых, хто ад яго адстае, часам безнадзейна. Караткевіч адносіцца да першых. Іншыя лягчэй або цяжэй прыстасаваліся да застойнага перыяду. А ён — не. Ён горда, нібы Юрась Братчык крыж на Галгофу, нёс цяжкую ношу "заступніка" беларускай гісторыі і беларускай культуры. Быў прапаведнікам і прарокам. Нехта ж мусіў ім быць, а выбар паў на яго. Усведамляў ён гэта? Безумоўна. Інакш не напісаў бы: "Быў. Ёсць. Буду".
Читать дальше