Дык якім жа быў ён, адзін з самых папулярных сёння беларускіх пісьменнікаў?
Быў розны — як і яго вочы. Часта вясёлы, гарэзлівы — тады яго нязмушаны смех гучаў гучна, раскаціста. Часам задумённы і сумны — асабліва калі сустакаўся з праявамі чалавечай дурасці і кар'ерызму. Часам — у апошнія гады жыцця — раздражнёны і гнеўны. Але заўсёды сумленны (яму давяралі падлічваць галасы пры бурным галасаванні, лагодзіць канфлікты паміж пасваранымі сябрамі). І высакародны. Колькі яму напсавалі крыві розныя крытыкі-дагматыкі (даходзіла да таго, што Л.Жога ў "Літаратуры і мастацтве" заклікаў Караткевіча пісаць… "сэрцам, а не жоўцю"), аднак ён не апускаўся да дробнай помсты. Часам толькі кіне ў адказ рэпліку з залы або складзе дасціпную прыпеўку.
Аднак непараўнальна больш, чым ворагаў, было ў Караткевіча сяброў. А сярод іх — акадэмікі і леснікі, Васіль Быкаў і невядомы нікому пачатковец, артысты віцебскага тэатра і дняпроўскія рыбакі, зарубежныя паэты-перакладчыкі і калгаснікі з-пад Рагачова… Караткевіч усіх гасцінна прымаў, да ўсіх ставіўся даверліва, часам наіўна — як дзіця. Віктар Карамазаў расказваў мне (а потым і апісаў) такі выпадак. Караткевіч часта хадзіў на Старажоўскі рынак, дзе любаваўся рознай жывёлай. Яго ўжо там ведалі — асабліва прадаўцы сабак і птушак. І вось аднойчы падыходзіць ён да "галубятніка" і абураецца тым, што той трымае такіх прыгажуноў у цеснай клетцы. Гандляр здзекліва адказвае: "Калі шкада — то плаці: выпушчу на волю". "Колькі?" "Па дзясятцы за кожнага!" Караткевіч аддаў тады ўвесь свой ганарар. Браў кожнага голуба з клеткі і трыумфальна ўзнімаў увысь: ляці! А тыя птахі… вярталіся звычным шляхам да гаспадара, у яго клеткі.
Вызначальнай рысай Уладзіміра Караткевіча была ўсебаковая адукаванасць. Ён аднолькава добра разбіраўся ў гісторыі сусветнай літаратуры, жывапісу, музыкі, архітэктуры. Колькі разоў мне даводзілася прысутнічаць пры тым, калі ён беспамылкова вызначаў аўтарства карціны або мелодыі, выйграваў пары ў мастакоў або кампазітараў. Эрудыцыя Караткевіча была такая глыбокая, энцыклапедычная, што побач з ім, гаворачы яго ж словамі, "ажно боязна было сядзець". Эрудыцыя не мёртвая, не схаластычная… Калі наставала патрэба, назапашаныя веды тут жа імкліва выкарыстоўваліся ў творах, у сяброўскай дыскусіі.
Як ужо гаварылася, Уладзімір Караткевіч быў заўзяты падарожнік. Ён аб'ездзіў (з кінагрупамі, акадэмічнымі экспедыцыямі, пісьменніцкімі брыгадамі) усю Беларусь, абхадзіў (з вудай на стронгу і кошыкам па смарчкі) усю Міншчыну і Аршаншчыну. Вандраваў за народнай песняй і трапным словам, дзеля сустрэч з жывымі людзьмі і помнікамі гісторыі. А яшчэ ж былі паездкі ў братнія рэспублікі і замежныя краіны. І адусюль ён прысылаў ці прывозіў уласнаручна зробленыя фатаграфіі — дасціпныя, нечаканыя па сюжэце. Прывозіў сувеніры, што запаўнялі на паліцах месца перад кнігамі. Колькі там было гліны і дрэва, забаўных чарцей і рэдкіх выкапняў!
Дарэчы, пра кніжныя паліцы. На ўсіх мінскіх кватэрах Уладзіміра Караткевіча яны нязменна займалі галоўная месца ў інтэр'еры. Беларуская і руская класіка, дарэвалюцыйныя выданні па гісторыі, альбомы з рэпрадукцыямі, прыгоды, фантастыка, дэтэктывы, падарункі сяброў з аўтографамі… Усё гэта стаяла вонкава ў хаосе, але гаспадар дакладна ведаў, дзе што шукаць.
Уладзімір Караткевіч быў дасведчаным, вялікім кніжнікам. У кожную вольную хвіліну, дома або ў гасцях, ён хуткім позіркам аглядаў паліцы, беспамылкова выцягваў адтуль нешта цікавае і тут жа паглыбляўся ў чытанне.
Які ж круг чытання быў у Катакевіча? Хто былі яго любімыя пісьменнікі, духоўныя настаўнікі? Адказ на гэтыя пытанні нялёгкі. Даючы інтэрв'ю Розе Станкевіч, ён сказаў: "Што датычыць любімых твораў, то іх вось так — раз і назаўсёды — няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў і багоў. Чытаю кожнага ў залежнасці ад настрою. Калі ён светлы — то Пушкіна, гнеўны — ранняга Купалу, Багдановіча, Шаўчэнку, калі настрой філасофскі і грэбліва непрымірымы да смуроду і пошласці — проста хоць на дуэль — Лермантава, Гарэцкага і Льва Талстога, роўны — добрыя гістарычныя раманы Сянкевіча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога.
І, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывіцца, перад працай, якая патрабуе разлічанай, завостранай думкі, вельмі люблю чытаць добрыя дэтэктывы, сапраўды добрыя. Да іх залічваю не толькі, скажам, творы Сімянона і лепшыя раманы Агаты Крысці, але й роднага па духу Стывенсана. І, калі браць вяршыні, на якіх нават дыхаць цяжка, — "Братоў Карамазавых".
Читать дальше