Пакуль самаасэнсавання няма-калі, трэба проста, горда і самотна рабіць сваю справу, не зважаючы ані на якія пляўкі, поўхі, страты. Відаць, пры такім становішчы біць будуць з усіх бакоў. Што ж, і гэта набытак. Такім, па-мойму, пакуль што яшчэ ніхто не мог пахваліцца. Калі вытрымаем — значыць, тытаны і не памрэм. Калі не вытрымаем — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. І іншага мы не варты. І хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыцё маральнай стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы.
Відаць, лёс любіць нас, калі даў нам такі гонар: быць адным супраць усіх. А калі так, то ўступае у правы дэвіз Давыда Гарадзенскага: "Нас мала, не чакайце літасці".
Або вось гэты запіс, датаваны 1980 годам. Без яго аніяк не абысціся ўсім даследчыкам творчасці Уладзіміра Караткевіча — так дакладна і ёміста вызначыў ён, чаму менавіта ўзяўся за гістарычную прозу: "Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая, вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы, сабе цану і ў дрэнным і ў вялікім".
"Быў. Ёсць. Буду", "Маці ўрагану", "У снягах драмае вясна", "Маленькая балерына", дзённікавыя і падарожныя запісы… Кнігі і творы, якіх Уладзімір Караткевіч у надрукаваным выглядзе ўжо не пабачыў… У чытача, натуральна, можа ўзнікуць пытанне: а ці будуць яшчэ такія ж публікацыі і знаходкі? Ці ўсё мы ведаем са спадчыны пісьменніка? Як член камісіі па гэтай спадчыне, магу адказаць: далёка не ўсё. Калі мы з Янкам Брылём, Генадзем Кісялёвым і Наталляй Кучкоўскай складалі беглы вопіс рукапісаў Караткевіча, якія засталіся ў яго кватэры (частка іх яшчэ пры жыцці была перададзена ў Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР і Цэнтральную навуковую бібліятэку АН БССР), то ў 114 ёмістых папках, побач з апублікаваным, знайшлі нямала і невядомага чытачу. Гэта — кінасцэнарыі ("Расказы з каталажкі", "Мёртвыя ўваскрашаюцца", "Супраць усіх", "Гнеўнае сонца"), п'еса ("Трохі далей ад месяца"), казкі, апавяданні, эсэ, пераклады, якія пакуль што не ўвайшлі ў Збор твораў. Некалькі важных знаходак зроблена ў іншых рукапісных сховішчах. Працуючы ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, Анатоль Верабей выявіў там з дапамогай супрацоўнікаў агульны сшытак з казкамі, двума апавяданнямі ("Дзядуля" і "Паляшук"), вершамі на беларускай і рускай мовах, якія юны Караткевіч даслаў песняру (відаць, яшчэ з Кіева), а таксама першую публікацыю — верш "Якубу Коласу", надрукаваны ў аршанскай раённай газеце ў 1951 годзе. А ў акадэмічнай бібліятэцы той жа даследчык знайшоў рукапіс прынцыпова важнага апавядання "Вялікі Шан Ян", пра якое гаварылася, што яно беззваротна загінула. Усё гэта, будзем спадзявацца, неўзабаве пабачыць свет.
Аднак і тое, што сёння апублікавана, здзіўляе нас як аб'ёмам (разам усяго набярэцца больш трохсот выдавецкіх аркушаў), так і жанрава-тэматычнай шматграннасцю. Бадай няма такога жанру, у якім Уладзімір Караткевіч не спрабаваў бы свае сілы! Раман і аповесць, апавяданне і навела, верш і балада, трагедыя і кінасцэнарый, лібрэта оперы і эсэ… А былі ж яшчэ нарысы і публіцыстыка. Своеасаблівай візітнай карткай нашай рэспублікі, падручнікам па гісторыі і краязнаўству стала кніга "Зямля пад белымі крыламі", перакладзеная ўжо на англійскую, нямецкую, літоўскую і іншыя мовы. Чытаючы яе, здзіўляешся эрудыцыі аўтара, яго уменню вобразна і эмацыянальна паказаць, здавалася б, звычайныя факты. Такое ж яркае ўражанне пакінулі эсэ Караткевіча пра Віцебск і Тураў, Кіеў і Прагу, яго атрыкулы пра Францішка Скарыну і Макскіма Багдановіча, Міхаіла Шолахава і Лесю Украінку, рэцэнзіі на зборнікі Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, В.Зуёнка, І. — В.Гётэ, Д.Байрана, публіцыстычныя выступленні ў абарону навакольнага асяроддзя ці помнікаў драўлянага дойлідства. Грунтоўны, даследчыцкі аналіз, навуковая аргументацыя спалучаюцца тут з вобразнасцю і займальнасцю выкладання.
Такім жа шматгранным з'яўляўся Уладзімір Караткевіч як асоба, як індывідуальнасць. Ён быў надзелены не толькі пісьменніцкім талентам. Здымкі некаторых фільмаў засведчылі, што ў яго было "кінематаграфічнае вока", што ён разбіраўся ў рэжысёрскім і аператарскім мастацтве не горш прафесіяналаў. Ён умеў маляваць, пра што сведчаць змешчаныя тут рэпрадукцыі з майго хатняга "Часопіса", і пры жаданні мог бы ілюстраваць свае кніжкі. Ён любіў спяваць — асабліва старадаўнія беларускія песні. Аднойчы, згадвае В.Шчадрына, калі ён у Кактэбелі зацягнуў "Ой, косю мой, косю…", прыціхла, зачараванае, усё курортна-пляжнае ўзбярэжжа… Урэшце, у яго быў акцёрскі талент — яго апавяданні пра розныя забаўныя здарэнні можна было слухаць бясконца. "З Уладзімірам Караткевічам кожная сустрэча была б занадта кароткая", — пісаў неяк у часопісе "Керункі" польскі журналіст Яцак Москва.
Читать дальше