Ды і аўтар гэтай прозы і гэтай паэзіі быў само дзеянне. Як ужо гаварылася, ён цаніў не столькі слова, колькі справу, куды адносіў таксама творчасць, пісанне. Колькі разоў нам, яго сябрам, даводзілася чуць прыкладна такое: вось вы прыгожанька гаворыце, але гэтага мала. Са слоў кашы не зварыш. Вы лепш зрабіце (напішыце, дапамажыце, абараніце). Бо толькі гэта залічыцца нам за грахі смяротныя і паўсядзённыя…
Калі не лічыць перыядаў дэпрэсій, Уладзімір Караткевіч быў увесь у руху. Ён не мог доўга праседзець на адным месцы, за адным сталом, у адным пакоі. Праз паўгадзіны гаворкі, нават самай цікавай, яму станавілася сумна. Яго бесперапынна цягнула да змены субяседнікаў і абставін. У самы нечаканы момант ён мог усклікнуць: "Пайшлі!" або "Паехалі!". І ішоў (пакуль дазвалялі ногі) з аднаго канца горада на другі, ехаў да сваякоў або сяброў.
Часам мне здаецца, што Уладзімір Караткевіч глядзеў на зменлівы свет, на хуткаплыннае жыццё як на велічнае і непаўторнае відовішча. Глядзеў дапытліва і зацікаўлена. Адчуваў сябе ў гэтым відовішчы не толькі гледачом, але і акцёрам, але і рэжысёрам. Ён радасна, неяк па-дзіцячаму ўспрымаў усё тое лепшае, што ёсць у гэтым свеце, — прыгажосць чалавечых твараў і высакароднасць учынкаў, значнасць ідэй і магічную сілу слова, чароўнасць краявідаў і гарманічнасць народнай музыкі. Але многае ў жыцці не прымаў, намагаўся змяніць да лепшага. Найперш гэта была недастатковая павага, абыякавасць ці нават пагарда да свайго, роднага, беларускага. Караткевіч бачыў, да чаго вядзе адсутнасць патрыятызму, асабліва сярод моладзі, — вядзе да таго, што чалавек становіцца касмапалітам, перакаці-полем, у якога няма ні каранёў, ні памяці, ні гісторыі. Бачыў — і абураўся, пратэставаў, дзейнічаў, выклікаючы неўразуменне, наклікаючы гнеў тых, для каго таптанне на месцы было арганічным станам. У гады застою ён дзейнічаў.
Уладзімір Караткевіч усведамляў, што дзеянні, асабісты прыклад аднаго чалавека абмежаваныя. Таму ён раз-пораз звяртаўся да вопыту гісторыі, гэтай мудрай і аб'ектыўнай настаўніцы жыцця. Ён апеліраваў да вопыту папярэдніх пакаленняў. Ён браў дзеля прыкладу жыццё тых продкаў, якія аддана служылі народу, айчыне.
Аднак у Караткевіча было разуменне, што слова таксама абмежаванае. Не кожнаму чытачу дадзена ажывіць у сваім уяўленні вобразы кнігі. Іншая справа — дзеянне. Дзеянне сцэнічнае, кінематаграфічнае. Яно абуджае думкі і эмоцыі не толькі словам, але і рухам, гукам, колерам. Яно ўздзейнічае адразу, адначасова на сотні, тысячы, а то і мільёны.
Гэтым разуменнем тлумачыцца няспынная цяга Уладзіміра Караткевіча да тэатра, кінематографа, тэлебачання. Іх велізарныя магчымасці вабілі яго заўсёды, нават пасля няўдач. Яго часта не разумелі — не ставілі, не здымалі. Або разумелі і бачылі не так, як разумеў і бачыў ён. І тады ён умольваў "не псаваць гісторыю". Тады ён нават кідаўся на калені (было такое на "Беларусьфільме"), спрабуючы нешта ўратаваць. А калі не ўдавалася — публічна даваў клятву, што ягонай нагі там ніколі не будзе. Але тут жа парушаў клятву: пісаў новую п'есу, новы сцэнарый, ішоў або ехаў у тэатр, на кінастудыю, на тэлестудыю. Каб убачыць, каб паказаць іншым у вобразах тое, што было народжана яго ўяўленнем. Жывое дзеянне здавалася яму надзеленым неадольнай, магічнай сілай. І свае, і чужыя п'есы ён глядзеў захоплена і засяроджана — як першаадкрыццё, як цуд.
Драматургія захапляла Уладзіміра Караткевіча ўжо на самым пачатку творчага шляху. У сярэдзіне 50-х гадоў, амаль адначасова з "Дзікім паляваннем караля Стаха", была створана ўсхваляваная і шчырая п'еса "Млын на Сініх Вірах". Сам аўтар, пішучы аўтабіяграфічныя нататкі "Дарога, якую прайшоў", згадваў яе так: "За два гады, што (пасля вёскі) працаваў у Оршы, я падрыхтаваў першы зборнік "Матчына душа" і атрымаў прэмію за п'есу "Млын на Сініх Вірах" (паставіла яе беларускае тэлебачанне)".
Наступны драматычны твор быў напісаны Уладзімірам Караткевічам, можна сказаць, па "сацыяльнаму заказу" — да тысячагоддзя Віцебска. У выніку нарадзіліся "Званы Віцебска" — "хроніка" паўстання 1623 года супроць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прымусу. У п'есе апавядаецца пра сутыкненне дзвюх варожых сіл: з аднаго боку — полацкі і віцебскі уніяцкі арцыбіскуп Іасафат Кунцэвіч, яго духоўнік езуіт Станіслаў Касінскі, яго памагаты тысячнік Палікар Абрагімовіч, з другога — гараджане, прадстаўленыя прывабнымі постацямі Сцяпана Пасіёры, Марцыяна Ропата, Багусі Данель. Гэта яны арганізавалі народную змову, забойства Кунцэвіча, за што былі жорстка пакараны канцлерам Львом Сапегам. Зрэшты, кара пала не толькі на людзей, але і на сам горад, яго будынкі, яго званы, што клікалі да паўстання.
Читать дальше