Сам Уладзімір Караткевіч назваў "Чорны замак Альшанскі" "псіхалагічным дэтэктывам". Памятаецца, калі аўтар яшчэ працаваў над раманам (а працаваў ён год з дзесяць), яму не раз задавалі пытанне, чаму менавіта дэтэктыў, а не, скажам, працяг "Каласоў…", не гістарычная проза, якая па праву лічылася і лічыцца галоўным творчым "амплуа" пісьменніка?! На гэта Караткевіч адказваў звычайна жартаўліва:
— Ведаеце, я паабяцаў напісаць дэтэктыў Валянціне Браніславаўне, маёй вернай спадарожніцы жыцця, у першы дзень нашага знаёмства. І я, як лыцар, павінен стрымаць сваё слова.
Была, аднак, яшчэ адна вельмі істотная прычына такога звароту да дэтэктыўнага жанру. Караткевіч балюча перажываў зніжэнне чытацкай цікавасці да беларускай кніжкі і лічыў, што ўзняць гэтую цікавасць можна і трэба як "нармалёвым" стаўленнем да вывучэння беларускай мовы, так і стварэннем кніг з займальным, дэтэктыўным сюжэтам.
— Мы ўсё пішам пра тое, як "Ганна завіхалася ля печы", — казаў ён. — А трэба — пра незвычайнае, яркае, таямнічае. Каб нельга было б адарвацца ўсю ноч.
І Уладзімір Караткевіч ажыццявіў сваё творчае крэда, дамогся жаданага. Я ведаў падлеткаў, якіх за раманам "Чорны замак Альшанскі" сапраўды заставала світанне. Чаму? Ды таму, што ў рамане расказана "самая неверагодная гісторыя, якая адбылася на зямлі беларускай за апошнюю чвэрць стагоддзя", раскрыта таямніца Альшанскага замка. Дакладней, не адна, а некалькі таямніц. Хто на пачатку ХVII стагоддзя забіў Ганну Альшанскую і яе каханага Валюжыніча? Куды тады падзеліся багатыя фамільныя скарбы? Што адбылося ў замку ў час апошняй вайны? Нарэшце, хто і чаму забіў Мар'яна Пташынскага, Людвіка Лапатуху, Герарда Пахольчыка і іншых сумленных людзей?
Я не буду тут пераказваць усе нечаканыя перапетыі рамана, непазбежна збядняючы іх, бо найлепш яго прачытаць ці перачытаць кожнаму самому. Падкрэслю толькі, што "Чорны замак Альшанскі" напісаны па ўсіх канонах класічнага дэтэктыва. Сюжэт рамана вельмі заблытаны. Разгадка ўсіх злачынстваў нечаканая. Як і ў "Дзікім паляванні караля Стаха", чытач да канца застаецца ў няведанні, навошта некаму спатрэбілася прыбіраць з дарогі, тапіць у возеры аматара і збіральніка даўніны Мар'яна Пташынскага (прозвішча забойцы свядома тут не называю, — дзеля тых, хто яшчэ не чытаў раман, бо, як казаў Караткевіч, за заўчасную "падказку" трэба "даваць па пысе"). Антон Косміч, галоўны герой рамана, сваё расследаванне вядзе, праяўляючы незвычайныя гістарычныя веды, глыбокі інтэлект, інтуіцыю Шэрлака Холмса. Такім чынам, тое жанравае вызначэнне, якое даў "Чорнаму замку Альшанскаму" сам аўтар, цалкам апраўдана. Гэта — сапраўды "псіхалагічны дэтэктыў" (можна было б яшчэ дадаць вызначэнні: навуковы, інтэлектуальны, філасофскі). У жанравых адносінах — новае слова ў беларускай літаратуры.
Аднак, як і "Дзікае паляванне караля Стаха", "Чорны замак Альшанскі" — не толькі дэтэктыў. Гэта яшчэ і раман гістарычны, сацыяльна-філасофскі. Як пераканаўча паказалі крытыкі (У. Захараў, В. Каваленка, Г. Пойманава, М. Тычына, В. Шынкарэнка і інш.), Караткевіч выступіў тут сапраўдным наватарам як у дачыненні да формы, так і зместу, дасягнуў тут асаблівай раскаванасці, "свабоды самавыяўлення". Чытача рамана хвалюе не столькі расследаванне даўніх і новых злачынстваў, колькі ход аўтарскай думкі, асабліва страсныя публіцыстычныя адступленні пра нашы адносіны да помнікаў архітэктуры, да прыроды. Раман успрымаецца як актыўны пратэст супраць усялякіх войнаў, усялякіх майданэкаў і хатыняў, супраць прымусу, здрады, здзекаў з чалавека — зла ўвогуле. Яно ўвасоблена ў князях Альшанскіх, іх апошнім нашчадку Вітаўце Шапо-Калавур-Лыганоўскім. Але зло не вечнае, калі на свеце існуюць, актыўна супрацьстаяць яму такія светлыя людзі, як Антон Косміч і яго каханая Стася Рэчыц, як апантаныя краязнаўцы Шаблыка і Змагіцель, як "Абель у адстаўцы" Адам Хілінскі. Яны моцныя праўдай. За імі будучыня.
У "Чорным замку Альшанскім" ёсць прадчуванне тых грамадскіх змен, што адбыліся ў нашай краіне за апошнія гады, пасля смерці пісьменніка. Яно — і ў імкненні Косміча заўсёды быць чалавекам, з годнасцю "распараджацца сабою". Яно — і ў разуменні непарыўнай повязі часоў. Памкненні герояў добрыя і чыстыя: "Людзям вельмі патрэбна чыстае паветра. Трэба, каб лёгка дыхаць. Вельмі трэба чыстае паветра. Вельмі чыстае паветра".
Аднак вернемся ў "год Караткевіча". Пачаўся ён для Валодзі "нефартунна" — новымі прыступамі. Спачатку хворы ляжаў дома, потым ў лечкамісіі, у Аксакаўшчыне, казаў, што яму пагоршала, калі схадзіў у Саюз, каб дабіцца маральнай і матэрыяльнай падтрымкі для Вацлава Жыдліцкага, і сустрэў там поўнае неразуменне. Скардзіўся, што мы ўсе рэдка яго наведваем ("хаця б перакінуцца ў дурня"). А калі я аднойчы зайшоў да яго, каб расказаць, як яго ведаюць і любяць студэнты універсітэта (на кніжным "аўкцыёне", які я там вёў, на пытанне, хто з герояў беларускай літаратуры найбольш падабаецца, многія адказалі: Алесь Загорскі), двойчы паўтарыў, што едзем мы ўжо не на вяселле, а з вяселля, што пара зарубіць на носе лацінскае "memento mori" ("памятай аб смерці"). На гэта я адказваў, што шлях з вяселля таксама можа быць доўгі, а на ім, напэўна ж, сустрэнуцца прыемныя і гасцінныя корчмы. Валодзя тут крыху ажывіўся:
Читать дальше