— Калі ў вас нарадзілася задума "Дзікага палявання караля Стаха"?
— Дзесьці ў дзевятнаццаць год, на вышках гумна. Не памятаю дакладна. Адкуль бярэцца сюжэт — ніхто не адкажа. Напрыклад — пачуў чалавек асірыйскую легенду аб тым, што розум чалавека — у вушах: чым яны даўжэйшыя, тым больш розуму. Абсеклі вушы — і тут сапраўды паразумнеў чалавек, ды позна…
— Што вам блізкае ў Багдановіча?
— Усё! Безагаворачна прымаю яго — нават у слабасцях. Ніхто так не ўрос у Радзіму, як ён. Часам нават здзіўляешся: адкуль толькі магло такое брацца?!
— Адкуль узялася ідэя "Хрыста"?
— З "Хронікі" Стрыйкоўскага. Стопрацэнтна гістарычных твораў у мяне няма, — тут Чамярыцкі кінуў рэпліку з залы: "У нікога няма". — Правільна. У Вальтэра Скота, да прыкладу, — дзесяткі анахранізмаў. Ёсць яны і ў мяне. Ніхто не заўважыў, што ў "Ладдзі Роспачы" Сапега ўжо год як памёр да падзеяў. Цень Івана Грознага, на якой вісіць дзевяць закатаваных жонак, таксама не магла з'явіцца ў часы Боны, таму што ён тады толькі што нарадзіўся. Мяне цікавіла іншае: два тыпы дэспатызму — італьянскі (вытанчаны, з атрутай) і рускі. Які лепшы? І хто сутыкнуў іх ілбамі? Гервасій Выліваха, звычайны чалавек. Чалавек — не вінцік. Ён — цвік у рыштаванні, якое ўзводзіцца вакол будынка гістарычнага прагрэсу. Стопрацэнтная праўда нікому непатрэбная. Мяне цікавіць не гісторыя-сапраўднасць, а гісторыя-анекдот, гісторыя-прытча. Кожны бярэ з яе тое, што яму трэба.
— Якая задача літаратуры?
— Быць сумленнем сваёй эпохі. Не хлусіць! Калі чалавек заблуджаўся шчыра, гісторыя прабачыць, калі хлусіў — не! Акрамя ж літаратуры, ніхто не скажа чалавеку, як жыць. Літаратура адлюстроўвае не столькі жыццё, колькі адносіны паміж людзьмі.
— Што рабіць пісьменніку, калі такая складаная сітуацыя з мовай, як у нас цяпер у рэспубліцы.
— Працаваць! Каб не сорамна было б у канцы, перад смерцю.
— Які жанр для вас самы цяжкі? Як вы пішаце?
— Усе — і лёгкія, і цяжкія. Калі ёсць канцэпцыя, пішацца лёгка. Цяжка складаецца план. Калі ж ён ужо ёсць (аж да рэмарак), пішу амаль без памарак.
— Што з напісанага вам найбольш падабаецца?
— "Ладдзя…", "Каласы…".
— Што самае галоўнае ў чалавеку?
— Суперажыванне, супакутванне з няўдачнікам. З Каліноўскім, напрыклад.
— Хто ваш любімы настаўнік?
— Як пчала бярэ пыльцу з розных кветак (але не з усіх), так і пісьменнік. Праўда, ёсць кветкі, да якіх ляцець мне не хочацца: Гамсун, Кафка, з трыццаць нашых. Ад сапраўднай прачытанай кніжкі з'яўляецца сверб — хочацца пісаць. Люблю Віцьку Астаф'ева.
— Якая мэта вашых гістарычных раманаў?
— Прышчэпка супраць памылак. Да прыкладу, задоўга да фашызму ў Кітаі было нешта падобнае, — тут Караткевіч пераказаў легенды і гістарычныя рэаліі пра Шань Яна, выкарыстаныя ім у аповесці "Вялікі Шань Ян". — Гісторыя — яна павучае!
— Ці не вы напісалі паэму пра Лысую гару?
— Я напісаў бы яе больш злосна. Ды і дачы ў мяне на Лысай гары і наогул нідзе няма.
— Ці пішаце вы надалей вершы?
— Забыў узяць з сабой. Набралася ўжо на зборнік. Трэба падгатовіць яго да друку. Але да ўсяго рукі не даходзяць.
У канцы вечара Караткевіча акружылі аматары аўтографаў. Ставіў ён іх сур'ёзна. У кожнага выпытваў факты біяграфіі. Кожнаму знаходзіў нейкае адметнае слова.
Праз тыдзень жыццёвыя дарогі звялі мяне з Караткевічам у Кіеве. Якраз там праводзілася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная сучасным славянскім культурам. У беларускую дэлегацыю сярод іншых навукоўцаў уваходзіла і Валянціна Браніславаўна (яна расказвала пра падрыхтоўку Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі). З намі падахвоціўся ляцець і Валодзя. Мы разам пасяліліся ў гасцініцы "Славуціч" з вокнамі на Днепр, разам хадзілі на ўрачысты канцэрт, прысвечаны 325-годдзю з'яднання Украіны з Расіяй, і заключны банкет. Разам двойчы вячэралі ў "Куранях", дзе падавалі дужа смачны боршч і варэнікі.
У Кіеве я не раз бываў і раней. Але толькі Караткевіч адкрыў мне сапраўдную прыгажосць гэтага старажытнага горада. У першы ж дзень ён павёў нас "па такому Кіеву, якога не бачыў ніхто". Найперш мы пайшлі на Уладзімірскую Горку, да помніка хрысціцелю Русі, чыё імя атрымаў і Караткевіч. Стоячы ля падножжа, Валодзя сказаў:
— Усе мы пайшлі адсюль. Усе тры нашы літаратуры. Прыйдзе час — і мы па-іншаму глянем на хрышчэнне.
Потым паўз Сафію ("сястру нашай, полацкай"), паўз помнік Багдану Хмяльніцкаму ("рабіў беларус, з Падняпроўя"), павёў нас у нейкія старыя двары, дзе прайшло яго юнацтва. Але ў дварах тых ішла рэстаўрацыя, многае змянілася, і гэта нервавала Валодзю. Затым мы хвіліну памаўчалі перад помнікам Тарасу Шаўчэнку, агледзелі універсітэцкія муры, пафарбаваныя па традыцыі ў крывава-чырвоны колер. Тут Караткевіч стаў згадваць свае студэнцкія гады. Паказаў той трамвайны спуск, дзе ён цудам застаўся ў жывых. Ехаў перад стыпендыяй без білета, і на прыпынку кандуктар высадзіла яго. Ідзе пакрыўджаны — і раптам чуе грукат, скрыгатанне металу. Аказваецца, на павароце трамвай сышоў з рэек і з усяго размаху ўрэзаўся ў браму… Успамінаючы пра тую катастрофу, з якой мала хто выйшаў жывым, Валодзя запар выкурыў дзве папяросы і кожны раз, па студэнцкай звычцы, падпальваў запалкай белыя пасмы тапалінага пуху на асфальце.
Читать дальше