У дні, калі прадбачыліся цікавыя даклады, Караткевіч хадзіў з намі на пасяджэнні, сустракаў там старых знаёмых. Напрыклад, славака Мольнара, у якога ў Браціславе выйграў заклад, звязаны з творчасцю Шаўчэнкі. Абураўся, калі прадстаўнікі Захаду рабілі намёкі на гістарычную непаўнацэннасць усходніх славян. Хваліў выступленне нашага Уладзіміра Сакалоўскага, які гаварыў пра беларуска-нямецкія літаратурныя кантакты.
І ўсюды Караткевіча акружалі універсітэцкія сябры. Да аднаго з іх, перакладчыка Карла Скрыпчанкі, мы паехалі дамоў, і там я адчуў, як не толькі аднакурснікі, але і былыя студэнты ранейшых і пазнейшых курсаў памятаюць і любяць Валодзю. Увесь вечар прайшоў ва ўспамінах, з якіх я, на жаль, нічога не занатаваў.
Назаўтра жонка Скрыпчанкі, Ганна Зотаўна, запрасіла нас у музей Т. Р. Шаўчэнкі, дзе сама працавала. Беларускім гасцям там падаравалі па "Кабзару". Караткевіч расказаў супрацоўнікам музея многа новага пра сувязі Шаўчэнкі з Беларуссю, раіў замяніць некаторыя экспанаты, удакладніць подпісы. Творчасць Кабзара ведаў ён дасканала. Да прыкладу, звярнуў украінцам увагу, што, малюючы сваю "ідэальную" хату, Шаўчэнка зрабіў яе падобнай на бацькоўскую — адно акно большае, а другое меншае. Адным словам, паказваў і шырокую эрудыцыю, і творчую інтуіцыю.
Вечарамі я ў Кіеве са спазненнем дачытваў своеасаблівыя ўспаміны Валянціна Катаева "Алмазный мой венец". Не ўсіх я там адразу расшыфроўваў (напрыклад, Мулата). Але Ясеніна ў Каралевічу нельга было не пазнаць. І вось яго многія рысы здаліся вельмі падобныя да Караткевічавых. Тая ж вечная незадаволенасць сабой і іншымі, няўменне і нежаданне чакаць. Тая ж духоўная "неприкаянность", недастасаванасць да жыцця. Тое ж арганічнае непрыняцце ўсялякага фальшу, хлусні ў жыцці і літаратуры. Некаторым гэта здавалася (і здаецца) позай, бравадай ці яшчэ чым. Але для іх ("Каралевіча" і Караткевіча) гэта было натуральным і адзіна мажлівым станам быцця. Калі я ўсё гэта выказаў Валодзю ў Кіеўскіх пячорах, ён крыху сумеўся, а потым прызнаў:
— А ведаеш, стары, мы сапраўды, відаць, аднатыпныя асобы. Як і мой поўны цёзка Валодзька Высоцкі.
Пасля Кіева Валодзя паехаў падлячыцца ў Друскінінкай. Адтуль схадзіў у Ротніцу, на магілу Яна Чачота, пра што расказваў мне на дзвюх паштоўках (на адной — помнік Чурлёнісу, на другой — Тракай), датаваных 17 ліпеня (дату смерці Чачота на помніку адчытаў ён недакладна):
"Даражэнькі Адомас!
Атрымаў тваю добрую паштоўку.
Дзякуй. Пішу пару слоў, хаця праз нейкія пару дзён (пяць, калі быць дакладным) убачымся. Праз гэтыя працэдуры і штодзённае трайное швэнданне на вадапой мала што бачыў, мала дзе пабываў, амаль нікуды, акрамя Гродні, дзе прызямліўся на пару гадзін, не быў. І, што горш за ўсё, нічога не зрабіў. Хаця б адзін радок напісаць!
Стан мой, як быццам, лепей, але, можа, гэта не дзякуючы водам і гразям, а проста таму, што, як раней, не п'ю нават піва. А ёсць някепскія півярні, кавярні, вінярні і каньякарні. Часам, асабліва пад вечар, у дождж, мяне нават цягне туды, калі праходжу, але тады я цягну свае ногі некуды далей. Ды яно і праўда. Час і гонар знаць. А ўсяго на свеце ўсё адно не вып'еш, як не пералюбіш усіх жанчын. Хаця адзін бог ведае, як я імкнуўся калісьці і да таго, і да другога.
Пазнаёміўся я тут з адным вельмі цікавым дзядзькам, якога і ты, мабыць, ведаеш. Але аб гэтым пры сустрэчы неяк.
Быў я на магіле Чачота. Парадак поўны. Чысціня — ані былачкі. Кветкі растуць. Ну і я падсадзіў яшчэ ад майго, твайго і Быкава імя (ён прасіў мяне). І ў слоік вялікі паставіў ружы, рамонкі і "божыя слёзы". А іншых тут не прадавалі.
Пры сустрэчы я табе дам аркушыкі, на якіх я запісаў проста на месцы, што там і як на магіле і што трэба зрабіць.
Здзіўляюся толькі, чаму на магіле дата смерці 1846 г., а ва ўсіх бедэкерах — 1847. Хто мае рацыю? І не ведаю, ці гэта я сам зрабіў памылкі, спісваючы эпітафію, ці яны і там так. Тым больш, надпіс не дужа выразны. І сям-там яго не так абвялі "залатой" фарбай. Так што і сфатаграфаваць нельга. А так-та я зняў і касцёл, і могілкі, і гроб.
Ну вось, цалую вас усіх.
Уладзімір.
У верасні таго ж 1979 года Караткевічы зноў выбраліся ў Чэхаславакію. Калі мы з Адамчыкам прыйшлі іх праводзіць (быў яшчэ Валодзеў вучань з Украіны, сімпатычны геолаг з пышнай сівой чупрынай), гаспадары здзіўляліся, як гэта магло так здарыцца, што два высланыя заказнымі лістамі запрашэнні Адлавых да Мінска не дайшлі. Давялося дадаткова прасіць Гелену Крыжанаву-Брындзаву.
Читать дальше